• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Анджэй Пачобут чатыры гады за кратамі

    25 сакавіка 2021 года ў Гродне сілавікі затрымалі журналіста і грамадскага актывіста Анджэя Пачобута. Яго асудзілі да 8 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    Анджэй Пачобут. Фота: press.pl

    Анджэя Пачобута звінавацілі ў распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце (артыкул 130 Крымінальнага кодэкса) і ў закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (артыкул 361 Крымінальнага кодэкса).

    У крымінальнай справе, распачатай супраць журналіста выдання Gaze­ta Wybor­cza і актывіста Саюза палякаў Беларусі, фігуравалі яго артыкулы пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939 года, пра падаўленне мірных пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе і пра Анатоля Радзівоніка — аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

    Ціск у Наваполацкай калоніі

    Журналіст адбывае прысуд у наваполацкай папраўчай калоніі № 1, якая лічыцца адной з самых жорсткіх паводле ўмоў утрымання палітычных вязняў.

    Інфармацыі пра побыт Анджэя Пачобута за кратамі вельмі мала: звесткі пра яго даходзяць толькі праз былых вязняў калоніі. У канцы мінулага года стала вядома, што адразу пасля каранціннага аддзялення па прыбыцці журналіста змясцілі ў штрафны ізалятар. Потым яго неаднаразова кідалі на працяглы тэрмін у памяшканне камернага тыпу — спецыяльную турэмную камеру на тэрыторыі калоніі.

    У зняволенні ў Анджэя істотна пагоршыўся стан здароўя. Ён пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з сэрцам і зрокам. Тым не менш, вядома, што ў калоніі яму пэўны час не давалі неабходных лекаў. Месяцамі да яго не даходзяць лісты і перадачы, а спатканняў і тэлефанаванняў з роднымі практычна не было. Грашовыя пераводы Анджэю Пачобуту забароненыя, паколькі 4 кастрычніка 2022 года КДБ уключыў яго ў «спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

    Вымагалі падпісаць прашэнне аб памілаванні

    Былыя зняволеныя адзначаюць, што, нягледзячы на ўсё цяжкасці, Анджэй Пачобут «не здаецца». Тыя, хто разам з ім быў за кратамі, распавядаюць, што да журналіста неаднаразова прыязджалі з прапановамі напісаць прашэнне аб памілаванні і нават прапаноўвалі падпісаць ужо гатовыя паперы. Пачобут не пагадзіўся.

    Увосень 2024 года ў якасці ўмовы вызвалення Анджэя Пачобута гаварылася пра ягоны ад’езд з Беларусі. Пра тое, што палітвязень Андрэй Пачобут нібыта сам не хоча памяняць беларускую турму на Польшчу, заяўляў  Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі нацыянальных супольнасцяў, якія жывуць у Беларусі.

    Прапагандыст Юрый Васкрасенскі сцвярджаў, што журналіста нібыта гатовыя былі выпусціць з умовай, што яго забярэ на тэрыторыі Беларусі сам міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Але польскі бок не аднойчы заўважаў, што ў гэтым пытанні варта зважаць на пазіцыю самога палітвязня і лічыцца з тым, што ён можа не пагадзіцца на тое, каб пакінуць Беларусь без магчымасці туды вярнуцца.

    «Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм». Чалавекам года па версіі «Нашай Нівы» стаў журналіст Анджэй Пачобут

    Розгалас пра справу Анджэя Пачобута

    Пасля затрымання 25 сакавіка 2021 года ў Гродне Пачобута даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта ў Мінску. Пазней перавялі ў жодзінскую следчую турму № 8, а потым у СІЗА пры турме № 1 у Гродне.

    Следства па ягонай справе цягнулася амаль 20 месяцаў, увесь гэты час журналіста ўтрымлівалі пад вартай за кратамі. Суд над Анджэем Пачобутам распачаўся ў студзені 2023 года і праходзіў у закрытым рэжыме. Вырак журналісту — 8 гадоў пазбаўлення волі — суддзя Гродзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык агучыў 8 лютага.

    Польшча адрэагавала на пераслед журналіста і актывіста Саюза палякаў Беларусі рашучым асуджэннем. Назаўтра польскі афіцыйны бок абвесціў, што закрывае памежны пераход з Беларуссю.

    26 траўня 2023 года суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Анджэю Пачобуту без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

    Лёсам Анджэя Пачобута заклапочана міжнародная журналістцкая супольнасць, у яго падтрымку выказаліся шматлікія праваабарончыя арганізацыі. 31 сакавіка 2021 года беларуская праваабарончай супольнасць прызнала яго палітычным вязнем. За мінулыя чатыры гады прайшлі дзясяткі акцый салідарнасці са зняволеным журналістам. Летась у сакавіку польская рэдакцыя амерыканскага выдання Newsweek узнагародзіла Анджэя Пачобута прэміяй імя Тэрэсы Таранскай у намінацыі «Фігура дзесяцігоддзя». 31 ліпеня 2024 года Варшаўская рада ўрачыста абвясціла журналіста ганаровым жыхаром Варшавы.

    Менш чым праз месяц Анджэю Пачобуту мае споўніцца 52 гады.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці