Стала вядома, якую аперацыю перанёс за кратамі журналіст-палітвязень Пачобут
Журналісту-палітвязню Анджэю Пачобуту ў турэмным шпіталі рабілі аперацыю па выдаленні язваў на скуры.

Журналіст Анджэй Пачобут на паседжанні Гарадзенскага абласнога суда. 16 студзеня 2023. © Leonid Shcheglov/Pool via AP
Пра гэта расказала кіраўніца неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, якая нядаўна наведвала Пачобута ў калоніі.
«Ён пакутуе на гіпертанію і арытмію. Апошнім часам у яго часта бывае падвышаны ціск. У верасні ў турэмным шпіталі ён перанёс аперацыю — выразалі язвы, якія ўтварыліся на скуры», — паведаміла яна ў інтэрв’ю часопісу Newsweek.
Борыс сустракалася з Пачобутам 23 верасня. Пасля сустрэчы яна расказала, што палітвязень правёў тыдзень у шпіталі, дзе паправіўся — цяпер ён важыць 73 кг. Таксама ён заявіў, што атрымлівае неабходныя лекі.
Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года па «справе палякаў». У лютым 2023-га яго асудзілі на 8 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў распальванні варожасці і закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі (артыкулы 130 і 361 КК). У дзяржаўных СМІ паведамлялася: у віну Пачобуту ставілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе.
