• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Закладнік уласнай сістэмы. Чаму прапаганда так нязграбна рэагавала на знікненне Лукашэнкі

    Калі незалежныя медыя і блогеры актыўна рэагавалі на хваравіты стан Лукашэнкі і яго знікненне, то з супрацьлеглага боку назіралася адваротная рэакцыя — пасіўнасць і ў лепшым выпадку нязграбныя спробы запэўніць, што «ён яшчэ на вашым пахаванні схопіць прастуду». Раптоўнае з’яўленне «правадыра» выклікала яшчэ больш пытанняў. Палітычныя аглядальнікі Валер Карбалевіч і Аляксандр Фрыдман пракаментавалі для БАЖ моцную хвалю ў інфапрасторы і ці можна па ёй зразумець, што цяпер адбываецца ва ўладзе.

    Замест паведамлення пра стан — здзеклівы камянтар пра «навічок»

    Персаналісцкая дыктатура прадугледжвае, што лідар заўсёды дэманструе моц і ўяўляе ўпэўненасць адным сваім з’яўленнем і фізічнай формай.

    Збой здараецца, калі высвятляецца, што нават самы жорсткі дыктатар — звычайны чалавек, які можа захварэць.

    Тады сіпаты голас, бінт на руцэ, грузная паходка выклікаюць ажыўленне сярод апанентаў, цікавасць з боку бульварнай заходняй прэсы, а пасля — і буйных медыя.

    Лукашэнка на святкаванні 9 траўня ў Маскве (2023 год). Фота: ТАСС

    Як звычайна, ажыятаж толькі падаграваецца невыразнай рэакцыяй прэс-службы, прапагандысцкага апарату і дзяржаўных СМІ. Чым больш зацягваецца паўза — тым большы прэсінг на сістэму.

    І наадварот, незалежныя беларускія медыя і блогеры, атрымаўшы яўны козыр, занялі актыўную пазіцыю. Выданне «Зеркало», напрыклад, спрабавала дазнацца пра стан Лукашэнкі ў яго прэс-службе і адміністрацыі, Савеце бяспекі, лечкамісіі.

    Блогер Антон Матолька і «Еўрарадыё» паведамлялі пра візіт лукашэнкаўскага картэжу ў лечкамісію.

    Як звычайна, шмат аналітыкі на гэты конт было на «Радыё Свабода» і тэлеканале «Белсат». «Наша Ніва» размясціла інсайд пра тое, якія чуткі ходзяць пра стан Лукашэнкі ва ўладных колах.

    У той жа час прапаганда і дзяржаўныя СМІ нібыта вады ў рот набралі. Перыядычна яны спасылаліся на тое, што ідзе праца з дакументамі і «ён яшчэ на вашым пахаванні схопіць прастуду».

    Неафіцыйны Telegram-канал прэс-службы Лукашэнкі, калі трымаць маўчанне было ўжо нават сорамна, замест паведамлення пра стан начальніка размясціў відэа з трусам і здзеклівым каментаром пра «навічок».

    «Нават прыхільнікі задаваліся пытаннем, чаму яго няма»

    Па меркаванні Валерыя Карбалевіча, паводзіны афіцыйных крыніц сведчылі, што пытанне здароўя лідара — важнае для дзейнага рэжыму, а любы сумнеў у дзеяздольнасці — прыкмета слабасці.

    — Чамусьці яны палічылі, што «правадыр і бацька нацыі» не можа хварэць па вызначэнні. Замест тлумачальных паведамленняў дзяржмедыя ўсяляк адмаўлялі хваробу, дэманстравалі, што ён здаровы і бадзёры, — заўважае палітычны аглядальнік.

    Невыразную афіцыйную пазіцыю адзначае і Аляксандр Фрыдман, які ў гэтыя дні асабліва педантычна адсочваў дзяржаўныя інфармацыйныя каналы.

    — Быў цікавы званок Андрэя Павука прапагандысту Андрэю Мукавозчыку, — звяртае ўвагу суразмоўца БАЖ. — Той адказаў нібыта Лукашэнка ў добрым стане, а пасля перайшоў на звычайнае хамства на адрас блогера. Пасля было незразумелае фота з трусам у Telegram-канале «Пул першага». Гэта выглядала зусім камічна. Відавочна, што на тэму накладзенае табу, як было заўсёды ў лукашэнкаўскія часы ў Беларусі.

    Скрыншот з YouTube-канала «Рудабельская паказуха»

    Хутчэй за ўсё, лічыць палітычны аглядальнік, начальнік не дазваляў падначаленым паведамляць пра свой фізічны стан, і з дня ў дзень гэта прымала гратэскныя формы.

    Так, на пачатку тыдня прапаганда стала распаўсюджваць чуткі пра смерць амерыканскага фінансіста і філантропа Джорджа Сораса, якія, між іншым, не пацвердзіліся. Хаця ад дзяржаўных СМІ вельмі чакалі інфармацыю пра стан іншага чалавека…

    — Яны не ведалі, як абыходзіцца з тэмай, час зацягваўся. Было ўсё цяжэй і цяжэй рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Нават прыхільнікі Лукашэнкі задаваліся пытаннем, чаму яго няма, — падкрэслівае Аляксандр Фрыдман.

    Аднак сумнеў павінен быў узнікнуць яшчэ падчас святкавання 9 траўня, калі на плошчы Перамогі ў Мінску замест Лукашэнкі выступаў міністр абароны Віктар Хрэнін.

    — Што павінны былі думаць абывацелі, якія глядзелі трансляцыю па тэлебачанні? — задаецца пытаннем Валер Карбалевіч. — Няўжо змяніўся галоўны начальнік? Каб такіх думак не ўзнікала, было абвешчана, што Хрэнін выступае па даручэнні Лукашэнкі. Тое ж самае падкрэслівалася 14 траўня, калі прамову зачытваў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. То бок быў зроблены акцэнт на тым, што гэта пасярэднікі, інструменты, функцыі ў руках правадыра, які па-ранейшаму моцна трымае ўладу.

    9 траўня на плошчы Перамогі ў Мінску. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

    «Сярод атачэння пануе пачварны страх»

    Цікава, што падчас зацягнутай паўзы прапаганда не выкарыстоўвала так званыя «кансервы» і нават паведамленні аб сустрэчах. Хаця гэта магло хаця б троху зняць напружанне.

    — Здаецца, афіцыйныя крыніцы разумелі, што ўсё пайшло не так, трэба перахапіць ініцыятыву, але паколькі ўся сістэма заточаная на аднаго чалавека, ад якога не паступала загаду, то прапагандысты выглядалі вельмі разгубленымі, — кажа Аляксандр Фрыдман.

    Аб гэтым сведчаць няўдалыя спробы змясціць акцэнт і запоўніць інфармацыйную прастору паведамленнямі пра мерч і экспазіцыю ў Палацы незалежнасці.

    — Чым мацнейшая дыктатура — тым большая таямніца, — нагадвае Валер Карбалевіч. — У свой час у Венесуэле Уга Чавес балатаваўся на прэзідэнцкія выбары смяротна хворым, а падчас галасавання, па некаторых звестках, увогуле знаходзіўся ў агоніі.

    «Для дыктатарскіх рэжымаў тайна здароўя першай асобы — хутчэй правіла, а не выключэнне. У такіх умовах любыя намёкі на фізічную слабасць лідара аўтаматычна пераносяцца на рэжым, і гэта балючая сітуацыя для аўтакрата»

    У дэмакратычных краінах звычайна здароўе чыноўнікаў, якія займаюць высокія пасады, лічыцца справай грамадства. Хаця, здараецца, важныя сведчанні таксама замоўчваюць.

    — Можна прыгадаць, як хавалі інфармацыю пра стан Франсуа Мітэрана (прэзідэнт Францыі з 1981 па 1995 гады), — прыводзіць прыклад з нядаўняй гісторыі Аляксандр Фрыдман. — Аднак адрозненне Беларусі ў тым, што ўся сістэма заточаная на аднаго чалавека. Калі ён знікне, то яна можа абрынуцца. Сярод атачэння пануе пачварны страх. Калі выступаў Раман Галоўчанка, то ён агаворыўся: дазвольце мне зрабіць… То бок дух Лукашэнкі прысутнічае нават тады, калі яго самога побач няма.

    Раман Галоўчанка падчас выступу ў Мінску 14 траўня 2023 года. Фота: БЕЛТА

    «Гэтая хвароба была патрэбная, каб атачэнне задумалася над новымі для яе абставінамі»

    Ці можна па паводзінах прапаганды зразумець, што насамрэч адбываецца з Лукашэнкам і наколькі ягоны стан крытычны? Калі казаць сур’ёзна, то толькі ўскосна.

    — Я б сыходзіў ад супрацьлеглага, — працягвае Аляксандр Фрыдман. — Калі б у атачэнні разумелі, што Лукашэнка не здолее вярнуцца на сваю пасаду, то дзейнічалі б больш актыўна. Пакуль выглядае так: яны ведаюць пра стан, але не думаюць, што эпоха скончылася.

    Многія медыя звярнулі ўвагу на пост у Face­book праўладнага палітолага Аляксандра Шпакоўскага. Той прызнаў, што «ў бліжэйшыя гады эпоха Лукашэнкі завершыцца», а «ўкраінскі канфлікт у перспектыве будзе перанесены на тэрыторыю Беларусі».

    — Гэта сведчанне, што гісторыя з хваробай не прайшла бясследна для кіруючай эліты, — мяркуе Валер Карбалевіч. — Яна атрымала выразны сігнал, што дзейны рэжым мае фізічныя межы існавання. А Шпакоўскі дакладна сфармуляваў: завяршаецца эпоха Лукашэнкі. Гэтая хвароба была патрэбная, каб атачэнне задумалася над новымі для яе абставінамі. На мой погляд, лукашызм без Лукашэнкі немагчымы. Выснова праўладнага палітолага вельмі паказальная.

    У той жа час Аляксандр Фрыдман разважае, што перабольшваць значэнне слоў Шпакоўскага не варта, бо ён — маргінальная асоба нават на фоне астатніх беларускіх прапагандыстаў і не ўпаўнаважаны трансляваць пазіцыю ўладаў.

    Дыскурс ідзе з Расіі ці не?

    Таксама цікавым падалося, што каментаваць стан Лукашэнкі спрабавалі ў Расіі. У прыватнасці, дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін паведаміў, што ведае дыягназ. Яшчэ можна ўзгадаць здзеклівыя каментары Андрэя Калеснікава ў «Коммерсанте».

    — Ёсць адчуванне, што дыскурс фармулююць у Расіі, — пагаджаецца Аляксандр Фрыдман. — Калі паглядзець, як рэагуюць заходнія СМІ, то можна заўважыць, што такія сур’ёзныя медыя як Zeit, Sky News, Finan­cial Times арыентуюцца на паведамленні з Расіі. Гэта вельмі непрыемна, бо можна зрабіць выснову, што Беларусь на Захадзе успрымаецца як сфера ўплыву РФ.

    Скрыншот з сайта The Guardian

    Аднак Валер Карбалевіч прапануе не перабольшваць значэнне заяў з боку Расіі:

    — Прэс-сакратар Пуціна (Дзмітрый Пяскоў — Аўт.) фактычна адмовіўся каментаваць стан Лукашэнкі. Словы Затуліна? Дык то свабодны мастак… Пацвердзіў, што хварэе, і ўсё.

    «Імкнуліся зрабіць як мага лепш, а атрымалася як заўсёды»

    З’яўленне Лукашэнкі ў інфармацыйнай прасторы ў панядзелак, 15 траўня, не выглядала як перамога. Адпаліраваны фотаздымак з васковай фігурай хутка прыбралі, але ён шырока разышоўся па інтэрнэце. А на відэа заўважна, з якой цяжкасцю даецца кожнае слова.

    — З’яўленне адбылося пад ціскам, — кажа Аляксандр Фрыдман — На сістэму шмат што звалілася апошнім часам. Там імкнуліся зрабіць як мага лепш, а атрымалася як заўсёды. Што пабачылі? Лукашэнка не ў лепшым стане. Адразу ж узніклі аналогіі з познім Брэжневым. А калі ён і далей будзе з’яўляцца ў такім стане, то будуць параўнанні і з Чарненкам, і з Андропавым.

    Фота было апублікавана прэс-службай Лукашэнкі 15 траўня 2023 года, але пасля выдалена

    Як заўважае палітычны аглядальнік, цяпер грамадскасць, магчыма, будуць рыхтаваць да новага стану правадыра.

    — У пакоі знаходзіцца слон, а ўсе робяць выгляд, што яго не бачаць, — праводзіць аналогію Аляксандр Фрыдман. — Лукашэнку паказваюць у хваравітым стане і не тлумачаць, што адбываецца, ды і сам ён маўчыць. У выніку дыскусія пра Беларусь пасля Лукашэнкі афіцыйна пачалася і будзе працягвацца ў тым выпадку, калі яго стан істотна не палепшыцца.

    Наколькі істотнае склалася напружанне, можа сведчыць той факт, што спроба змясціць акцэнт на гісторыю са збіццём расійскай авіятэхнікі ў Бранскай вобласці не атрымалася. Замест гэтага ўсе абмяркоўвалі знешні выгляд спікера.

    — Такое ўражанне, што пабачыўшы, які ажыятаж быў выкліканы яго знікненнем, Лукашэнка быў вымушаны выйсці на публіку з перабінтаванай рукой і ў хваравітым стане, — падкрэслівае Валер Карбалевіч. — Ён не можа дазволіць сабе далячыцца і пахварэць, як звычайны чалавек.

    «Павадыр сам стварыў такую сістэму, у якой не толькі яе галоўны архітэктар, але і закладнік, ахвяра. Вымушаны праз сілу выходзіць і паказваць, што ён моцны і здаровы, нікому не аддасць уладу. Такога чалавека не назавеш асабліва шчаслівым…»

    Чытайце яшчэ:

    Прапаганда на кані. Як незалежным медыя ўтрымаць пазіцыі?

    «Трымаемся праўды, трымаемся разам!» З Вільні стартаваў марафон салідарнасці са зняволенымі калегамі

    «Я застаюся, каб тым, хто зараз за кратамі, і тым, хто быў вымушаны з’ехаць, было куды вяртацца»: погляд журналістаў знутры краіны

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці