• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «З сынам я буду знаёміцца ўжо другі раз». Андрэй Кузнечык пра першы дзень на волі і шок ад новай інфармацыі

    47-гадовы журналіст Беларускай службы «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык правёў за кратамі больш за тры гады паводле палітычнага матываванага прысуду. І 12 лютага выйшаў на волю. У Вільні яго сустракалі жонка Алеся і дзеці — 5‑гадовы Мацвей і 11-гадовая Яніна, а таксама калегі.

    Пра свой першы дзень на волі, вызваленне, першыя думкі і ўражанні на волі Андрэй Кузнечык расказаў «Радыё Свабода».

    Андрэй Кузьнечык на волі. Вільня, 13 лютага 2025. Фота: Радыё Свабода

    Пра тое, як вызвалялі

    «Пачаўся як звычайны дзень. Што там у нас? Пад’ём, усё тое, што робіцца пасьля падʼёму, сечка такая смачная, цёплая, прагулка, ну а потым сказалі, што трэба зьбірацца на допыт, з дакумэнтамі.

    Дакумэнтаў у мяне ніякіх няма, таму я проста стаяў і чакаў, пакуль мяне выведуць. Мяне вывелі, і я потым чакаю яшчэ некалькі гадзін, што будзе далей. Ну я як бы не пад сьледзтвам быў, то бок мяне дапытваць не было наконт чаго. Па адчуваньнях, тое, што трэба было ад мяне ў КДБ, яны зрабілі. Былі там некаторыя сьмешныя варыянты, якога-небудзь трэцяга інтэрвію якому-небудзь блогеру там у рамках якога-небудзь чарговага шоў. Але, мяркуючы па тым, што асноўная справа была зробленая, я думаў трошку пра этапы. Адзінае, што бянтэжыла, што не былі сабраныя рэчы. Але, аказваецца, іх сабралі безь мяне.

    Ну і потым этап, звычайны этап у стылі КДБ, калі ты едзеш, нічога ня бачыш. Ну і там ужо па адлегласьцях я прыкідваю, што ну вось мы нібыта праехалі ўжо ўсе менскія тэлестудыі, дзе я мог бы паздымацца там у ОНТ, Макаёнка таксама ўжо па часе праехалі. Ну і потым я ўжо па тым, што відаць, машына разагналася і нідзе не спыняецца, падумаў, што мы едзем у Наваполацак. Да таго ж у Наваполацку ў мяне былі дакумэнты, да таго ж, наколькі я разумею, гэтыя даведкі, якія пра вызваленьне, іх таксама выдаюць у Наваполацку. І таму як бы я ехаў у Наваполацак.

    А потым аказалася, што гэта не Наваполацак, што «праз 15 хвілін будзе нешта цікавае», як нам сказалі. Ну ты адчуваеш зьбянтэжанасьць, узрушанасьць, адчуваньне нерэальнасьці таго, што адбываецца.

    Ты ехаў на машыне з маскай на твары, у кайданках, з КДБ, ехаў увогуле ў зону, а аказваецца, ты прыехаў ня ў зону, а на мяжу, цябе забралі іншыя людзі, кажуць табе добрыя словы, кажуць, што ўсё выдатна, а ты едзеш з такім тварам, нібыта там сьвет на цябе абвальваецца, і спрабуеш гэта пераварыць. Ну гэта такі шокавы стан».

    Андрэй Кузьнечык і прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Стывэн Капус. Вільня. 13 лютага. Фота: Радыё Свабода

    Пра вымушаную эміграцыю

    «Вы павінны мне зайздросьціць, бо я за адзін дзень перажыў — трапіўшы з апошняга месца ў Беларусі, у якое хто-небудзь хацеў бы трапіць па сваёй волі, ты раптам апынаесься ў свабодных умовах, не чакаўшы гэтага. Нейкі час ты думаеш, што гэта ўвогуле як бы такая падстава пад цябе, цябе вытураюць, а твая жонка і дзеці там. Што далей? Ну што яшчэ можа біць больш балюча?

    Потым усё, яны тут. Прыяжджаеш, бачыш, ну і ўсё, то бок тут як бы камень з плеч і шчасьця столькі, што ты ня можаш нармальна праяўляць яго, то бок абняцца, расцалавацца там, я ня ведаю. Ты гэта робіш, але ўсё роўна ў цябе гул у вушах стаіць — што адбылося?»

    Новае знаёмства з сынам

    «З сынам я буду знаёміцца ўжо другі раз. Першы раз мы знаёміліся ў тры гады, калі я пабачыў яго праз год пасьля разьвітаньня (забралі мяне, калі было яму два гады). Амаль праз год было першае доўгае спатканьне, куды ён мог прыехаць. Не пазнаў. Ну, фактычна за дзень мяне там не пазнаў, бо тры гады — гэта яшчэ ня той узрост, калі можна так проста нейкаму дзядзьку выказаць нейкі давер увогуле за такі кароткі прамежак часу.

    Потым, праз год, ужо ён мяне хутчэй прыняў, але тут зараз мы пакуль яшчэ наладжваем зь ім масты, бо крыху зашмат новых абставінаў для яго.

    Дзеці таксама трошку ў стрэсавым стане, пры сустрэчы сказалі: «Тата, рады цябе бачыць». Яніна чакала. У Яніны траўма будзе нейкая, відаць, яна даволі дарослая дзяўчынка, яна разумее. Можа, ня ўсё, што адбываецца. Яна да гэтага часу баіцца, што я зьнікну зноўку.

    «Што, цябе тут, — кажа, — не затрымаюць?». Кажу: «Не-не, цяпер усё будзе спакойна». Зь ёй яшчэ трэба будзе таксама наладжваць масты, тлумачыць ёй, што ўсё цяпер бясьпечна».

    Пра калег за кратамі

    «Учора, засынаючы, я хуценька прабегся па навінах, што сёньня адбывалася, і праз гэтыя спасылкі пабачыў спасылку на сьпіс затрыманых журналістаў. Я яго памятаю яшчэ з 2021 году. І я быў проста ўражаны, узрушаны вось гэтымі колькасьцямі экранаў, якія я прагортваў, і бачыў знаёмыя імёны, знаёмыя імёны, знаёмыя імёны.

    Гэтыя знаёмыя імёны — і вось гэтае адчуваньне радасьці і шчасьця, яно крыху паблякла, вяртаесься на зямлю: столькі журналістаў зараз сядзяць. То бок гэта, вядома, вельмі шакавальная інфармацыя, улічваючы тое, што калі ты сядзіш у калёніі, бачыш, як выходзяць людзі, у цябе мімаходам ствараецца ўражаньне, што нейкае пацяпленьне.

    А тут ты трапляеш да інфармацыі і бачыш, што людзей бяруць, прычым 2024 год, Божа мой, усё новае і новае, як быццам нейкі адкладзены плян, то бок гэта такія даволі гнятлівыя ўражаньні стварае».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці