Былы палітзняволены Андрэй Толчын можа знаходзіцца дома пасля выпіскі з бальніцы
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, днямі экс-журналіст Андрэй Толчын быў выпісаны з бальніцы, куды ён трапіў падчас адбыцця аднаго з адміністрацыйных арыштаў. Цяпер яго ўвесь час кантралююць, штодня прымушаюць адзначацца ў міліцыі.
Нагадаем, Андрэй Толчын — былы дэпутат Гомельскага гарсавета 21 склікання, заснавальнік газеты «Гомельскія ведамасці». У 2010‑х гг. супрацоўнічаў у якасці відэааператара з шэрагам незалежных СМІ, за што неаднаразова прыцягваўся да адказнасці.
27 верасня 2023 года яго затрымалі ў межах крымінальнай справы (садзейнічанне экстрэмізму). У сакавіку 2024 яго асудзілі на два з паловай гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вырак агучыў суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Казлоў. Суд прызнаў журналіста Андрэя Толчына вінаватым паводле часткі 1 артыкула 361–4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і часткі 2 артыкула 367 КК (Паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
У верасні 2024 года былы журналіст выйшаў з калоніі датэрмінова па памілаванні, але ўвесь час працягваў знаходзіцца пад ціскам з боку сілавых органаў.
31 кастрычніка Андрэя Толчына ізноў затрымалі. У яго жыллі сілавікі зладзілі ператрус. Пра тое, што стала прычынай пераследу і дзе ўтрымлівалі, невядома. 5 снежня 2024 года імя журналіста фігуравала ў раскладзе суда Савецкага раёна Гомеля. У той дзень Толчына было запланавана судзіць паводле адміністрацыйнага абвінавачання за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Справу, распачатую паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП, разбіраў суддзя Анатоль Мохараў.