Зноў у ПКТ, без перадач і амаль без лістоў: Анджэй Пачобут пяць гадоў за кратамі
Сёння пятая гадавіна затрымання журналіста Анджэя Пачобута. 25 сакавіка 2021 года супрацоўнікі сілавых органаў прыйшлі да яго дамоў і пасля доўгага ператрусу даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта ў Мінску. З таго дня Анджэй за кратамі. Распавядаем, што пра яго вядома на сёння і згадваем гісторыю яго пераследу, якая цягнецца ўжо 20 гадоў.

Анджэй Пачобут. Фота: БелТА
Затрыманне і прапановы напісаць просьбу аб памілаванні
Анджэй адбывае прысуд зняволеннем на 8 гадоў у папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку. Як стала вядома БАЖ з уласных крыніц, ён цяпер знаходзіцца ў ПКТ, дзе яго ўтрымліваюць большую частку часу зняволення. Перапіска з палітвязнем вельмі абмежаваная, ён сядзіць без перадач ад сваякоў.
Пачобута асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: арт. 361 — заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, і арт. 130 — распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы.
Журналісту закідалі ў віну, што ён у публікацыях у медыях называў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Таксама інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў польскім выданні Gazeta Wyborcza пра беларускія паслявыбарчыя пратэсты ў 2020‑м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе, прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гарадзеншчыне.
25 сакавіка 2021 года, калі прыйшлі па Пачобута, у той жа дзень у Гродне па так званай «польскай справе» былі затрыманыя іншыя актывісты Саюза палякаў у Беларусі, да якога таксама належыць журналіст.
Увосень 2021 года Пачобуту прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён адмовіўся. Далей журналіст неаднаразова адхіляў прапановы аб вызваленні ў абмен на прашэнне аб памілаванні і ад’езд з Беларусі.
З 14 красавіка па 17 мая 2021 года Пачобут знаходзіўся ў мінскім СІЗА на Валадарскага ў ізалятары, дзе праводзяць апошнія дні асуджаныя да смяротнага пакарання — так званым калідоры смерці. Пасля Анджэй утрымліваўся ў СІЗА Жодзінскай і Гродзенскай турмаў.
31 сакавіка 2021 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем. Дэпутат Еўрапарламента Роберт Бедрань стаў сімвалічным хросным журналіста.
Станіслаў Пачобут: Анджэй не можа здрадзіць сваім ідэалам, хаця кошт гэтага вельмі высокі
«Пазбаўляюць абсалютна ўсяго»
4 кастрычніка 2022 г. КДБ дадаў Анджэя Пачобута ў «Спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Судовы працэс над журналістам пачаўся 16 студзеня 2023 года ў Гродзенскім абласным судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Перад гэтым суд некалькі разоў пераносіўся.
8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес Пачобуту прысуд — 8 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Пасля прысуду Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла прапускны пункт на мяжы з Беларуссю «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца»).
Напрыканцы чэрвеня 2023 года Анджэй быў этапаваны ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацку. Адразу ж пасля «каранціну» палітвязня змясцілі ў ШІЗА па невядомых прычынах, дзе ўтрымлівалі 30 сутак запар. Потым накіравалі працаваць на чыстцы электрычнага дроту — здабычы медзі.
З сярэдзіны жніўня 2023 года Пачобут шэсць месяцаў утрымліваўся ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Паводле інфармацыі з сацсетак родных журналіста, гэтае пакаранне яму прызначылі за адмову ад працы, якую яму нельга выконваць.

Анджэй Пачобут у судзе. Горадня, 16 студзеня 2023 года
«Фельчар адмовілася падпісаць даведку, што ён па стане здароўя можа знаходзіцца ва ўмовах ПКТ, бо пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск 190/140. Але на наступны дзень прыйшоў больш дасведчаны медык — лекар-тэрапеўт і падпісаўшы даведку, адправіў яго ў ПКТ. Цяпер падчас вымярэння ціску Анджэю не паказваюць лічбы», — пісала Аксана Пачобут, жонка палітвязня, у сацсетках у жніўні 2023 года.
У лютым 2024 года стала вядома, што Анджэй правёў у ізаляцыі 8 месяцаў. За той час яму не дазволілі ніводнага спаткання і ніводнай перадачы. Пра гэта стала вядома з допісу ў Facebook жонкі палітзняволенага журналіста.
«Сёння роўна год, як агучылі прысуд на 8 гадоў зняволення для Анджэя. З тае пары, як ён паехаў адбываць пакаранне ў наваполацкую калонію, у яго не было ніводнага спаткання, ніводнага званка, ніводнай перадачы, нават з рэчамі. Пазбаўляюць абсалютна ўсяго», — напісала Аксана Пачобут 8 лютага 2024 года.
Чый прыклад дае сілы трымацца?
Паводле звестак праваабаронцаў, практычна ўвесь час зняволення ў папраўчай калоніі № 1 Анджэя Пачобута трымалі ў ПКТ. Пра гэта ж казалі вязні, якія сядзелі ў наваполацкай калоніі № 1 — што як толькі журналіста выпускалі пасля чарговага тэрміну, то ў той жа дзень «прыпісвалі» новае парушэнне і вярталі ў ПКТ зноў.
У зняволенні ў журналіста абвастрыліся даўнія праблемы са здароўем: у лістах ён скардзіўся на болі страўніку, у яго быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца.
«Яго ўжо два гады трымаюць у рэжыме абсалютнага інкамунікада, пастаянна ўтрымліваюць у ПКТ. Няма перапіскі, няма магчымасці перадач. Невядома нават, ці ёсць у яго, прабачце, ніжняя бялізна, ці не», — распавядалі крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Вярхоўны суд 26 траўня 2023 г. разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Пачобуту без змен, а скаргу — без задавальнення.
23 чэрвеня 2023 года МУС унёс палітвязня ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Увесь час зняволення Пачобуту былі забароненыя спатканні са сваякамі, ягоныя лісты цэнзураваліся, блакавалася ліставанне журналіста з няпоўнагадовым сынам.
У адным са сваіх лістоў на волю Анджэй Пачобут напісаў:
«Ідзе 17 месяц майго зняволення. Калі азіраюся назад, дык здаецца яшчэ нядаўна я быў у Жодзіна і пазнаваў, ці лепш сказаць знаёміўся, з «турэмнымі ўніверсітэтамі», а ўжо хутка канец следства і перадача справы ў суд. Хоць, канешне, я не маю ніякіх ілюзіяў наконт прысуду, але ўсё адно хочацца хутчэй мець гэта за сабой і ехаць у лагер.
<…> настрой у мяне бадзёры, а натхненнем служаць лёсы людзей, якія сядзелі ў сталінскія часы. Шмат каго з іх я меў гонар ведаць асабіста. Цяпер узгадваю іхныя аповеды, і яны, шмат хто ўжо з таго свету, дадаюць мне веры, упэўненасці і аптымізму».
У яшчэ адным з лістоў Пачобут распавядаў, што давала яму сілы трымацца:
«Я думаю пра тых, хто сядзеў у гэтых сценах у 40–50‑я гады і яны чакалі суда. Ім было цяжэй, у тыя гады гэта было сапраўднае пекла. Іх прыклад дае сілы. Мы не выбіраем час, у якім мы жывем, але мы выбіраем, як нам жыць у той час. Вядома, я ніколі не думаў, што гісторыя раптам стане такой небяспечнай, але рэчаіснасць заўсёды здзіўляе. У гэтым і заключаецца яе прыгажосць».
«Баброўнікі» і прэмія Сахарава
Лукашэнка згадваў Пачобута напярэдадні 52-га дня народзінаў журналіста, які ён сустрэў за кратамі ў красавіку 2025 года — казаў, што хацеў выдаць яго Польшчы, аднак польскі бок адмовіўся, гэтак жа, як і сама Анджэй. Аднак кіраўніца Саюза палякаў у Беларусі пасля сустрэчы з журналістам яшчэ ўвесну 2024 года казала, што ён гатовы пакінуць Беларусь.
Анжэліка Борыс зноў сустрэлася з Анджэем у калоніі 23 верасня 2025 года. Яна распавяла, што журналіст моцна схуднеў, важыў 73 кілаграмы. Тыдзень правёў у шпіталі, аднак казаў, што пачуваецца добра і атрымлівае неабходныя лекі.
17 лістапада 2025 года Польшча адкрыла памежны пераход «Баброўнікі» (з беларускага боку — «Бераставіца»), аднак Пачобут так і не быў вызвалены.
У 2025 годзе Анджэй стаў лаўрэатам прэміі Еўрапарламента «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава — за мужную барацьбу за правы чалавека, свабоду слова і крытыку рэжыму Лукашэнкі.

Дачка Анджэя Пачобута Яна ў Еўрапарламенце атрымлівае за бацьку прэмію імя Андрэя Сахарава. Скрыншот відэа
Гісторыя пераследу даўжынёй у 20 гадоў
Анджэй Пачобут нарадзіўся 16 красавіка 1973 года ў Вялікай Бераставіцы ў Гродзенскай вобласці. У 1998 годзе скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З 1999 па 2001 гады працаваў выкладчыкам права ў Гродзенскім дзяржаўным політэхнічным каледжы і недзяржаўным тэхнікуме права і бізнесу. З 2002 года стаў займацца журналістыкай.
Працаваў у гродзенскіх газетах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», «Глос з‑над Немна», а таксама быў карэспандэнтам агульнанацыянальнай незалежнай газеты «Народная Воля». Займаў пасаду галоўнага рэдактара «Magazynu Polskiego na uchodźstwie» — часопіса Саюза палякаў у Беларусі. Быў актыўным сябрам Саюза палякаў у Беларусі, да якога належаў з пачатку 1990‑х гадоў. З 2006 года з’яўляўся карэспандэнтам у Беларусі буйнога польскага выдання «Gazeta Wyborcza».
Журналіст ужо быў прызнаны раней палітзняволеным. У 2011 годзе Гродзенская абласная пракуратура ўзбудзіла супраць яго крымінальную справу па абвінавачанні ў абразе і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Судовы працэс быў закрытым. 5 ліпеня 2011 года суддзя Ленінскага раёна Гродна Віталь Ляцко асудзіў Анджэя на тры гады пазбаўлення волі за паклёп на Лукашэнку з адтэрміноўкай на два гады. Журналіст быў вызвалены ў зале суда.
У 2012 годзе была новая крымінальная справа, ізноў за паклёп на Лукашэнку. Гэта было вельмі небяспечна, бо пакаранне па другой справе адразу б прывяло да рэальнага заключэння. Але ж ізноў — увага міжнароднай і беларускай грамадскасці прывяла да таго, што справа ў сакавіку 2013 года была спыненая «за недаказанасцю ўдзелу абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства».
Аднак гісторыя пераследу Пачобута цягнецца з яшчэ больш даўніх часоў, падкрэслівае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Бо Анджэй не толькі працаваў як журналіст у беларускіх і польскіх медыя, але й быў адным з лідараў Саюза палякаў у Беларусі. Саюз трапіў пад ціск беларускіх уладаў у 2005 годзе. З арыштамі, АМОНам, захопам будынкаў, вялікім дыпламатычным скандалам з удзелам ЕС і ЗША… Тады Анджэй атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Анджэй Пачобут. Фота: «Радыё Свабода»
«І ва ўсе гэтыя часы — ад арышту да арышту, ад справы да справы — былі спробы КДБ націснуць на Анджэя. Безпаспяховыя. А ён іх апублічваў. На мой погляд, у справе Анджэя Пачобута варта казаць не толькі пра адзін прысуд (жудасны). Гэта — гісторыя спробаў рэпрэсіўнай машыны зламаць вольнага чалавека, гісторыя помсты, гісторыя з закладнікамі. І гэта — гісторыя супрацьстаяння. Мужнасці. Годнасці. Хацелася б, каб усё скончылася як мага хутчэй. Вызваленнем Анджэя, вызваленнем іншых нашых калег, усіх палітвязняў», — кажа кіраўнік БАЖ.
@bajmedia