• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Анджэя Пачобута асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

    Сёння, 8 лютага, у абласным судзе Гродна суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес прысуд палітзняволенаму журналісту і актывісту польскай меншасці Анджэю Пачобуту. Суддзя прыгаварыў журналіста да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Прысуд Анджэю Пачобуту — помста за іншадумства. БАЖ патрабуе вызвалення журналіста

    Судовы працэс пачаўся 16 студзеня і праходзіў у закрытым рэжыме. Перад гэтым суд некалькі разоў пераносіўся.

    Анджэя Пачобута абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

    • арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь,

    • арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.

    Суддзя Дзмітрый Бубенчык вядомы сваімі палітычнымі прысудамі. Ён караў тэрмінамі людзей, якія асуджалі вайну ва Украіне, выказвалі нязгоду з рэжымам Лукашэнкі і гвалтам з боку сілавікоў да мірных грамадзян. Падставай для прысудаў ад 4 да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, якія выносіў суддзя, станавіліся каментары і рэпосты ў сацсетках.

    Вечарам 8 лютага ў Беластоку (Польшча) адбудзецца акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам, якую арганізуюць мясцовыя актывісты, знаёмыя, калегі і сябры журналіста.

    Анджэй Пачобут — журналіст і адзін з лідараў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Ён быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі грамадскай арганізацыі польскай меншасці.

    За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». У матэрыяле Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуруюць заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

    Увесь час зняволення —  а гэта амаль два гады — журналісту былі забароненыя спатканні са сваякамі, ягоныя лісты цэнзураваліся, блакавалася ліставанне журналіста з 12-гадовым сынам, а адвакаты працягваюць маўчаць, баючыся быць пазбаўленымі ліцэнзіі. З 14 красавіка па 17 мая 2021 года Пачобут знаходзіўся ў мінскім СІЗА на Валадарскага ў ізалятары, дзе праводзяць апошнія дні асуджаныя да смяротнага пакарання — так званым калідоры смерці. Пасля Анджэй утрымліваўся ў СІЗА Жодзінскай і Гродзенскай турмаў. Нягледзячы на ціск, журналіст неаднаразова адхіляў прапанову аб вызваленні ў абмен на просьбу аб памілаванні і ад’езд з краіны.

    У сярэдзіне жніўня 2022 года Анджэй пачаў знаёміцца са справай. Каб паспець усё прачытаць, нават адмаўляўся ад абедаў. У кастрычніку 2022 года КДБ РБ унёс Анджэя Пачобута ў спіс тэрарыстаў. Беларускія праваабарончыя колы, польскія ўлады і міжнародная супольнасць прызналі крымінальныя справы супраць прадстаўнікоў польскай меншасці, у тым ліку Анджэя Пачобута «палітычна матываванымі», размова ідзе пра рэпрэсіі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і свабод грамадзян.

    У адным са сваіх лістоў на волю Анджэй Пачобут напісаў:

    «Ідзе 17 месяц майго зняволення. Калі азіраюся назад, дык здаецца яшчэ нядаўна я быў у Жодзіна і пазнаваў, ці лепш сказаць знаёміўся, з «турэмнымі ўніверсітэтамі», а ўжо хутка канец следства і перадача справы ў суд. Хоць, канешне, я не маю ніякіх ілюзіяў наконт прысуду, але ўсё адно хочацца хутчэй мець гэта за сабой і ехаць у лагер.

    Дарэчы ў маі 2021 года, калі я этапам ехаў з Валадаркі ў Жодзіна — гэта быў самы прыемны момант майго зняволення. Цягнік вырваў з турэмнай статыкі, вецер праз адкрытую канваірамі фортку — была спёка — нагадваў пра волю… Цёплая атмасфера ў камеры-купэ — хлопцы ўсе палітычныя ехалі пасля прысудаў у лагеры з вялікімі — як мне тады здавалася прысудамі — 3, 4, 7 гадоў пазбаўлення волі… Я быў адзіны ў каго не было яшчэ суду.

    Што ж, мінула з таго часу ўжо больш за год, шмат чаго змянілася, але нягледзячы на гэта настрой у мяне бадзёры, а натхненнем служаць лёсы людзей, якія сядзелі ў сталінскія часы. Шмат каго з іх я меў гонар ведаць асабіста. Цяпер узгадваю іхныя аповеды, і яны, шмат хто ўжо з таго свету, дадаюць мне веры, упэўненасці і аптымізму».

    Чытайце яшчэ:

    “Я не пераборлівы”. На “казённых харчах” у калоніі Андрэй Кузнечык заўважна схуднеў

    Белорусской журналистке в Варшаве отказали в размещении рекламы ее магазина на белорусском языке

    МФЖ/ЕФЖ запускают кампанию по сбору средств для поддержки украинских журналистов

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці