Не думай пра мінулае і пра будучыню: Андрэй Гнёт ужо год пад арыштам у Сербіі
“Я займаюся выжываннем”, — так апісвае свае дні беларускі актывіст Андрэй Гнёт, якога ў кастрычніку 2023 года затрымалі ў Сербіі на запыт беларускіх уладаў праз Інтэрпал.
У чэрвені гэтага года яго перавялі з бялградскай турмы пад хатні арышт. У верасні апеляцыйны суд Бялграда адмяніў рашэнне пра экстрадыцыю Гнёта ў Беларусь, але справу скіравалі на перагляд у Высокі суд горада. Цяпер актывіст і яго адвакаты чакаюць новага рашэння пра вызваленне.
Еўрарадыё звязалася з Андрэем, каб даведацца, на якім этапе яго справа і як ён адчувае сябе ў гэтых умовах.
7 адвакатаў
— Як вы маецеся?
— Шчыра кажучы, ніяк, нічога не змяняецца, сяджу як сабака ў скрынцы і чакаю.
— Як выглядае вашая абарона?
— Ёсць тры бакі: сербскія адвакаты, беларускія адвакаты ў выгнанні і ЕСПЧ. На першым у мяне працуюць дзве каманды (кожная па дзве асобы). Адна са мной з самага пачатку, яны працуюць выключна на камерцыйнай аснове. Гэты крымінальныя адвакаты, бо такой лічыцца справа пра экстрадыцыю. Іншыя pro bono займаюцца менавіта прыкладнымі дэталямі што да экстрадыцыі і міграцыйнага заканадаўства. Гэта адвакаты-кансультанты.
На вяршыні піраміды знаходзяцца Марыя Колесава-Гудзіліна і Ганна Маціеўская, якія сталі для мяне асноўнымі адвакаткамі і таксама працуюць pro bono. То-бок яны руляць усім працэсам і злучаюць паміж сабой усе каманды. Толькі яны гэтую справу рухаюць і развіваюць.
Апошні, Дзмітрый Гурын, працуе з ЕСПЧ. Гэта спецыяльны адвакат, у якога практыка выключна там. Яго мне даў фонд “Мемарыял”, і ён працуе pro bono.
— Якія крокі вы цяпер робіце з адвакатамі?
— Крокі мы робім кожны дзень. Напрыклад, два тыдні таму я падаў апеляцыйную скаргу ў сербскі суд наконт мер майго затрымання. Бо пакуль суд перарабляе гэтую справу трэці раз, я знаходжуся пад хатнім арыштам, і яны выкарысталі ў дачыненні да мяне самую жорсткую меру. Гэта ізаляцыя 23 гадзіны на суткі. Я маю толькі адну гадзіну, каб выйсці на двор. Самая мяккая мера — гэта чатыры гадзіны.
Беларускія адвакаткі падалі апеляцыйную скаргу, каб мяне вызвалілі ці пашырылі межы маіх шпацыраў. У гэтую няшчасную гадзіну я магу толькі закупіцца ежай і медыкаментамі, трошкі падыхаць паветрам і ўсё.
У сербскага суда было 10 дзён, каб афіцыйна адказаць на гэтую скаргу. Яны яе праігнаравалі. Папярэдне такую ж скаргу падавалі месяц таму сербскія адвакаты, і яе таксама суд праігнараваў.
Чаму я пра гэта кажу? Калі б на Сербію рабіўся пэўны дыпламатычны і палітычны ціск ці калі б з Сербіяй вяліся нейкія рэальныя перамовы беларускіх дэмакратычных сіл, то нешта б атрымалася. Я б атрымліваў хаця б нейкія сігналы.
Але цяпер я атрымліваю адказ у вочы ад сербскага суда, што яны не пераймаюцца. Скаргі як ляжалі мёртвым пластом, так і ляжаць. Мы цяпер з Аняй і Машай рыхтуем паперы ў ЕСПЧ на тое, што мяне ўтрымліваюць, але судовы працэс не ідзе. Нічога не адбываецца з канца жніўня.
З усімі гэтымі скаргамі мяне так ці інакш павінныя адпусціць з‑пад хатняга арышту. Але, згодна з міграцыйным заканадаўствам Сербіі, мяне могуць не выпусціць з тэрыторыі краіны і зрабіць падпіску пра нявыезд, бо экстрадыцыйная працэдура тут не мае ніякіх тэрмінаў.
Проста ўявіце: вас закідваюць у нейкую краіну, бо я сюды прыехаў працаваць, у мяне тут нікога няма, і кажуць: “Вы тут застаяцеся, вас не выпусцім”. У вас няма ні сваякоў, ні сяброў, ні працы, ні мовы, ні разумення, што вы тут наогул робіце.
І вось пра што цяпер мы думаем і за што мы змагаемся: мы намагаемся не дапусціць гэтай страшнай перспектывы. Чаму страшнай? Бо мае сербскія адвакаты сказалі: “Андрэй, у нас ёсць кліенты, якія даўным-даўно пакінулі Сербію, няважна, якім чынам. Адна справа цягнецца 10 гадоў, а другая — 12, таму, Андрэй, калі ласка, давай думаць, што мы будзем рабіць”.
А я не ведаю, ці прыляціць, як у той песні, “волшебник в голубом вертолёте”. Я яго чакаю, але ніхто не прылятае.
То-бок змагаемся мы з дзвюма праблемамі: каб я не сядзеў пад вартай і каб Сербія мяне выпусціла.
Тут варта казаць пра палітычную волю. Сербскія адвакаты сказалі, што закон вельмі гнуткі, і гэта вырашае паліцыянт на мяжы. Ён можа мяне выпусціць, а можа спытаць, што я рабіў у Сербіі цэлы год без віду на жыхарства.
Мы ж ведаем, як у аўтарытарных рэжымах усё працуе: трэба, каб быў нейкі тэлефонны званок ці каб нехта зверху сказаў паліцыянту на мяжы: “Не чапайце гэтага хлопца”.
“Мяне навучылі ў турме, як выжываць”
— Як праходзяць вашыя дні ў хатнім арышце?
— Цікавага няшмат, бо я займаюся выжываннем. Гэта стала “днём сурка”. Каб не з’ехаць з глузду, я выставіў для сябе жорсткі рэжым, амаль такі, які быў за кратамі. У той самы час іду спаць, у той самы час прачынаюся. Ёсць пэўныя рытуалы: выпіць цёплай вады з лімонам, выпіць кавы, паглядзець пошту.
@andrew.gnyot #andreygnyot #andrewgnyot #andrejgnjot #freeandreygnyot #serbia #belarus #андрейгнет #тюрьма #prison #драники #сербия #беларусь #минск #белград #belgrade #политика #politics #journalismisnotacrime #политзек #жывебеларусь ♬ оригинальный звук — Andrew Gnyot
90% часу забірае мая “самаабарона”, то-бок праца з адвакатамі, медыя. Таксама я вяду камунікацыю з лакальнымі еўрапейскімі дыпламатамі, якія са мной перыядычна звязваюцца. Гэта больш “дэкларатыўная” штука, але пытаюць, як маюся.
Яшчэ да мяне прыходзяць праваахоўнікі і валанцёры. Учора валанцёры Рускага дэмакратычнага аб’яднання зноў прынеслі мне 200 еўра на ежу.
З аднаго боку, мне сорамна, што “рускія мяне кормяць”, але яны першыя мяне знайшлі, як толькі я выйшаў пад хатні арышт. Гэта антываеннае аб’яднанне, у якое ўваходзяць і расіяне, і беларусы, і ўкраінцы, і сербы. Дык яны мне ў першы месяц прынеслі грошы на два з паловай месяцы арэнды гэтай кватэры, а ўчора зноў прынеслі грошы.
Вядома, я збіраю чэкі для справаздачы. На гэта таксама ідзе шмат часу. Рэшту часу забірае ў мяне звычайная бытавуха.
Яшчэ Маша з Аня ініцыявалі, а я зрабіў TikTok, у якім паказваю, што раблю, бо кожны мой дзень не такі, як у звычайнага чалавека. Але нейкім чынам у гэтай ненармальнай сітуацыі я выжываю і паказваю свае скілы, як гатую сняданак, займаюся спортам.
— Ці ёсць у гэтых умовах нейкія маленькія радасці?
— Ніякіх чалавечых радасцяў у мяне няма. Я параўноўваю сваю сітуацыю з сітуацыяй салдата на вайне. У мяне страляюць кожны дзень, я страляю ў адказ. Калі я ладжу для сябе простыя чалавечыя радасці, то пачынаю ўключаць эмоцыі, прычым усю гаму, як пазітыўныя, так і негатыўныя.
Мяне навучылі ў турме, як выжываць у сітуацыі, калі ты адной нагой у турме, а другой — у труне, бо раней я кожны дзень прачынаўся і засынаў з адной думкай: “Мяне экстрадыююць, мяне будуць катаваць, мяне заб’юць”.
Гэта рэальнасць, бо [у Беларусі. — Рэд.] зробяць з палітычным актывістам, які быў адным з тых, хто адмяніў чэмпіянат свету па хакеі, хто зняў Лукашэнку з прэзідэнтуры Нацыянальнага алімпійскага камітэта, хто працаваў з незалежнымі медыя.
Калі ты з гэтымі адчуваннямі сустракаешся кожны дзень, у пэўны момант (у мяне гэта адбылося праз тры месяцы) ты перагараеш, і ўсе эмоцыі, якія ў цябе ёсць, выходзяць на паверхню.
Мае так званыя сябры па камеры сказалі, што калі я хачу выжыць, то трэба адрэзаць усё сваё мінулае і ўсё, што знаходзіцца звонку, бо яно больш не маё. Ты не можаш на гэта паўплываць, ты амаль не можаш камунікаваць са сваімі роднымі.
Тое жыццё, якое ты сабе пабудаваў, той падмурак — яно больш не тваё. Можа, калі-небудзь ты сабе яго вернеш. Таму думкі пра гэта будуць цябе толькі разгойдваць.
Ад бяссілля ты з’едзеш з глузду. Таму ніякага мінулага, ніякага жыцця, якое было ў цябе ўчора, няма, проста забудзь пра гэта.
Далей — не думай пра будучыню, бо яна ад цябе не залежыць. Ты не ведаеш, што адбудзецца праз гадзіну. Калі да мяне зараз прыйдзе паліцыя, іх не будзе цікавіць, што я вам даю інтэрв’ю, што ў мяне стаіць сняданак, яны будуць рабіць тое, што мусяць зрабіць. То-бок я не кантралюю сваё жыццё.
Я смяяўся са сваімі адвакаткамі, бо раблю тое, што раяць усялякія коўчы: жыву момантам. Я з вамі размаўляю і атрымліваю задавальненне. Гэта мая маленькая чалавечая радасць.
Таксама я чытаю кнігі. Мне адна беларуска з Беларусі праз знаёмую даслала дзве кнігі на беларускай мове.
Ведаеце, якія радасці ў мяне як у салдата? Калі пачынаецца мая ўласная вайна: калі трэба пісаць апеляцыйныя скаргі, ваяваць з сербскім судом, калі трэба знайсці выйсце — вось тут я прачынаюся.
Але я разумею, што гэта ПТСР, бо самыя сумныя дні для мяне — субота і нядзеля. Тады нічога не адбываецца, я не ведаю, што рабіць, і пачынаю сумаваць.
— Я ўспомніла, як іранскі рэжысёр Джафар Панахі на хатнім арышце зняў фільм…
— Нешта падобнае і я раблю, калі здымаю відэа для сацсетак. У мяне ёсць два відэа на YouTube! Я зрабіў відэа, як нясу ліст да Вучыча. Гэта той ліст, які падпісалі сусветныя інтэлектуалы ў маю падтрымку. Я яго насіў уласна ў адміністрацыю Вучыча. Я абсалютна рандомным людзям даваў свой тэлефон і прасіў здымаць мяне. І пасля я змантаваў кароткі фільм пра гэта. Ціктокі — таксама вялікая справа, якую трэба рабіць.
На 17 кастрычніка я таксама запісаў відэа для журналісцкай канферэнцыі ў Бруселі. Я напісаў стэйтмент, бо
яны казалі пра будучыню, але я сказаў, што пакуль сябры-еўрапейцы глядзяць у будучыню, за іх спінай разварочваецца страшэннае мінулае: там не толькі Беларусь і Расія, а яшчэ Венгрыя, Славакія, нават у Германіі прачынаюцца галасы з мінулага.
Дык давайце глядзець у абодва бакі, а не толькі ў будучыню. Яны ўжо жывуць на планеце Альфа і гадуюць кактусы, але мы ведаем, што не ўсё добра, што мы адкаціліся на 100 гадоў назад.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Такім чынам, я трымаю сваю менталку ва ўмовах, калі сядзіш 23 гадзіны на суткі ў 15 квадратных метрах. Мой пакой памерам такі самы, як камера ў турме, але я тут адзін. Безумоўна, гэта не турма, для мяне гэта рай у параўнанні з турмой.
Ведаеце, ёсць вельмі шмат дэталяў, пра якія ніхто не думае, і я ніколі не думаў. Напрыклад, што трэба ў свой графік уключыць вынас смецця з дому. Бо калі я гэтага не зраблю ў тую гадзіну, якая ёсць у мяне ўдзень, смецце будзе стаяць да наступнага дня. У мяне былі выпадкі, калі я забываўся на смецце.
Жыццё пад хатнім арыштам — гэта не жыццё нармальнага чалавека, але якое ёсць. Я трымаюся, не збіраюся здавацца, і чым больш на мяне навальваецца праблемаў, тым мацней я з імі змагаюся.
Калі вы хочаце дапамагчы Андрэю
Андрэя Гнёта можна падтрымаць на платформе Gofundme.
Таксама актывіст звярнуўся з просьбай дапамагчы яму з праграмай для мантажу відэа.
— Каб займацца рэжысёрскай дзейнасцю, патрэбная праграма для відэамантажу. У маёй папярэдняй скончыўся тэрмін дзеяння. DaVinci Resolve — гэта прафесійная кіношная праграма. Яна каштуе 300 еўра, якіх у мяне няма. А пірацкай, ламанай, я, шчыра кажучы, не знайшоў, а яшчэ я цяпер пад пільнай увагай.
Таму наўпрост у людзей прашу ключ да гэтай праграмы, бо людзі звычайна набываюць іх оптам. То-бок можна дапамагчы ці ключом, ці 300 еўра, каб я змог займацца відэамантажом, бо пакуль у мяне ўсё спынілася, — перадаў Андрэй.