• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “У беларускай журналістыцы шмат баязліўцаў”

    Сланімчанка Фаіна Наканечная — журналіст-фрылансер. Піша на трох мовах — англійскай, рускай, беларускай — артыкулы, апавяданні і казкі для дзяцей. Яшчэ да паступлення на журфак Фаіна пачала друкавацца ў "Газеце Слонімскай", пасля ў гэтым выданні дзяўчына праходзіла студэнцкую практыку.

    Пра тое, што значыць быць вольным мастаком у журналістыцы і дзеля чаго наогул трэба пісаць, было тэмай размовы з маладой калегай.

    — Фаіна, чаму ты выбрала не офісную працу ў рэдакцыі, а стала фрылансерам?

    — Спачатку я і не думала, каб стаць фрылансерам. Так здаралася, што працавала дзеля свайго задавальнення. Потым праходзіла практыку ў газеце «Kyiv Post» у Кіеве. Вось там трэба было больш за месяц сядзець у рэдакцыі з 8 раніцы да 6–7 гадзін вечара. Для мяне быў добры і прадуктыўны дзень, калі я выходзіла рабіць апытанкі, рэпартажы. Астатні час — сядзі і тэлефануй для аналітыкі, інтэрв‘ю. Але калі сядзець на месцы і рабіць працу, то лепш у сваёй кватэры. Можна рабіць што заўгодна, рабіць колькі хочаш перапынкаў. Канечне, ёсць шмат мінусаў, але асноўны плюс у працы фрылансера ў тым, што ты не павінен сядзець кожны дзень у рэдакцыі.

    — У якіх выданнях ты друкавалася?

    — Шмат у якіх. Напрыклад, у «Газеце Слонімскай», газетах «Універсітэт» БДУ, «Kyiv Post», «Östra Små­land», «Новы час», «Заўтра тваёй краіны», у часопісах «Маладосць», «Абажур», на партале Gender.by, Mediakritika.by.

    — Шукаеш замовы ці прапануеш свае працы?

    — Пераважна я прапаную тэмы для галоўных рэдактараў СМІ. Калі ім падабаецца, то раблю матэрыял. Цяпер тое, што я хачу рабіць, гэта аналітыка і рэпартажы. Два гэтыя тыпы матэрыялаў вельмі розныя, але аб‘ядноўвае іх тое, што вынікі будуць у кожнага журналіста адметныя. Таму лепш за ўсё іх прапанаваць загадзя.

    — Колькі часу ў тыдзень ты адводзіш на працу?

    — Па-рознаму. Напрыклад, калі гэта вялікае інтэрв‘ю, то можна за дзень усё зрабіць. Патэлефанаваць, задаць пытанні, напісаць. Калі гэта аналітычны матэрыял, то можна нават тыдзень патраціць на тое, каб знайсці бэкграунд, экспертаў. А затым праверыць усе пункты гледжання і не забыцца наконт свайго. Кожны дзень можна марнаваць толькі гадзіну-дзве на тэлефонныя размовы, сустрэчы. А ў цэлым журналіст-фрылансер павінен працаваць 24 гадзіны на суткі. Чытаць навіны з розных крыніц. Напрыклад, я чытаю некалькі СМІ на такіх мовах, як англійская, руская, беларуская, украінская, польская. І раніца мая таксама пачынаецца з агляду навін, пошуку тэмы і г. д.

    — Якім чынам табе ўдаецца адыходзіць ад драбнатэм‘я?

    — Трэба выбраць тэму, на якую яшчэ ніхто не пісаў. Гэта вельмі складана, але такое бывае. Калі просяць напісаць пра нешта, што ўжо было «агаворана» шмат разоў, то таксама можна адысці ад дробных тэм. Я, напрыклад, чытала ранейшыя матэрыялы па гэтай тэме.

    Малюю mind map — схему, дзе кожны невялічкі пункт, які ёсць у гэтай тэме, распісваю на больш дробныя. Гэта і імёны і прозвішчы экспертаў, меркаванні і г. д. А калі і гэта не атрымліваецца, то прашу парады ў знаёмых журналістаў і экспертаў, якія пра гэту тэму ведаюць больш, чым я.

    — Што і як трэба рабіць, каб стаць прафесіяналам і рэалізаваць сябе ў абранай справе?

    — На мой погляд, трэба шукаць тэмы, у якіх ты будзеш лепш за ўсё разбірацца. А потым шліфаваць пісьмовыя навыкі. Але паняцце «прафесіянал» для мяне зараз яшчэ не зразумелае. Хто ён такі? Той, хто працуе на дзяржаўным тэлебачанні каля пяці гадоў і робіць прагноз надвор‘я? Здаецца, што не. Але ж у яго стаж працы — пяць гадоў! А ёсць маладыя журналісты-фатографы, якія атрымліваюць Пулітцэраўскую прэмію за адзіны фотаздымак у сваім жыцці, які яны зрабілі праз два тыдні, як сталі працаваць у СМІ. І некаторыя таксама іх называць прафесіяналамі. Таму да звання прафесіянала я не мару падняцца. Я хачу толькі добра рабіць сваю працу і за гэта атрымліваць грошы. Таму для мяне прафесіянал — гэта той журналіст, які нешта змяняе ў светапоглядзе людзей. Праз свае матэрыялы ён дае ежу для розуму. Можа, хто-небудзь калісьці прачытаў мой матэрыял і зрабіў карысную для сябе выснову. Навучыўся незалежна думаць. Вось гэта было б самае карыснае, што можна зрабіць.

    — А такое паняцце як «маладая журналістыка» для цябе існуе?

    — Так, для мяне «маладая журналістыка» — гэта выкарыстанне мультымедыйных сродкаў у сімбіёзе з традыцыйнымі. Гэта выкарыстоўванне інфаграфікі, відэа. Гэта калі, напрыклад, робіш замест пісьмовага рэпартажу фотагісторыю з тэкстам у выглядзе коміксу. А яшчэ маладая журналістыка — гэта тыя журналісты, не абавязкова маладыя, якія рвуцца ў гарачую кропку, у цэнтр мітынгу. Гэта тыя, у каго ёсць свежыя і цікавыя прапановы для матэрыялаў.

     — Чаму тады цябе навучылі за пяць гадоў на журфаку? І чаму ты вучылася сама?

    — За пяць гадоў ва ўніверсітэце мяне навучылі таму, што патрэбна рабіць усё, каб вучоба не перашкаджала тваёй працы. А яшчэ вельмі дапамагло тое, што ў міжнароднікаў было шмат заняткаў англійскай мовы. На яе хадзілі ад сілы два-тры чалавекі. І я сярод іх. Таксама праз журфак я знайшла шмат патрэбных знаёмых. А сама вучылася ўжо ў СМІ — пачынаючы з таго, як правільна пісаць лід, і заканчваючы тым, якім чынам трымаць граматы і сертыфікаты ад амбасадараў.

     — Паводле тваіх назіранняў, сучасная журналістыка ў нечым перагінае палку?

    — Шмат маладых студэнтаў-журналістаў гавораць тое, што ў мяне выклікае злосць. Напрыклад, дзесьці летась першакурснікі не хадзілі на заняткі ў суботу, таму што ім цяжка ўставаць у выходныя. Шмат хто хоча грошай, але не асабліва нехта хоча для гэтага працаваць, паглыбляць свае веды, чытаць класічную літаратуру. Мне сорамна за тых выпускнікоў журфака, якія, працуючы ў дзяржаўных выданнях, не хочуць нешта змяніць у сваім светапоглядзе і пункце гледжання рэдакцыі на розныя справы ў жыцці краіны.

    Ёсць такая асаблівасць менавіта ў беларускай журналістыцы — гэта шмат баязліўцаў. Яны робяць усё, каб заставацца ў рэдакцыі. І для іх будзе шокам, калі рэдактар адправіць іх на рэпартаж ці прапануе ўзяць каментар у некалькіх экспертаў.

    Таксама ёсць тыя журналісты, што заўсёды будуць ставіць сябе вышэй за іншых людзей. Гэта здараецца, калі для журналіста важная не гісторыя, а тое, як за яе заплацяць. Не вынікі ці думкі, якія чытачы атрымаюць праз матэрыял, а лайкі і папулярнасць. Часцяком журналісты забываюцца на прафесіянальную этыку, на простае чалавечае спачуванне.

    — А якое самаабмежаванне ў журналістыцы для цябе існуе?

    — Мая цэнзура простая — калі нехта ці нешта пасля майго матэрыялу можа зрабіць дрэнна аднаму з герояў гісторый, то я папросту пра гэта не пішу. Ёсць і выключэнні, канечне. Аднойчы я для аднаго матэрыялу на тэму журналісцкай этыкі прывяла прыклад. Я запрасіла добра вядомага чалавека для інтэрв‘ю. У сярэдзіне інтэрв‘ю рэспандэнт выходзіць на кароткі час. Ён пакінуў свой даклад на стале. Я не ведаю, што ўнутры. Пытанне заключаецца ў наступным: вы хацелі б бачыць тое, што напісана ў дакладзе? Калі так, то будзе публікаваць інфармацыю, якая там ёсць? Ад чаго гэта залежыць? Цяпер я ўскладняю сітуацыю. Мы ведаем, што гэты чалавек з‘яўляецца дыктатарам. І ў адпаведнасці з гэтым сакрэтным матэрыялам ён хоча забіць сотні нявінных людзей. Які варыянт вы б выбралі: паказаць праўду ўсім людзям, таму што людзі маюць права ведаць праўду, ці трымаць яго ў сакрэце, таму што гэта не этычна?

     — Былі нейкія наступствы для цябе як журналіста пасля тваіх некаторых публікацый? У прыватнасці, пасля твайго дзённіка назіранняў за прэзідэнцкімі выбарамі, які друкаваўся ў тым ліку ў «ГС»?

    — Так, шмат чаго было. І прыемнага, і непрыемнага. Я вельмі эмацыянальны чалавек, таму цяжка ўсё ўспрымаю, пераношу на сябе. Былі і тэлефанаванні ад людзей, якія хацелі, каб я перастала пісаць глупствы. Было шмат непрыемных каментароў у сацсетках. Але ўсё гэта я не запамінаю. Успамінаць трэба добрае. Напрыклад, былі людзі, якія пісалі, што іх уяўленне пра пэўныя падзеі змянілася пасля маіх публікацый і яны пачалі разумець, што адбываецца ў свеце.

     — Давай падагульнім нашу размову. Журналістыка ў тваім разуменні — гэта…

    — Гэта вельмі цяжкая, але неверагодна цікавая праца. Я пабывала дзесьці ў 23 краінах, пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, якія мне дапамагалі ў цяжкія хвіліны майго жыцця. Журналістыка — гэта праца для тых, хто гатовы сядзець на семінары ў Мінску, а на наступны дзень ляцець на працу ў Кіеў. І ты не ведаеш, што і каго ты сустрэнеш заўтра. Гэта не для баязліўцаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці