«Сігнал усім беларусам, якія давалі інтэрв’ю незалежным медыя». Юрыст Яўген Пыльчанка — пра прысуд адвакату Дзмітрыю Лаеўскаму
Адваката Дзмітрыя Лаеўскага, які некалі абараняў Віктара Бабарыку і Максіма Знака і заставаўся ў Беларусі, асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі. Вырак 9 верасня агучыў суддзя Мінскага гарадскога суда Міхаіл Макарэвіч. Пра справу і тое, які ў ёй утрымліваецца пасыл для ўсіх беларусаў, распавядае юрыст Прававога цэнтра БАЖ, былы адвакат і калега Лаеўскага Яўген Пыльчанка.

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі. Фота: з асабістага архіва
Прысуд за дзевяць інтэрв’ю
Крымінальная справа супраць Дзмітрыя Лаеўскага была распачатая год таму, у жніўні 2025 года. Былога адваката затрымалі, аднак пад варту не ўзялі, і на працягу ўсяго следства і суду ён знаходзіўся на волі.
Паводле слоў Яўгена Пыльчанкі, нагодай для крымінальнага пераследу стала інтэрв’ю Лаеўскага «Радыё Свабода», якое ён даў яшчэ ў чэрвені 2021 года пасля судовых спрэчак па справе Віктара Бабарыкі, абаронцам якога ў судзе ён выступаў. За тое інтэрв’ю Лаеўскага абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ), хоць на той момант «Радыё Свабода» не мела «экстрэмісцкага статусу», падкрэслівае Яўген Пыльчанка.
Разгляд справы Лаеўскага ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся 2 верасня 2026 года.
«Канчатковае абвінавачанне ўключала дзевяць эпізодаў — усе яны станавілі сабой інтэрв’ю розным незалежным беларускім медыям: «Радыё Свабода», «Еўрарадыё», «Зеркало», «Позірк» (якога тады не існавала, а былі naviny.by, але ў справе фігуруе менавіта «Позірк»), Deutsche Welle, Malanka Media, «Салідарнасць», — распавядае Пыльчанка. — Ва ўсіх гэтых інтэрв’ю, дадзеных пераважна ў 2021 годзе, Лаеўскі каментаваў крымінальныя справы ў дачыненні сваіх кліентаў Віктара Бабарыкі і Максіма Знака, пераслед адвакатаў, якія абаранялі палітвязняў, а таксама пазбаўленне яго самога адвакацкага статусу».
Пераслед за права на выказванне меркавання
Бок абвінавачання сцвярджаў, што ў гэтых інтэрв’ю Лаеўскі распаўсюдзіў «загадзя хлуслівыя звесткі пра палітычнае, сацыяльнае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, дзейнасць дзяржаўных органаў».

Яўген Пыльчанка, Вільня, 11 чэрвеня 2024 года. Фота: Літоўская калегія адвакатаў
«Такая фармулёўка — гэта фактычна абвінавачанне ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369–1 КК). Аднак Лаеўскаму амаль па ўсіх эпізодах паставілі ў віну больш цяжкае злачынства — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», хоць ніводнае з тых СМІ на момант інтэрв’ю не мелі «экстрэмісцкага» статусу і былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» праз некалькі месяцаў ці нават гадоў.
Толькі за інтэрв’ю «Салідарнасці» Лаеўскаму паставілі ў віну дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь — таму, што дадзенае СМІ не прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем», – распавядае юрыст прававога цэнтра БАЖ.
Пыльчанка падкрэслівае, што бок абвінавачання не назваў ніводнага выказвання Лаеўскага, у якім утрымліваліся б «хлуслівыя звесткі» пра нейкія факты і не растлумачыў, у чым заключаецца «хлуслівасць».
«Больш за тое, большасць выказванняў Лаеўскага і не ўтрымлівалі ніякіх фактаў — гэта былі выключна меркаванні і ацэначныя сказы, заснаваныя на працэсуальнай пазіцыі адваката па справах, якія ён вёў. Такія выказванні ў прынцыпе не могуць ацэньвацца на прадмет хлуслівасці ці праўдзівасці, а Канстытуцыя і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуюць свабодны распаўсюд меркаванняў у Беларусі. Такім чынам, Лаеўскага пераследуюць за правамернае здзяйсненне права на свабоднае выказванне меркавання», — тлумачыць юрыст.
Пашырэнне магчымасцяў рэпрэсій на вялікую групу людзей
Пыльчанка таксама падкрэслівае, што той факт, што значная частка інтэрв’ю, за якія асудзілі Лаеўскага, прысвечаная неправамернасці крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі, наўпрост кажа пра тое, што гэтая крымінальная справа і прысуд — працяг дзяржаўных рэпрэсій у дачыненні адваката за абарону апанентаў дзейнай улады.
«Там пазіцыя пракурора была такая, маўляў, вы мусілі разумець тады, да ўсялякіх прызнанняў, што гэтыя медыі займаюцца як бы «экстрэмісцкай» дзейнасцю, і калі вы з імі кантактуеце, то значыць вы ім садзейнічаеце, — кажа юрыст БАЖ. — Зразумела, ніводзін адэкватны чалавек ніякага «экстрэмізму» ў дзейнасці гэтых СМІ не ўбачыў бы. Максімум, што ён бы там знайшоў, крытыку ўладаў.
Ну вось атрымліваецца, што за крытыку ўладаў Дзмітрыя Лаеўскага і пераследуюць. Значна яшчэ тое, што ўсё гэта адбываецца праз дзевяць месяцаў пасля таго, як Віктара Бабарыку і Максіма Знака выпусцілі з калоній».
Ніякіх відавочных прычын для таго, каб цяпер пераследаваць Дзмітрыя Лаеўскага, не было. Ён даўно не займаўся адвакацкай дзейнасцю, нідзе не выказваўся публічна, — падкрэслівае Пыльчанка.
«Гэта, відаць, проста помста за ранейшую дзейнасць, за абарону Віктара Бабарыкі і Максіма Знака, і тое, што ён крытыкаваў абвінавачанні на іх адрас і падкрэсліваў несправядлівасць абвінавачанняў. І гэта сігнал усім астатнім адвакатам, што палітычныя справы ўвогуле браць нельга», — мяркуе былы адвакат.
Са слоў Пыльчанкі, важны пасыл гэтай справы ў тым, што такая сітуацыя можа адбыцца з кожным беларусам. Гэта сігнал кожнаму, хто даваў інтэрв’ю незалежным СМІ: улады паказалі, што калі ім будзе трэба, яны возьмуць любое старое інтэрв’ю і скажуць, што гэта «экстрэмісцкая дзейнасць». Гэты прысуд важны для сферы свабоды інфармацыі і выказванняў, таму што ён пашырае магчымасці рэпрэсій на вельмі вялікую групу людзей у Беларусі, якія хоць некалі кантактавалі з незалежнымі медыямі.
Дзмітрый Лаеўскі ў 2020–2021 гадах быў абаронцам палітыка Віктара Бабарыкі і адваката Максіма Знака. Яго выключылі з калегіі адвакатаў адразу пасля вынясення прысуду Бабарыку.
Лаеўскі цярпеў ад ціску ўладаў і раней. У 2011–2012 гадах ён абараняў Алеся Бяляцкага, пасля чаго быў вымушаны сысці з адвакатуры на некалькі гадоў.
@bajmedia