Права на праўду: чаму расследаванні застаюцца галоўным інструментам беларускіх медыя
«Галоўнае дасягненне — тое, што расследавальніцкая журналістыка ўсё яшчэ ёсць». Вядомыя журналісты-расследавальнікі падводзілі вынікі працы на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты», што адбылася 18 верасня ў Вільні.

Панэль расследавальнікаў на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
Пашырэнне тэматыкі і адыход ад «санкцыйнай» руціны
Журналісты-расследавальнікі адзначаюць, што за апошні час спектр тэм істотна пашырыўся, а праца стала больш разнапланавай.
Сузаснавальнік расследавальніцкага беларускага «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч кажа, што калі раней яны былі сканцэнтраваныя на тым, што даследавалі абход санкцый, то ў 2026‑м у рэдакцыі з’явілася шмат іншых цікавых кірункаў.
«Тэматыка стала больш разнастайнай: робяцца матэрыялы пра мілітарызацыю адукацыі, наркотыкі і адмыванне грошай. Акрамя таго, з’явіўся шэраг гучных гісторый, апублікаваных на замежных рэсурсах, у тым ліку ў супрацоўніцтве з міжнароднай сеткай расследчыкаў OCCRP — гэтыя тэмы важныя не толькі для Беларусі, яны мусяць гучаць і за яе межамі», — сказаў Ярашэвіч.

Аляксандр Ярашэвіч на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
Адным з аб’ектаў увагі «Бюро» стаў намеснік міністра унутраных спраў Мікалай Карпянкоў:
«Мы рабілі розныя расследаванні пра ягоны жыццёвы шлях і пачатак кар’еры ў ГУБАЗіКу. Паказальным быў эпізод з т.зв. «макавай справай», калі падчас следства зняволеныя давалі сведчанні пра тое, што перадавалі значныя сумы грошай для Карпянкова, але пракуратура гэта ігнаравала.
Выкрылі мы і цяперашнюю дзейнасць Карпянкова: пры яго падтрымцы была створаная ваенна-патрыятычная арганізацыя для дзяцей.
Гэтая структура апынулася добрай «кармушкай» для ягоных калегаў і блізкіх, куды прымусова скіроўваюцца сродкі з дзяржаўных прадпрыемстваў».
Выкрыццё крамлёўскага ўплыву і «мяккай сілы»
Асобны блок расследаванняў «Бюро Медыя» быў прысвечаны фінансаванню прарасійскіх структур у Беларусі:
«Выйшла два расследаванні пра тое, як Крэмль прасоўвае свае геапалітычныя інтарэсы ў Беларусі з дапамогай прарасійскіх актывістаў і арганізацый. Раней усе казалі, што Расія дае грошы на сваю «мяккую сілу», але ніхто не называў дакладных сум. Мы знайшлі дакументы па дзвюх буйных структурах і паказалі, хто і на што атрымлівае грошы ў Беларусі».
Расследчыкі таксама зафіксавалі якасныя змены ў тым, як блізкае асяроддзе рэжыму Лукашэнкі вядзе бізнес:
«За апошнія гады яны разбудавалі вельмі шмат новых бізнэсаў і ўжо нават не саромеюцца. Упершыню мы зафіксавалі факт, што сын Лукашэнкі Віктар мае афіцыйную долю ў бізнесе. Раней такога ніколі не было. Цяпер жа яго кампанія ў Аршанскім районе ў асобай эканамічнай зоне будуе завод за дзяржаўны крэдыт».
Выжыванне расследавальніцкай журналістыкі
Андрэй Шаўлюга з «Радыё Свабода» падкрэсліў, што галоўнае дасягненне галіны — гэта сам факт яе захавання: ў складаных фінансавых умовах.
«Безумоўна, расследаванні патрабуюць шмат рэсурсаў і часу, — сказаў Андрэй Шаўлюга. — Тэматыка апошнага часу ў мяне — пераважна ваенная. У нас ёсць унікальныя інструменты і людзі, якія дазваляюць зазірнуць у Беларусь літаральна з космасу: выкарыстоўваючы спадарожнікавыя здымкі ды візуальныя матэрыялы, мы аналізуем, што там адбываецца і на колькі рэжым Лукашэнкі гатовы ўдзельнічаць у магчымай ваеннай агрэсіі супраць Украіны ці краін НАТО».

Андрэй Шаўлюга на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
«Мы памятаем, чым скончыліся вучэнні 2021 года ў Беларусі. Таму мне здаецца, што да Беларусі зараз вялікая цікавасць. І гэтыя ваенныя тэмы цікавыя замежнай аўдыторыі, тамтэйшыя журналісты гатовыя з намі працаваць. За гэты год да мяне звярнуліся з дзясятка краін наконт ваеннай аналітыкі па Беларусі, бо людзям проста невядомая сітуацыя — сістэмнага аналізу яе няма, — сказаў ён. — Мы падрыхтавалі карты ваеннай інфраструктуры Беларусі і спрабавалі прааналізаваць, як яна змяняецца з пачатку 2022 года, наколькі патэнцыйна яны гатовыя да заезду расійскіх вайскоўцаў ці новага наступу.
Мы шмат працавалі над дзвюма асноўнымі тэмамі: размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі і ракетнага комплексу «Арэшнік». Пра ядзерную зброю канчатковага адказу няма, але бачныя фактары разбудовы інфраструктуры».
Што да цяжкасцяў, то праблема перш за ўсё фінансавая, якая закранула ўсе рэдакцыі.
Паводле Аляксандра Ярашэвіча, кардынальна за год сітуацыя не змянілася, так, частка фінансавання адвалілася, але праца працягваецца.
«У нас маленькая рэдакцыя, скарачаць асабліва няма каго. Раней мы ўсе нашы расследаванні і навіны перакладалі на англійскую мову, а зараз робім гэта выбарачна — толькі тое, што цікава замежнай аўдыторыі, — сказаў ён. — Вялікі выклік — гэта шукаць грошы.
Наша аўдыторыя ў TikTok, Instagram і YouTube з Беларусі, але яны не могуць нам данаціць, бо гэта будзе расцэнена ўладамі як фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці. Застаецца магчымасць збіраць грошы сярод дыяспары альбо праз падатковыя пералікі ў Літве, Польшчы і ЗША. Напрыклад, «Наша Ніва» ў Літве сабрала 20 000 еўра — гэта добры патэнцыял».
Пасля расследаванняў улады сталі хаваць інфармацыю
«Пасля нашых матэрыялаў пра бізнес сям’і Аляксандра Лукашэнкі беларускія ўлады проста пересталі публікаваць фінансавую справаздачнасць дзяржаўных і прыватных кампаній з асяроддзя Лукашэнкі, зрабіўшы яе падатковай таямніцай. Але імпакт ёсць: нядаўна Лукашэнку прыйшлося апраўдвацца перад журналістамі пра бізнес сваёй сям’і», — сказаў Ярашэвіч.
Журналістка Ксенія Галубовіч зазначае, што беларускія расследаванні сталі «вельмі зразумелымі расследаваннямі»:
«Важна, калі расследаванні робяць больш блізкімі да звычайных людзей, а не толькі сухімі тэкстамі з кучай дакументацыі. Пра вайну беларусы зараз не могуць глабальна нічога зрабіць, але тое, што робяць нашы расследавальнікі — гэта вялікі ўклад у інфармацыйную барацьбу. Гэта важна і для ўкраінскіх, і для замежных калег. Нашы расследавальнікі працуюць разам з замежнымі калегамі, і гэта дапамагае быць у глабальным камандным працэсе».

Ксенія Галубовіч на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
Ці застаўся попыт на журналісцкія расследаванні?
Прадстаўніца «Радыё Свабода», журналістка Юлія Коцкая згодна з калегамі:
«Нялёгка знаходзіць інфармацыю, менш грошай становіцца. Складаней стала з персанальнымі дадзенымі: мы цяпер знаходзімся ў еўрапейскай юрысдыкцыі, што азначае, што ўжо не заўсёды можам размясціць той ці іншы фотаздымак, паказаць тыя ці іншыя адрасы таго ці іншага прадпрыемства».

Юлія Коцкая на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
Юлія Коцкая займаецца тым, што ўпакоўвае расследаванні, якія робіць Андрэй Шаўлюга з калегамі ў відэаформу і назірае за імпактам, каб інфармацыя больш даходзіла да простых людзей.
«З таго, што я бачу, беларускі расследавальніцкі сектар як інстытут умацоўваецца. Стварыліся два вельмі выдатныя расследавальніцкія цэнтры — «Бюро-медыя» і БРЦ. (…) У прынцыпе мы згубілі палявую журналістыку ў Беларусі, а тое, чым мы можам вылучацца і адрознівацца адзін ад аднаго — гэта менавіта расследаванні. (…)
Не шмат чым як краіна мы можам цікавіць свет, але менавіта гэтым мы прыцягваем увагу. (…) Наша задача — паказаць, як функцыянуе беларуская дзяржава і паказаць, што там не так, і якраз расследаванні ў гэтым дапамагаюць», — сказала яна.
«Як чалавек, які працуе ў дакументалістыцы, магу сказаць, што расследаванні — гэта вельмі важна глабальна для гісторыі. Проста важна помніць, хто ёсць хто, і дакументаваць гэта для гісторыі, якую мы апісваем, бо час праходзіць і нешта забываецца, а яно не павінна забывацца», — зазначыла Ксенія Галубовіч.

Аляксандр Ярашэвіч і Ксенія Галубовіч на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
Аляксандр Ярашэвіч кажа, што «мы дакументуем беларускую рэальнасць, тое, што ўлады спрабуюць схаваць — усю гэту інфармацыю пра нейкія там іхнія бізнесы, нейкія іхнія брудныя справы і гэтак далей».
«Яны б хацелі, каб ніхто ніколі пра гэта не даведаўся. Ну і ёсць спадзеў, што калісьці ж сітуацыя ў краіне зменіцца і ўсе гэтыя старыя матэрыялы спрацуюць. Што да таго, як рэагуе зараз улада, то Карпянкоў, напрыклад, нас паслаў са старту. Вось і ўся рэакцыя — яны сябе адчуваюць у гэтай краіне беспакаранымі. Гадоў сем таму я нават не мог бы ўявіць сабе такую сітуацыю, каб я патэлефанаваў намесніку міністра ўнутраных спраў, а ён мяне адправіў на тры літары», — сказаў журналіст.
Паводле Ярашэвіча, некаторыя кароткія відэа «Бюро» набіраюць мільёны праглядаў з каментарамі, «бачна, што людзей гэта хвалюе».
«Яшчэ для мяне такі вельмі важны паказчык, што нам пішуць людзі і хочуць дзяліцца інфармацыяй, нягледзячы на тое, што яны разумеюць, што мы — экстрэмісцкае выданне. Яны гатовыя дзяліцца нейкай інфармацыяй, бо яны бачаць несправядлівасць і давяраюць нам.
Ведаюць, што вот мы можам глыбей падкапаць гэтую тэму, — сказаў Аляксандр Ярашэвіч. — Хаця, канешне, больш рэакцыі за мяжой. У тым ліку і расследаванні, напрыклад, літоўскіх улад пасля нашых публікацый пра некаторых персон».
Андрэй Шаўлюга лічыць, што «кожнае расследаванне — гэта такая цаглінка для наступных расследаванняў і для наступных журналісцкіх матэрыялаў».
Ці магчымая калабарацыя з бізнесам, НДА, палітыкамі
Андрэй Шаўлюга лічыць, што найлепшая калабарацыя атрымоўваецца паміж журналістамі-расследавальнікамі, «мы заўсёды гатовыя да калабарацыі і з НДА і палітыкамі, але важна, каб такая калабарацыя не абмяжоўвала і не цэнзуравала журналіста».

Андрэй Шаўлюга і Юлія Коцкая на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
У рэдакцыйнай палітыцы «Бюро Медыя» прапісана, што «мы не бярэм грошы бізнесу ніякім чынам і яны не могуць уплываць на нашую палітыку».
«Але людзі з бізнес-асяроддзя могуць быць крыніцамі інфармацыі, у тым ліку пра сваіх канкурэнтаў, хоць мы ніколі не бярэм гэтыя дадзеныя за 100% праўду і ўсё пераправяраем. Мы актыўна супрацоўнічаем з НДА па экспертызе — напрыклад, «Хрысціянская візія» нам дапамагла з інфармацыяй пра Свята-Елізавецінскі манастыр. Што да палітыкаў: калі мы рабілі расследаванне пра перагон люксавых аўтамабіляў у Расію праз Беларусь, нашу гісторыю падхапіў Павел Латушка і НАУ, якія пачалі давіць на еўрапейскіх чыноўнікаў, што прывяло да абмежаванняў на мяжы і санкцый ЕС».
Планы расследавальнікаў
«Паспрабуем працягваць рабіць расследаванні на разнастайную тэматыку, развіваць далей калабарацыю з беларускімі і замежнымі калегамі. Для мяне асабіста цікавыя тэмы расійскага ўплыву на Беларусь, праца беларускіх і расійскіх дыверсантаў у Еўропе — гэта ўяўляе небяспеку для Еўропы і рэгіёна», — кажа Аляксандр Ярашэвіч.
На думку Андрэя Шаўлюгі, бліжэйшы год рэжымы Расіі і Беларусі будуць працягваць дыверсійныя аперацыі на еўрапейскім напрамку, і будуць яшчэ больш збліжацца ў ваеннай супрацы: «А мы працягнем далей сачыць за ваеннай сітуацыяй у Беларусі і абнаўляць дадзеныя пра ваенную інфраструктуру».
Нягледзячы на фактычную ліквідацыю палявой журналістыкі ўнутры краіны, закрыццё дзяржаўных рэестраў і фінансава-лагістычныя выклікі, беларускі расследавальніцкі сектар не проста захаваўся, а інстытуцыйна ўмацаваўся і стаў галоўным рухавіком суб’ектнасці незалежных медыя на міжнароднай арэне.
Выкарыстанне сучасных тэхналогій — ад аналізу спадарожнікавых здымкаў з космасу да шчыльнай калабарацыі з міжнароднымі сеткамі кшталту OCCRP — дазваляе журналістам прабіваць інфармацыйную заслону рэжыму, выкрываць ваенныя пагрозы, абход санкцый ды карупцыйныя схемы асяроддзя Лукашэнкі.
Бездакорная рэпутацыя застаецца галоўным капіталам беларускіх расследавальнікаў. Сёння праца расследчыкаў выконвае стратэгічную функцыю: яна не дазваляе грамадству прывыкнуць да «нармальнасці» беззаконня і будуе вывераны падмурак рэальнасці для будучыні.
Кожны матэрыял — гэта не толькі інструмент для міжнароднага ціску ці санкцыйных праверак ЕС, але і сістэмнае дакументаванне злачынстваў для будучых судовых працэсаў і гістарычнай памяці.
@bajmedia