• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Затрымалі ў салоне прыгажосці, усю камеру адправілі ў карцар. Журналістка Глафіра Жук распавяла пра 30 сутак на Акрэсціна

    Журналістка «Народнай волі» Глафіра Жук выйшла з Акрэсціна пасля 30 сутак. За гэты месяц яе ні разу не звадзілі ў душ, толькі раз на шпацыр і два дні пратрымалі ў карцары. Пра сваё знаходжанне ў ізалятары дзяўчына распавяла «Нашай Ніве».

    Глафіру затрымалі 29 мая ў салоне прыгажосці.

    «Я прыйшла рабіць манікюр. Мне папшыкалі рукі антысептыкам, майстар узяла інструмент, і тут заходзяць тры мужчыны, паказваюць адміністратару пасведчанні. І я ўжо разумею, што гэта, напэўна, за мной. Падыходзяць да мяне: «Глафіра Дзмітрыеўна? Вы затрыманы, падазраяцеся ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве». Я спытала, чаму не затрымалі дома (я цэлы дзень была там), каб мне адзенне ўзяць з сабой, бо я ў адной кашулі. Яны кажуць: так нецікава».

    За два тыдні дагэтуль дзяўчына асвятляла суд па справе студэнтаў і ў сацыяльных сетках апублікавала фота натоўпу пад будынкам суда і сваіх кедаў, пасля таго як уцякала падчас разгону. Суд палічыў гэта доказам пікету і прызначыў суткі. 

    На Акрэсціна Глафіра сустрэла сваё 20-годдзе.

    «У нас была бутэлька мінералкі, дзяўчаты захавалі з нейкага перыяду, і ў дзень народзінаў яны адкрылі яе мне, як шампанскае, і разлілі ў жалезныя кубачкі. У абед чокаліся кампотам», — апісвае яна, як адзначала свята.

    За месяц журналістку ні разу не вадзілі ў душ і толькі аднойчы на шпацыр. У той дзень тэмпература была больш за 30 градусаў і дзяўчатам дазволілі на 20–30 хвілін пахадзіць у дворыку.

    Глафіра расказвае, як яны ратаваліся ад спёкі:

    «Там камера назірання, але нам было ўсё роўна, мы распрануліся да бялізны, бо было немагчыма трываць, і халоднай вадой абліваліся. Набіралі яе ў бутэлькі і да сябе прыстаўлялі. Пілі шмат вады з‑пад крана».

    Перадачы дзяўчыне аддалі на выхадзе. Камеры, дзе яна знаходзілася, увесь час былі перапоўненыя.

    «Я прыйшла спачатку ў двухмесную камеру, там было чалавек 13 прыкладна. Пасля нас перавялі ў чатырохмесную, бо нас стала больш — чалавек 15. Потым частку этапавалі на Баранавічы, і нас — 7 чалавек — зноў засунулі ў двухмесную. Калі людзі сталі прыходзіць і нас стала 14, перавялі ў чатырохмесную».

    Двое сутак Глафіра правяла ў карцары. Падчас абеду да іх прыйшлі з праверкай, адзін з супрацоўнікаў пачаў аглядаць посуд. На талерцы і кубачку ён знайшоў нацарапаныя надпісы і сказаў, што іх зрабілі дзяўчаты і адкажуць за гэта. За паўгадзіны да адбою ўсю камеру (7 чалавек) адправілі ў карцар. 

    Сярод суседак Глафіры за гэты час былі прадстаўніцы розных прафесій — галоўныя бухгалтары, археолаг, студэнткі, кантралёр, выхавацелька дзіцячага садка.

    Сама дзяўчына паралельна з працай вучыцца ў Інстытуце журналістыкі БДУ на 3 курсе.

    «Сёння ўжо буду адпачываць, а заўтра планую пайсці даведацца, адлічылі мяне ці не. Усю сесію я адседзела, ні на водны экзамен не патрапіла», — кажа журналістка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці