• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “У Еўропе стаміліся ад непрыгожых амерыканцаў”: выказалася ў эфіры БТ выкладчыца БДУ Алеся Кузьмінава

    Загадчыца кафедры тэлебачання і радыёвяшчання журфака БДУ Алеся Кузьмінава пасля адпачынку ў Італіі і Аўстрыі пісала: «Гэта не значыць, што я не патрыётка». Яна расказала, як яе зацкавалі свае ж. А таксама абмеркавала тое, што «дзякуй богу, забаронена».

    У ранішнім ток-шоу на БТ выкладчыца падзялілася:

    «Спачатку патрыёты, пасля непатрыёты накінуліся. Я ніколі не была такой папулярнай, і ніколі мой адпачынак не хваляваў столькі людзей вакол. Я лічу, вельмі дзіўна было б быць патрыётам і не ведаць, як жывуць іншыя людзі».

    Крытыкаваць Еўропу ў эфіры Кузьмінава не стала. Адзначыла толькі, што «стала менш устаноў, гід не ведаў, дзе нас прымуць ці не». Па яе словах, там вельмі засумавалі па рускіх турыстах.

    «Турыстычныя супрацоўнікі, гіды нам вельмі парадаваліся. На нас абарочваліся іншыя гіды, таму што чулі рускую мову, яны вельмі засумавалі па нас. 

    Яны кажуць: «Божа, як мы стаміліся ад гэтых амерыканцаў, яны непрыгожыя, неінтэлектуальныя».

    А вось у аўтобусе сярод беларусаў, з сумам адзначыла Кузьмінава, былі пасажыры розных палітычных поглядаў.

    «Самае галоўнае — каб прафесіяналізм захоўвала турфірма і яе прадстаўнікі. Бо гэта ўсё ж наша турфірма, яна пазіцыянуе сябе як беларускі бізнэс, яны павінны быць патрыятычнымі», — разважала яна.

    У эфіры выкладчыца расказала, што часта падарожнічае.

    «Я і ў Албанію адна лятала, і на Мальдзівы».

    Загадчыцай кафедры тэлебачання і радыёвяшчання журфака БДУ Алеся Кузьмінава стала ў 28 год. Яна вядзе курсы ў студэнтаў, звязаныя з вытворчасцю шоу, забаўляльных праграм.

    На БТ яна пахвалілася, што запрашала на сустрэчу са студэнтамі прапагандыста Ігара Тура. З Азаронкам пакуль не дамаўлялася. «Спадзяёмся, ён прыйдзе і раскажа, як рабіць аўтарскую журналістыку», — адзначыла Кузьмінава.

    Цікава, што на ток-шоу вядучыя некалькі разоў спрабавалі паставіць выкладчыцу ў няёмкае становішча.

    «А няўжо вашых студэнтаў няма ў тых выданнях, якія мы не можам называць, таму што яны ў нас ужо, дзякуй богу, забаронены?» — з’едліва пацікавіліся ў яе.

    «Экс-студэнты толькі, — апраўдвалася выкладчыца. — Яны эмацыйна апрацавалі нашу моладзь. Яны ціснулі на фальшывую справядлівасць».

    Чытайце таксама:

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці