Журналісты і СМІ ў сацыяльных сетках: замежны досвед і беларускі падыход
Штогод падвышаецца роля сацыяльных сетак у практычнай дзейнасці журналістаў. Перад кіраўнікамі і супрацоўнікамі СМІ паўстаюць новыя праблемы, прымушаючы шукаць спосабы, як іх вырашаць.
Камісія па этыцы БАЖ вывучыла падыходы да вырашэння гэтых праблем у замежных і беларускіх СМІ, назапашаны імі досвед.
Вось найбольш важныя з гэтых праблем:
- захаванне балансу паміж рэдакцыйнай палітыкай і правам кожнага журналіста на свабоднае выказванне сваёй думкі ў публічнай прасторы;
- выкарыстанне сацыяльных сетак як крыніцы інфармацыі для больш поўнага і аб’ектыўнага інфармавання аўдыторыі пра падзеі і працэсы, што адбываюцца ў грамадстве і дзяржаве, міждзяржаўных адносінах;
- уцягванне журналістаў і СМІ ў інфармацыйныя войны, што пагражае асноўным прынцыпам прафесіі — аб’ектыўнасці і бесстароннасці;
- самарэгуляванне журналісцкай дзейнасці ў сацыяльных сетках шляхам захоўвання стандартаў прафесійнай этыкі.
Камісія па этыцы БАЖ вывучыла падыходы да вырашэння гэтых праблем у замежных і беларускіх СМІ, назапашаны імі досвед
1. Нормы і правілы паводзінаў журналістаў і рэдакцый СМІ ў сацыяльных сетках. Замежны вопыт
Варта заўважыць, што далёка не ўсе рэдакцыі замежных СМІ маюць адмысловыя дакументы, якія рэгламентуюць паводзіны журналістаў у сацыяльных сетках. Часта кіраўніцтва рэдакцый абмяжоўваецца заклікамі да супрацоўнікаў прытрымлівацца ў сацыяльных сетках стандартаў журналісцкай этыкі і здаровага сэнсу.
Так, галоўны рэдактар украінскага сайта «Сегодня» Святлана Панюшкіна кажа: «У нас няма выразна прапісаных правілаў. Мы адштурхоўваемся ад таго, што сацсетка – гэта асабістая прастора чалавека. Ён там вольны выказваць усе свае думкі і пісаць усё, што ён думае. З іншага боку, мы абмяркоўвалі такія пытанні ў рэдакцыі і прыйшлі да высновы, што журналіст павінен кіравацца здаровым сэнсам, вырашаючы, што ён можа сабе дазволіць, а што — не».
Трэба сказаць, што выраз «здаровы сэнс» сустракаецца не толькі ў неафіцыйных пажаданнях журналістам, але і ў прынятых дакументах.
У 2014 годзе Савет прэсы Рэспублікі Малдова (незалежная структура самарэгулявання прэсы) прыняў «Збор паспяховых журналісцкіх практык», у якім змяшчаюцца аналіз і рэкамендацыі па ўзаемадзеянні журналістаў з сацыяльнымі сеткамі і іншымі анлайнавымі рэсурсамі. У прэамбуле адзначаецца: «Даследванне зменаў, што адбыліся ў выкарыстанні сацыяльных медыйных рэсурсаў прафесійнымі журналістамі, праведзенае ў 2012 годзе кампаніяй «Cision», у якім удзельнічалі 3650 журналістаў з 11 краін… паказвае: траціна журналістаў лічаць, што не змаглі б паспяхова ажыццяўляць сваю выдавецкую дзейнасць без дапамогі сацыяльных сетак, а 39% з іх лічаць, што сацыяльныя сеткі дапамаглі ім палепшыць сваю прафесійную дзейнасць». (Social journalism study 2012).
У дакуменце звяртаецца ўвага на шэраг важных момантаў. У прыватнасці, гаворыцца, што «Запазычанне неправераных відэаматэрыялаў або інфармацыі можа паставіць журналістаў у цяжкае становішча, асабліва калі фотаздымкі, відэазапісы або звесткі датычацца трэціх асоб і апублікаваныя без іх згоды. У падобных выпадках сродкі масавай інфармацыі не павінныя ўдзельнічаць у распаўсюдзе недакладнай інфармацыі або малюнкаў, якія тычацца прыватнага жыцця адпаведных людзей». Савет прэсы рэкамендуе рэдакцыям і журналістам праяўляць максімальную асцярожнасць што да перадруку інфармацыі, размешчанай у блогах, паколькі з моманту перадруку СМІ павінны браць на сябе пэўную этычную адказнасць, у тым ліку і за прадастаўленне права на рэпліку. Рэкамендуецца пазычаць інфармацыю з прамой спасылкай на крыніцу толькі з тых блогаў, аўтараў якіх можна вызначыць. У выпадку, калі інфармацыя ўтрымлівае абвінавачванні ў адрас іншых асоб, гэтыя звесткі неабходна праверыць, а асобам, пра якіх расказана ў блогу, павінна быць гарантавана права на рэпліку. У дакуменце таксама ўтрымліваецца заклік старанна правяраць акаунт, дзе размешчана інфармацыя, якую мяркуецца выкарыстаць, аналізаваць, калі гэты акаунт быў створаны, з кім кантактуе яго ўладальнік, правяраць кола ягоных сяброў, узровень даверу ім. Звяртаецца ўвага на тое, што ў сацыяльных сетках ёсць магчымасць асабіста запытаць ўладальніка акаунта з мэтай пацвердзіць праўдзівасць размешчанай інфармацыі, сапраўднасць фота або відэаматэрыялаў, а таксама заручыцца згодай на іх перадрук.
Каб не распаўсюдзіць незнарок фэйкавую інфармацыю з сацсетак, Савет прэсы Рэспублікі Малдова настойліва рэкамендуе журналісту упэўніцца, адкуль і калі былі загружаныя фатаграфія або відэа. Для гэтага неабходна пераканацца, ці існуе насамрэч адлюстраваны на фота аб’ект, прааналізаваць час і дату здымка, праверыць метэаўмовы ў дадзеным рэгіёне і іх адпаведнасць зафіксаванаму на фота надвор’і. Таксама рэкамендуецца правяраць гаворку, зафіксаваную на аўдыё- альбо відэазапісы, на яе адпаведнасць дыялекту, характэрнаму для рэгіёну, дзе праходзіла фіксацыя запісу.
Усё гэта запатрабуе ад журналіста дадатковага часу і намаганняў, але дапаможа звесці да мінімуму памылкі ў падачы інфармацыі, пазбегнуць удзелу ў распаўсюдзе непраўдзівых звестак.
«Збор паспяховых журналісцкіх практык» таксама надае ўвагу выкарыстанню асабістых выяваў у публічнай прасторы. Гэта можа быць апраўдана хіба што грамадскай значнасцю, паколькі ў сацыяльных сетках чалавек размяшчае паведамленні і фота ў разліку на пэўную аўдыторыю, не маючы мэтай іх шырокае распаўсюджанне. Менавіта таму журналіст павінен паведаміць уладальніку акаунта аб тым, што мае намер выкарыстоўваць яго інфармацыю для распаўсюду.
Журналіст у сацыяльных сетках: стандарт Бі-бі-сі
(фрагменты лекцыі Ліліян Ландор, кіраўніка моўных службаў, Сусветныя навіны Бі-бі-сі (BBC Акадэмія, Школа журналістыкі):
-
Будзьце разважлівыя, кіруйцеся здаровым сэнсам. Вы з’яўляецеся журналістам Бі-бі-сі і несяце адказнасць, з гэтым звязаную, таксама ў адкрытай сацыяльнай прасторы, дзе ў вас ёсць “сябры” рознага кшталту. Вы можаце распавядаць што заўгодна аб сваёй асобе, інтарэсах… ніякіх праблем. Але што тычыцца вашага меркавання па палітычных пытаннях — гэта публікаваць цалкам недапушчальна.
-
У якасці журналіста Бі-бі-сі вы несяце пэўную адказнасць, вы павінныя выконваць прынцыпы бесстароннасці, аб’ектыўнасці ў асвятленні навін.
-
У журналіста Бі-бі-сі не можа быць свайго меркавання: вы не пішаце пра свае меркаванні, вы «чысты ліст паперы» — як журналіст Бі-бі-сі, прафесіянал, які працуе на Бі-бі-сі. Натуральна, ва ўсіх вас ёсць мноства розных меркаванняў па цэлым коле пытанняў. Але трук тут заключаецца ў тым, каб падзяляць тое, пра што вы кажаце ў прыватнай абстаноўцы, і тое, што вы выпускаеце ў эфір… І калі я кажу «ў эфір», я маю на ўвазе ў тым ліку і Facebook, і Twitter.
-
Сацыяльныя сеткі з’яўляюцца такой жа часткай нашага прафесійнага жыцця, як друкаваныя або інтэрнэт-СМІ.
-
Вам не дазваляецца публікаваць свае асабістыя думкі ў блогу, нават калі ў вас ёсць аватар ці вы выступаеце пад іншым імем. Вы перш за ўсё — журналіст Бі-бі-сі, які не можа сваімі дзеяннямі ставіць пад сумнеў бесстароннасць і незалежнасць арганізацыі, у якой працуе.
-
Наша аўдыторыя — ва ўсіх краінах, у якіх мы працуем, і ў Брытаніі, і па ўсім свеце, давярае Бі-бі-сі. І я, ці вы, ці хто-небудзь, хто захапляецца сацыяльнымі сеткамі і працуе на Бі-бі-сі, не можам рызыкаваць гэтым даверам. Таму вы не можаце публікаваць блог аб палітычных пытаннях, нават калі вы змянілі імя або пішаце пад псеўданімам. Вы застаецеся журналістам Бі-бі-сі незалежна ад таго, ці ёсць у вас псеўданім ці не.
-
Twitter — гэта некалькі асобная катэгорыя. Вы можаце быць фаловерам, паколькі Twitter таксама прызначаны для збору як мага большай колькасці інфармацыі ад максімальнай колькасці людзей. Аднак вы ўсё роўна не можаце публікаваць свайго меркавання ў Twitter, нават калі ў вас там ёсць іншы аватар або псеўданім. Так што вы можаце быць фаловерам якой заўгодна колькасці людзей, любой палітычнай афарбоўкі. Я з’яўляюся фаловерам тысячы людзей, і яны ўсё зусім розныя, з розных груп. І для мяне гэта вельмі важна і карысна ў плане збору навін, — так я атрымліваю інфармацыю ад гэтых людзей і арганізацый. Так што вы можаце быць фаловерам каго заўгодна. Аднак, што тычыцца апублікавання сваіх меркаванняў, тут для Twitter тое самае правіла, што і для Fасеbook.
-
Мы на Бі-бі-сі даволі моцна разлічваем на сацыяльныя сеткі… Вядома ж, мы не публікуем ўсё, што атрымліваем. Мы вельмі старанна ўсё правяраем і вывяраем. І толькі пасля гэтых праверак мы разлічваем на ўсю гэтую інфармацыю і публікуем яе. Таму сацыяльныя сеткі вельмі важныя для нас. Яны важныя для нас у прафесійным плане, і вельмі важна, што, дзякуючы ім, мы таксама атрымліваем навіны, якія немагчыма атрымаць з гэтых краін ніякім іншым спосабам.
-
Ці могуць журналісты Бі-бі-сі ўдзельнічаць у онлайн-форумах? Вядома, могуць. Ці могуць яны ўдзельнічаць у онлайн-форумах, дзе абмяркоўваюцца пытанні кулінарыі, лячэння рака, сэксу? Вядома так. Ці могуць яны ўдзельнічаць у онлайн-форумах, дзе публікуюцца палітычныя думкі, дзе можна выказаць сваю перавагу той ці іншай партыі, пазначыць палітычны выбар? Не, не могуць. І гэта якраз і ёсць тое адрозненне паміж прафесійнымі і асабістымі аспектамі, на якія я ўвесь час паказваю нашым журналістам. Гэта важна, таму што вашае асабістае жыццё Бі-бі-сі не датычыцца, і мы ўсяляк вітаем ваш удзел у онлайн-форумах, калі ён тычыцца вашага прыватнага жыцця. Калі ж гаворка ідзе аб прафесійным аспекце, аб навінах, аб бесстароннасці нашай арганізацыі, мы праводзім чырвоную рысу.
А вось як фармулюецца праблема і стаўленне да яе ў Дадатку 1 да Медыяэтычнага стандарта Грамадскай калегіі па скаргах на прэсу Расіі (праект):
“Усведамляючы, што:
а) прафесійны журналіст можа існаваць і дзейнічаць у сучаснай медыяпрасторы адначасова… як супрацоўнік сродка масавай інфармацыі, карыстальнік сацыяльных сетак, блогер і г.д.,
б) сёння ў свеце медыя не існуе адзінай, універсальнай этыкі (блогеры, лічбавыя фатографы, вытворцы забаўляльнага кантэнту і г.д. усталёўваюць для сябе розныя правілы паводзін у сетках і ў той жа час актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні і распаўсюдзе інфармацыі),
Калегія выказвае перакананне ў тым, што гэта не перашкаджае выпрацоўцы ўстойлівых уяўленняў аб этычных каштоўнасцях, нормах і прынцыпах прафесійных паводзінаў журналіста ва ўмовах новага медыяасяроддзя і ўскладнёнай экалогіі медыя”.
Паводзіны журналіста ў сацыяльных сетках
Сацыяльныя сеткі ўяўляюць сабой інфармацыйную прастору, дзе сёння «жыве» аўдыторыя СМІ і куды «перацякае» значная частка мэдыякантэнту. У той жа час сацыяльныя сеткі — гэта медыяасяроддзе, у якім прафесійныя журналісты могуць выступаць як у якасці прадстаўніка журналісцкай карпарацыі (напрыклад, на афіцыйных старонках канкрэтных СМІ), так і ў якасці прыватнай асобы, што стварае перадумовы для канфлікту інтарэсаў паміж:
а) карпаратыўнымі інтарэсамі рэдакцыі, з аднаго боку, і правам журналіста на асабістыя меркаванні і свабоду самавыяўлення, з іншага;
б) прыватнасцю, звязанай з унутранай інфармацыяй СМІ, з аднаго боку, і «бесперапыннай публічнасцю» чалавека, які займаецца журналісцкай дзейнасцю, з іншага;
в) кантэнтам, створаным для «хатняга карыстання», з аднаго боку, і журналісцкімі матэрыяламі, што складаюць фонавы кантэкст акаунта ў сацыяльнай сетцы, з іншага;
г) арганізацыйнай рэпутацыяй выдання, з аднаго боку, і персанальным іміджам журналіста, з іншага.
У гэтай сувязі Калегія прапануе выконваць наступныя прафесійныя нормы і правілы:
Правіла «другой пары вачэй». Любая публікацыя журналіста ў сацыяльных сетках ад імя або пад назвай рэдакцыі або любога яе падраздзялення праходзіць рэдакцыйнае ўзгадненне, рэдагаванне або мадэрацыю. У афіцыйным запісе рэдакцыі могуць размяшчацца паведамленні розных фарматаў (тэксты, відэа, ілюстрацыі і г.д.), стыль і манера вядзення старонкі могуць быць рознымі, аднак гэтыя старонкі падпарадкоўваюцца тым жа правілах прафесійна-этычнага рэгулявання, што і рэдакцыі СМІ, якія іх вядуць.
Карпаратыўная адказнасць журналіста. Нават калі журналіст дзейнічае ў сацыяльных сетках у межах асабістай кампетэнцыі, для аўдыторыі ён застаецца прадстаўніком свайго выдання, таму ён не можа падрываць веру ў бесстароннасць, незалежнасць і кампетэнтнасць арганізацыі. Журналіст, які паказаў сваю афіліяцыю са СМІ, утрымліваецца ад разгалошвання канфідэнцыйнай карпаратыўнай інфармацыі, палітычнай агітацыі, крытыкі калегаў. Выказаныя ў асабістым акаунце меркаванні маркіруюцца ім як асабістае меркаванне, а не як пазіцыя рэдакцыі.
Прафесійная адказнасць журналіста. Журналіст выконвае на асабістых старонках у сацыяльных сетках усе прафесійныя стандарты, звязаныя з павагай прыватнага жыцця і чалавечай годнасці, пазбягае абразлівага тону ў адносінах да людзей або падзеяў, асцярожны ў выказваннях па пытаннях, якія могуць выклікаць грамадскі канфлікт. Як і ў сваёй прафесійнай дзейнасці, ён клапоціцца пра тое, каб у сацыяльных сетках пад яго імем не публікаваліся недакладныя, якія ўводзяць у зман, альбо скажоныя інфармацыйныя матэрыялы.
«Эхо Москвы»: правілы і нормы паводзін супрацоўнікаў у сацсетках
«Журналіст радыёстанцыі «Эхо Москвы» павінен разумець, што для аўдыторыі ён заўсёды з’яўляецца прадстаўніком «Эха Москвы», нягледзячы на тое, знаходзіцца ён на рабочай змене ці не. Згодна са Статутам радыёстанцыі, яе супрацоўнікі выконваюць палажэнні Маскоўскай Хартыі журналістаў у прафесійнай працы. Радыёстанцыя «Эхо Москвы» не адказвае за змест сацыяльных сетак яе супрацоўнікаў і ўважае іх асабістай прасторай журналістаў. Аднак разумеючы, што падпісчыкі супрацоўнікаў «Эха Москвы» могуць не рабіць адрозненняў паміж журналістам «Эха…» і прыватнай асобай, рэдакцыя ўводзіць шэраг абмежаванняў для таго, каб «Эхо Москвы» ў цэлым не несла рэпутацыйнага ўрону за прыватныя твіты сваіх супрацоўнікаў…»
Якія ж гэта абмежаванні?
- Журналісту «Эха Москвы» варта памятаць: усё, што ён кажа публічна, можа быць выкарыстана супраць яго ці супраць радыёстанцыі. Варта быць асцярожным і не пакідаць падставаў для сумневаў ва ўласным прафесіяналізме, не ствараць рэпутацыйнай рызыкі для «Эха Москвы».
- Журналіст «Эха Москвы» не павінен выносіць ўнутрыкарпаратыўныя пытанні, якія могуць нанесці шкоду рэпутацыі радыёстанцыі, у сацыяльныя сеткі;
- Журналісту «Эха Москвы» ня варта крытыкаваць сваіх калег па радыёстанцыі або сайце «Эхо Москвы», або паводзіць сябе груба ў адносінах да іх;
- Журналіст «Эха Москвы» ў сацыяльных сетках не можа выказваць пазіцыю радыёстанцыі, гэта права ёсць толькі ў галоўнага рэдактара радыёстанцыі. Аднак ён мае права выказаць асабістае меркаванне па пытанні, якое датычыцца журналісцкай працы;
- Журналісту «Эха Москвы» варта памятаць, што ў выпадку ненаўмысным распаўсюджвання ў сацыяльных сетках ілжывай інфармацыі дастаткова выдаліць гэтае паведамленне і растлумачыць сваёй аўдыторыі, што яно было памылковым;
- Журналісту «Эхо Москвы» ня варта паказваць у сацыяльных сетках сваё месца знаходжання або месца знаходжання сваіх калегаў у пэўны момант, калі гэта можа ствараць небяспеку для яго самога ці для іншых журналістаў радыёстанцыі;
- Журналіст радыёстанцыі «Эхо Москвы» не можа заклікаць сваіх падпісчыкаў ўступіць у якую-небудзь палітычную партыю. Ён таксама не можа агітаваць за якую-небудзь партыю або якога-небудзь палітыка як падчас перадвыбарчай кампаніі, так і па-за перадвыбарчай кампаніяй;
- Журналісты «Эха Москвы» не могуць дазволіць сабе прыніжаць іншых людзей з‑за іх фізічных асаблівасцяў, смяяцца з іх імён або прозвішчаў, а таксама наўмысна скажаць іх імёны або прозвішчы;
- У выпадку публікацыі цытаты, якая можа выклікаць грамадскі рэзананс, варта памятаць, што яе аўтар можа ў далейшым выдаліць яе з сацыяльных медыя. Каб у аўдыторыі не было ўражання, быццам супрацоўнік радыёстанцыі выдумаў або сказіў гэтую цытату, варта рабіць яе скрыншот і апублікаваць яго, калі арыгінальнае паведамленне будзе выдаленае. Калі журналіст не мае скрыншоту, ці гэтую цытату не прыводзяць іншыя карыстальнікі сацыяльных сетак, спасылаючыся на аўтара цытаты, а не на журналіста, то супрацоўніку радыёстанцыі давязецца выдаліць паведамленне з такой цытатай;
- Выкарыстоўваючы інфармацыю, атрыманую у сацыяльных сетках, у эфіры радыёстанцыі або на сайце радыёстанцыі, журналісту «Эха Москвы» варта называць нік карыстальніка (яго імя) у сацыяльнай сетцы, а ў выпадку адсутнасці прыкмет верыфікацыі гэтага карыстальніка згадаць (у выпадку пералічэння некалькіх паведамленняў — аднакратна), што сапраўднасць гэтага карыстальніка (гэтых карыстальнікаў) або яго слоў (іх слоў) пацвердзіць немагчыма.
А вось што рэкамендуе сваім супрацоўнікам кіраўніцтва газеты «The Wall Street Journal»
«Паводзьцеся ў анлайне гэтак жа, як у афлайне, не пішыце ні ў закрытых групах, ні ў асабістых паведамленнях тое, што не можаце сказаць людзям асабіста. У інтэрнэце няма прыватнасці; пазбягайце дзеянняў, якія могуць нанесці шкоду вашай рэпутацыі і рэпутацыі медыя».
Кіраўніцтва газеты «Нью-Ёрк Таймс»
разаслала сваім супрацоўнікам інструкцыю па паводзінах у Twitter і Facebook. Згодна з ім, журналісты не павінныя выказваць свае палітычныя погляды ці даваць абразлівыя каментары. Яны не могуць займаць які-небудзь адзін бок датычна пытанняў, што асвятляе выданне, або дзяліцца не пацверджанай «Нью-Ёрк Таймс» інфармацыяй, ўступаць у Facebook у групы прыхільнікаў якога-небудзь палітычнага дзеяча ці партыі (толькі калі гэта не неабходна для напісання матэрыялу). Яны таксама не маюць права блакаваць падпісчыкаў, якія іх крытыкуюць. Рэдакцыя таксама не рэкамендуе журналістам скардзіцца ў сацсетках на чыесьці тавары ці паслугі, бо пастаўшчыкі, напэўна, нададуць скаргам журналіста ўплывовага выдання асаблівую ўвагу. А гэта свайго роду карупцыя, што таксама падрывае рэпутацыю.
Адзін з супрацоўнікаў украінскай службы «Радыё Свабода» патлумачыў:
«У нас ёсць выразна прапісаныя правілы паводзінаў у сацыяльных сетках. Супрацоўнікі RFERL вольныя выкарыстоўваць сацсеткі, але, калі журналіст піша нешта ў Facebook або Twitter, ён павінен памятаць, што з’яўляецца супрацоўнікам «Радыё Свабода». Таму ў сацсетках ён не можа пісаць ці гаварыць тое, што падрывае рэпутацыю «РС» як збалансаванага і аб’ектыўнага СМІ. Мы не падзяляем акаунты ў сацсетках на прыватныя і карпаратыўныя. Калі чалавек працуе ў RFERL, то ўсё, што ён піша, будзе асацыявацца і з нашым медыя, таму не можа супярэчыць яго прынцыпам і рэдакцыйнаму кодэксу. Тое ж тычыцца і «лайкаў». Мы не можам іх ставіць, калі змест паведамлення можа ўдарыць па рэпутацыі «Радыё Свабода». У любым выпадку, галоўнае — гэта здаровы сэнс. Нават самыя выразныя правілы не могуць прадугледзець усіх магчымых сітуацый, якія ўзнікаюць у паўсядзённым жыцці. Таму ў першую чаргу ў сваёй дзейнасці ў сацсетках мы кіруемся менавіта ім».
Пісаны кодэкс паводзін у сацсетках — з’ява далёка не паўсюдная. У «Нью-Ёрк Таймс» такога афіцыйна зацверджанага дакумента няма. У «The Wall Street Journal» журналісты самі папрасілі скласці для іх правілы, а ў CNN падобны дакумент будуецца не вакол забаронаў, а вакол рэкамендацый «як лепш». А генеральны дырэктар аднаго з найбуйнейшых амерыканскіх газетных холдынгаў Джон Патон з «Digital First Media» праславіўся тым, што сфармуляваў правілы паводзін сваіх супрацоўнікаў у сацыяльных сетках у выглядзе трох пустых радкоў.
Як выявіла апытанне, праведзенае МДУ, далёка не ва ўсіх рэдакцыях расійскіх СМІ ёсць фармалізаваныя правілы, якія рэгламентавалі б журналісцкую дзейнасць у сацсетках. Большасць рэспандэнтаў (48%) адказалі, што ў іх рэдакцыях такіх правіл няма. 40% выбралі адказ «так», хоць пытанне аб тым, ці з’яўляюцца гэтыя правілы афіцыйна замацаванай часткай рэдакцыйных стандартаў, застаецца адкрытым.
Падводзячы абагульняючы вынік, можна зрабіць тры асноўныя высновы:
- журналістам не забараняецца размяшчаць свае допісы на розныя тэмы ў сацыяльных сетках;
- падчас карыстання сацыяльнымі сеткамі неабходна прытрымлівацца агульнапрынятых этычных нормаў;
- любыя выказванні на палітычныя тэмы лічацца недапушчальнымі, паколькі асобу журналіста грамадская думка заўсёды звязвае з тым СМІ, на якое ён працуе.
Карысныя спасылкі:
Associated Press, Social Media Guidelines for AP Employees
Agence France-Press, Guidelines for Using Social Media
Reuters, Reuters Handbook of Journalism
BBC, Pictures from Social Media Sites
2. Беларускія журналісты і СМІ ў сацыяльных сетках
(Паводле апытання Камісіі па этыцы БАЖ)
Восенню мінулага году СМІ Беларусі і свету абляцела навіна пра звальненне з тэлеканала “Белсат” спецыяліста па працы з кантэнтам сацыяльных сетак Івана Шылы. Пра гэты выпадак напісалі “Асашыэйтэд прэс”, “Вашынгтон Пост”, “Газета Выборча”…
Чым жа была выклікана такая цікавасць?
Супрацоўнік тэлеканала быў звольнены пасля таго як змясціў у сваім фэйсбуку фотаздымак прэзідэнтаў ЗША і Польшчы – Дональда Трампа і Анджэя Дуды — і суправадзіў яго іранічным каментаром адносна апошняга. Кіраўніцтва тэлеканала палічыла, што ў звольненага супрацоўніка «…праблема з разуменнем не толькі таго, што такое лаяльнасць да працадаўцы, але і лаяльнасць да калег і ўсіх гэтых людзей, якія вялізнымі намаганнямі спрабуюць дапамагаць тваёй краіне і тваім суайчыннікам…” “Дамова пра вайсковую супрацу з ЗША мае велізарнае значэнне для бяспекі Польшчы, і гэта адна з нешматлікіх тэмаў, якія не з’яўляюцца глебай для жартаў супрацоўнікаў «Белсата»” — выказалася кіраўніцтва.
“Я магу посціць афіцыйнае фота з сустрэчы польскага палітыка і амерыканскага прэзідэнта. Калі не, то я, магчыма, нечага не разумею пра свабоду СМІ”, — пярэчыў Іван Шыла.
Трэба патлумачыць, што тэлеканал “Белсат” уваходзіць у структуру Польскай тэлевізіі, але працуе цалкам на беларускую аўдыторыю, і большасць яго супрацоўнікаў — беларускія журналісты. Не дзіва, што згаданае звальненне было ўспрынята з асаблівай вастрынёй. Тым большай, што ўпершыню, па сутнасці, яскрава выявіла адну з нявырашаных і даволі складаных праблем сучаснай беларускай журналістыкі.
Як жа беларускія СМІ рэгулююць актыўнасць сваіх супрацоўнікаў у сацыяльных сетках? Ці патрэбныя ім асобныя правілы адносна таго, што можна, а чаго нельга посціць у фэйсбук ці твітар? Ці былі выпадкі, калі рэдакцыі прасілі журналістаў выдаліць той ці іншы кантэнт з іх персанальных старонак?
У пошуках адказаў Камісія па этыцы БАЖ апытала кіраўніцтва і супрацоўнікаў шэрагу беларускіх СМІ
Галоўны рэдактар навіновага сайта Onliner.by Мікалай Казловіч паведаміў, што ва ўнутраным маніфесце рэдакцыі ёсць адмысловы раздзел пра сацсеткі, у якім «…няма жорсткіх прапісаных забаронаў, але кожны журналіст разумее, што ён з’яўляецца публічнай фігурай, якая прадстаўляе кампанію, і з гэтым усведамленнем падыходзіць да пытання вядзення асабістых сацыяльных сетак”. Па словах Мікалая Казловіча, выпадкаў, каб ён прасіў кагосьці выдаліць той ці іншы пост з сацыяльных сетак, не здаралася.
Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына кажа, што фармуляванне правілаў паводзінаў журналістаў у сацсетках наспела, але пакуль рэдакцыя так і не падышла да стварэння гэтага дакумента.
“На жаль, афіцыйна такія правілы не замацаваныя. Прыкладна год таму мы планавалі гэта зрабіць, але вядомыя падзеі [крымінальны пераслед і смерць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая – Аўт.] перашкодзілі гэтым планам. Аднак мы гэта абавязкова зробім у бліжэйшы час. Выпадкі, каб мы прасілі супрацоўнікаў выдаліць пасты, здараліся, хоць і вельмі рэдка — пару разоў, мабыць. Менавіта пасля іх мы і запланавалі стварыць кодэкс паводзінаў у сацсетках”, — расказвае Леўшына. І дадае, што непрымальным яны палічылі “агрэсіўныя паводзіны” калег.
Рэдактар сайта “Белсат” (belsat.eu) Зміцер Ягораў на нашае пытанне адказаў, што аформленых правілаў рэдакцыя не мае, аднак важна памятаць, калі ты нешта посціш у свае асабістыя акаўнты, што “ты ўсё адно застаешся белсатаўцам”.
“У маёй рэдакцыі няма фармальна аформленага і надрукаванага, падпісанага кодэксу паводзінаў у сацыяльных сетках. Аднак ёсць агульнае разуменне, што калі асоба пад сваім імём штосьці посціць, то гэтыя допісы могуць успрымацца менавіта праз прызму таго, што гэта піша белсатавец. Здараліся выпадкі, калі журналісту або рэдактару рабілася заўвага адносна паста. Пра наўпроставыя патрабаванні ці просьбы выдаліць мне не вядома», — сказаў Ягораў.
Таксама дадала свой каментар афіцыйны прадстаўнік тэлеканала “Белсат” у Беларусі Ірына Слаўнікава: “Можна казаць, што такіх правілаў прытрымліваюцца і працаўнікі іншых рэдакцыяў. Хачу дадаць, што шмат асобаў сумяшчаюць працу ў навінах і іншых праграмах канала, таму можна лічыць, што гэта яго агульная пазіцыя. Канечне, мы памятаем пра некаторыя выпадкі, калі пасты нашых калегаў у сацыяльных сетках прыводзілі да канфліктаў, таму цяпер намагаемся пазбягаць гэтага”.
Няма правілаў паводзінаў у сацсетках і на спартовым партале by.tribuna.com. “Замацаваных правілаў няма. Але пры гэтым мы часта абмяркоўваем, ці варта журналісту рэагаваць на нейкія выпады і сітуацыі. І калі рэагаваць, то ў якім ключы. Усе стараюцца прытрымлівацца некалькіх базавых прынцыпаў. Выказвацца толькі калі ёсць што сказаць. Не апускацца да наўпроставых абразаў, нават калі вельмі хочацца. Жартаваць па магчымасці смешна і без адкрытай пошласці.
Ніякіх абуральных выпадкаў з публікацыямі журналістаў у сацсетках у нас не было”, — падзяліўся галоўны рэдактар сайта Алег Гаруновіч.
Ён дадае, што патрэбы ў такіх правілах пакуль не дужа адчуваюцца. “Будуць інцыдэнты — будзем думаць. Журналісты не сляпыя і бачаць, што словы ў сацсетках шмат каштуюць, нават не з пункту гледжання санкцый з боку працадаўцаў, а з пункту гледжання рэпутацыі”, — адзначыў Гаруновіч.
Падобнай пазіцыі прытрымліваецца і іншы спартовы рэсурс — “Прессбол” (pressball.by). Галоўны рэдактар Сяргей Кайко патлумачыў: “Анiякiх правiлаў паводзiн у сацсетках мы не маем. Нi замацаваных, нi нават агавораных вусна”. Патрэбы ў такіх правілах супрацоўнікі “Прессбола” таксама не адчуваюць.
Вычарпальны адказ па гэтых пытаннях дала галоўная рэдактарка сайта Kyky.org Анастасія Рагатко: «У нашай рэдакцыі няма ніякіх правілаў для журналістаў пра тое, як яны павінны паводзіць сябе ў сацыяльных сетках. Прычын таму некалькі. Першая — мы рэкордна маленькая рэдакцыя, у іншых падобных да нас медыя працуе значна больш журналістаў… Любыя праявы расізму, эйджызму, гамафобіі, артадаксальнай і агрэсіўнай палітычнай пазіцыі проста выключаныя. Чалавеку з такімі поглядамі (назавём іх «таксічнымі») проста няма чаго рабіць у рэдакцыі. Другая прычына, чаму ў нас няма правіл — я проста не лічу, што для KYKY трэба пісаць такія правілы. Рэдакцыя любіць свабоду самавыяўлення, так што я не маю маральнага права забараняць журналістам рабіць нейкія пасты ў сваіх сацсетках. Ні разу не было такога, каб мне захацелася кагосьці звольніць за публічны пост. Былі выпадкі, калі я асабіста была моцна нязгодная з думкамі, якія публікавалі мае аўтары. Часам гэтыя думкі маглі супярэчыць меркаванням, выказаным у нашых жа апублікаваных артыкулах. Пры гэтым аўтары не ставілі мэтай публічна папракнуць часопіс — і наадварот, я ніколі публічна не сварылася з аўтарамі. Калі мы ў чымсьці не згодныя, абмяркуем гэта асабіста. Я магу сказаць, што мяне здзівіў які-небудзь пост, а аўтар можа сказаць, што яму не спадабаўся артыкул іншага аўтара. Ніякага «фэйсбучны тэрарызму»”, — адзначае Анастасія Рагатко.
“Я не памятаю выпадкаў, калі мы прасілі або патрабавалі выдаляць пасты журналістаў. Памяць у мяне добрая — так што дазволю сабе сцвярджаць, што такога не было. Мне здаецца, гэта і ёсць дэмакратыя — яна нясе і свабоду, і адказнасць. Ты вольны рабіць і казаць, што хочаш. Але ты павінен даваць цвярозую ацэнку слоў і дзеянняў. І без рэдактара з качалкай над душой: усвядомленасць і самарэгуляцыя — вельмі карысныя звычкі для журналіста», — рэзюмуе Рагатко.
Найбуйнейшае рэгіянальнае выданне — гомельскія «Сильные новости» таксама не маюць замацаваных правілаў. Іх рэдактар Пятро Кузняцоў тлумачыць гэта адзінствам поглядаў супрацоўнікаў: “У нас неяк так склалася, што ўсе супрацоўнікі рэдакцыі збольшага аднадумцы, з падобным успрыняццем свету і каштоўнасцямі, якія добра бачныя па палітыцы сайту. Таму ў нас нават пытання ніколі не ўзнікала, што трэба такі кодэкс, каб адзін аднога рэгуляваць. Прыстойныя ж людзі. Ну і тое, што ніколі не было выпадкаў, калі даводзілася б кагосьці прасіць ці прымушаць нешта выдаляць, гэта, напэўна, індыкатар. Мабыць, калісьці такая патрэба ўзнікне, але пакуль не было”.
Намесніца галоўнага рэдактара сайта “Салідарнасць” (Gazetaby.com) Алена Якжык тлумачыць, што журналісты самі разумеюць, пра якія рэчы нельга пісаць у сацсеткі.
“Нейкіх адмысловых правілаў для журналістаў у нас няма. У камандзе працуюць адэкватныя людзі і, на шчасце, не даводзіцца абмяжоўваць іх прыватную прастору. Ёсць няпісаныя правілы: пазбягаць «халівараў», не выносіць смецце з хаты. Літаральна на днях прынялі агульную схему для ўсёй рэдакцыі (афіцыйна), як паводзіць сябе ў тым выпадку, калі самі справакавалі скандал. Часам перад тым, як апублікаваць нешта «палітычнае», «злое», правяраем адзін на адным, каб свежы погляд ацаніў, ці ўсё ў парадку са здаровым сэнсам. Але гэта не абавязковая праграма”, — адзначыла Алена Якжык.
Рэдактарка гарадскога партала Citydog.by Яся Каралевіч-Карцель кажа, што на дадзены момант у іх няма патрэбы ў стварэнні адмысловых правілаў паводзінаў у сацсетках: “У нас няма такога кодэксу. Мы такога рода правілы абмяркоўвалі, але зараз статуту на гэты конт ў нашай рэдакцыі не існуе”.
Галоўны рэдактар сайта Udf.by Юрый Пацёмкін мяркуе, што такія правілы могуць існаваць толькі ў рэдакцыях буйных СМІ: “Што тычыцца асабістых старонак у сацсетках, то я гэтым пытаннем не цікаўлюся. Да прыкладу, адзін з нашых супрацоўнікаў — гей-актывіст, а яшчэ адзін — актыўна змагаецца з мовай варожасці. Але гэта іх асабістая справа”, — лічыць спадар Пацёмкін.
Няма асобных правілаў паводзінаў журналістаў і ў “Нашай Ніве”. Галоўны рэдактар выдання Ягор Марціновіч мяркуе, што супрацоўнікі выдання — “адэкватныя людзі, якія не будуць публікаваць у сацыяльных сетках тое, што магло б нанесці выданню рэпутацыйныя страты”.
Павел Тухто, прэс-сакратар Інфармацыйнага агенцтва і радыё Sputnik Беларусь так патлумачыў рэдакцыйную палітыку працы ў сацыяльных сетках: “Мы падтрымліваем свабоду нашых журналістаў. Дакументальна аформленых правілаў па паводзінах у сацыяльных сетках у нас няма. Але ёсць агульнае пажаданне: не блытаць асабістае з працоўным, як гэта і прынята ў агульнасусветнай практыцы”. Па словах Паўла Тухто, быў толькі адзіны выпадак, калі яны прасілі журналіста выдаліць допіс, каторы “быў звязаны з пытаннем валодання правам на кантэнт».
Пазіцыя “Комсомольской правды в Беларуси” не вылучаецца з большасці іншых СМІ. Тлумачыць галоўны рэдактар выдання Андрэй Ляўкоўскі: “Зафіксаваных загадам, ці іншым дакументам, правілаў паводзін супрацоўнікаў у сацсетках няма. Кіруемся здаровым сэнсам і этыкай. Выпадкі, каб прасілі выдаліць кантэнт, былі. Зусім разавыя, у асноўным звязаныя з публікацыяй супрацоўнікамі працоўных матэрыялаў. Не ў загадным парадку. Канкрэтных прыкладаў нават і не ўзгадаю, было вельмі даўно”. Патрэбы ў стварэнні такіх правілаў на дадзены момант рэдакцыя не адчувае.
Выключэннем выглядае тут «Радыё Свабода”. Нагадаем, што гэта амерыканскі СМІ, які працуе на беларускую аўдыторыю. Дырэктар Беларускай службы Радыё “Свабода” Аляксандр Лукашук кажа: “Так, у РСЕ/РС ёсць такія правілы, яны падобныя на правілы для любых камэнтатараў. Галоўнае правіла — чакаецца, што журналіст РС у сваёй сацсетцы павінен пісаць так, што гэта можна надрукаваць на сайце. Выступаць у ролі мадэратара, спрыяць дыскусіі, запрашаць да яе розныя групы ці асобы, але асноўнае — захоўваць цывільнасць, пазбягаць крайнасцяў”.
“Што да выдалення — так, здаралася, калі журналіст парушаў гэтыя правілы. Таксама практыкуецца забарона (бaнінг) троляў ці яўных парушальнікаў сярод дапісчыкаў. У нас быў выпадак, калі ў адной дыскусіі на гістарычныя тэмы, якая сабрала больш за 15 000 каментароў, мы вызначылі групу нікаў, якія яўна належалі аднаму тролю, забанілі іх, і адразу знікла 5 000 каментаў”, — адзначае Аляксандр Лукашук.
Толькі аднойчы, па словах галоўнага рэдактара Еўрарадыё Паўла Свярдлова, давялося вырашаць супярэчнасць паміж “смеццем з хаты” і “свабодай слова”, то бок выдаліць адпаведны пост. “А так — церпім, хто б што ні напісаў, бо свабода слова, — кажа Павел. — Замацаваных правілаў паводзінаў у сацсетках не маем, кіруемся здаровым розумам…”
Рэдакцыя tut.by не адказала на пытанні прадстаўніка Камісіі па этыцы БАЖ.
Такім чынам, Камісія высветліла, што на дадзены момант пэўныя правілы паводзінаў журналістаў у сацыяльных сетках маюць толькі Беларуская служба Радыё “Свабода” і onliner.by. Большасць апытаных СМІ не тое, што не мае такіх правілаў, але таксама і не адчувае патрэбы ў іх наяўнасці. Пра неабходнасць стварэння такога кодэксу заявіла толькі прадстаўніца БелаПАН.
3. Журналісты ў сацыяльных сетках і чытачы
Журналістыка — публічная прафесія. Адпаведна, журналіст — фігура публічная, і застаецца такой не толькі ў межах рэдакцыйнай дзейнасці, падкантрольнай кіраўніцтву рэдакцый, але і ў вольнай інфармацыйна-дыскусійнай прасторы, якой з’яўляюцца сацыяльныя сеткі.
Аналіз сабраных і прэзентаваных вышэй меркаванняў, практыкі і досведу паказвае, што уладальнікаў і кіраўніцтва СМІ турбуюць пераважна рэпутацыйныя выдаткі, звязаныя з безадказнымі, на іх погляд, паводзінамі іх супрацоўнікаў у сацсетках. Між тым застаецца ў цені яшчэ адзін, магчыма, самы галоўны складнік — узаемадачыненні журналістаў, якія выступаюць у сацсетках са сваімі прыватнымі меркаваннямі, і чытачоў. Здавалася б, адны і другія — раўнапраўныя ўдзельнікі дыскусій. Аднак пасты і каментары журналістаў выклікаюць, як правіла, асаблівую цікавасць і абвостраную рэакцыю.
Не так даўно журналістка аднаго з папулярных СМІ размясціла на сваёй старонцы ў Facebook пост, дзе ў даволі разгорнутым выглядзе вылучыла сваю версію прычын, якія прывялі да гібелі супрацоўніка магілёўскай ДАІ. Разгарнулася дыскусія, у якой — увага! — абмяркоўвалася не высунутая версія, а паводзіны журналісткі, тут жа абвінавачанай у так званай “замове”. Некаторыя аўтары каментароў дзяліліся сваім, нажаль, даволі распаўсюджаным, разуменнем месца і ролі журналіста ў грамадстве: “Журналісты павінныя разумець, што гісторыю робім мы. А яны зарабляюць на нас… Журналіст не мае права на сваю думку, ён канстатуе факт…”.
Асабліва абвостраную рэакцыю чытачоў выклікае вольны або міжвольны ўдзел журналістаў у інфармацыйных войнах, у распаўсюдзе так званых фэйкаў, выкарыстанне імі “мовы варожасці” і агрэсіўнай стылістыкі. У сувязі з тым, што ў асноўным менавіта журналісты ствараюць інфармацыйнае асяроддзе і дыскусійныя пляцоўкі, рэзка ўзрастае іх уплыў на погляды і меркаванні ўдзельнікі дыскусій і, адпаведна, прафесійная і маральная адказнасць за ўцягванне іх у інфармацыйныя войны, ў далёкія ад рэальнасці прапагандысцкія рысталішчы, што, безумоўна, негатыўна адбіваецца на псіхалагічным стане і сацыяльных паводзінах людзей.
Прыкладаў таго, як журналісты, нават з імем, забываюцца ў сацсетках на грамадскую значнасць сваёй прафесіі, дастаткова. І тут ніякія рэгламенты не дапамогуць. Акрамя аднаго: заўсёды, ва ўсіх жыццёвых і творчых, прыватных і публічных абставінах памятаць аб прафесійных стандартах, этыцы і адказнасці.
4. Высновы і рэкамендацыі
На падставе аналізу сабранага матэрыяла Камісія па этыцы БАЖ прыйшла да высновы, што:
-
наспела неабходнасць ацэньваць дзейнасць журналістаў у сацыяльных сетках ва ўзаемасувязі з іх прафесійным статусам;
-
наспела неабходнасць зрабіць дзейнасць СМІ ў сацыяльных сетках неад’емнай часткай рэдакцыйнай палітыкі;
-
наспела неабходнасць дапоўніць Дэкларацыю прафесійнай этыкі БАЖ і адпаведны кодэкс этычнымі стандартамі паводзін журналістаў у сацыяльных сетках.
Такім чынам, Камісія па этыцы БАЖ рэкамендуе кіраўніцтву і калектывам рэдакцый СМІ:
- на падставе міжнародных дакументаў, Статута і Дэкларацыі прафесійнай этыкі БАЖ распрацаваць і ўкараніць у паўсядзённую практыку ўнутраныя правілы дзейнасці журналістаў у сацыяльных сетках;
- рэгулярна абмяркоўваць на сходах, планёрках і рэдакцыйных лятучках дзейнасць выдання і яго супрацоўнікаў у сацыяльных сетках;
- браць удзел у адукацыйна-дыскусійных мерапрыемствах (сімпозіумах, канферэнцыях, форумах, семінарах), прысвечаных дзейнасці журналістаў і СМІ ў сацыяльных сетках.