Алесь Бяляцкі атрымае ўзнагароду NED — медаль «За заслугі перад дэмакратыяй»
Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі (NED, ЗША) абвясціў аб ушанаванні медалём «За заслугі перад дэмакратыяй» беларускага праваабаронцы, экс-палітвязня, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніка ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі адзначаны ўзнагародай за дзесяцігоддзі працы ў абарону свабоды, правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, гаворыцца ў паведамленні NED у Facebook.
У NED адзначылі, што Алесь Бяляцкі перажыў зняволенне і шматгадовы пераслед за сваю барацьбу супраць аўтарытарнага рэжыму, дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і падтрымку людзей, чые асноўныя правы былі парушаныя.
«Мы ганарымся магчымасцю адзначыць яго выключную мужнасць і непахісную адданасць дэмакратычнай будучыні Беларусі», — заявілі ў арганізацыі.
Паведамляецца, што медаль NED Алесю Бяляцкаму ўручаць сёлета восенню.
Узнагарода Democracy Service Medal (медаль «За заслугі перад дэмакратыяй») уручаецца людзям, якія прадэманстравалі «асабістую адданасць справе прасоўвання свабоды і правоў чалавека, а таксама пабудовы дэмакратычных інстытутаў».
У 2024 годзе гэтай медаллю была ўзнагароджана дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
National Endowment for Democracy (NED, Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі) — гэта амерыканская недзяржаўная некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў 1983 годзе. Яе місія — падтрымка развіцця дэмакратыі, правоў чалавека, свабодных СМІ, грамадзянскай супольнасці і незалежных прафсаюзаў па ўсім свеце.
«Сысці ў цень — значыць прызнаць паразу». Алесь Бяляцкі пра місію медыя ў выгнанні
@bajmedia