• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларуска, якая апавядае пра народ нгаі тухаэ. Гутарка з пераможцай World Press Photo Таццянай Чыпсанавай

    Праект беларускі Таццяны Чыпсанавай «Тэ Урэўэра — жывы продак народу тухаэ» перамог у катэгорыі «Доўгатэрміновы праект» рэгіёну Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Акіяніі ў конкурсе World Press Pho­to. У ім Таццяна апавядае пра народ нгаі тухаэ, які жыве ў прыродаахоўным рэгіёне Тэ Урэўэра ў Новай Зэляндыі.

    інтэрв'ю з пераможцай World Press Photo Таццянай Чыпсанавай

    Тацяне Чыпсанавай 44 гады, яна родам з Бабруйску. Цяпер жыве ў Новай Зэляндыі. Яе карані з народу комі, які жыве на паўночным захадзе Ўралу. Фатаграфіяй Тацяна займаецца больш за 20 гадоў.

    «Гэта была звычайная люстэркавая камэра», — узгадвае Тацяна пра пачатак свайго творчага шляху. Гэта адбылося ў Шатляндыі, куды яна трапіла ў студэнцкай праграме. Сяброўка пазычыла ёй фотаапарат свайго бацькі падчас падарожжа на Аркнэйскія выспы: «Менавіта тады я закахалася ў фатаграфію і зразумела, што хачу займацца фатаграфіяй».

    Пасьля Шатляндыі Тацяна тры гады жыла ў Лёндане, дзе вучыла ангельскую мову. Там сустрэла мужа, яны пераехалі ў Бразылію. У гэтай краіне дзяўчына зацікавілася тэмай карэнных народаў.

    «Я здымала бразыльскіх індзейцаў. Мы жылі якраз на іхнай зямлі, якую яны адстойвалі на той момант 20 гадоў. І я зь імі пасябравала», — кажа Тацяна.

    У Бразыліі ў Тацяны нарадзілася дачка, сям’я пераехала ў Новую Зэляндыю. Там беларуска вучылася фатаграфіі ва ўнівэрсытэце, а таксама пачала працаваць у Нацыянальным архіве — аблічбоўвала архівы. Так яна даведалася пра народ тухоэ. Пасьля пачала езьдзіць да іх у рэгіён і здымаць, як яны жывуць.

    «Мы езьдзілі з маёй 8‑гадовай дачкой, і мясцовыя жыхары прынялі нас у сваю сям’ю. Таму ў мяне быў доступ да розных момантаў жыцьця гэтага народу», — кажа Тацяна.

    Адзін з фатаздымкаў праекту, зь якім перамагла Тацяна Чыпсанава. Вучні мясцовай школы засвойваюць асноўныя навыкі сельскай гаспадаркі на арганічнай малочнай фэрме — агульнай справе шасьці сем’яў. Руатокі, Новая Зэляндыя

    Народ нгаі тухаэ з рэгіёну Тэ Урэўэра ў Новай Зэляндыі імкнецца захаваць сваю незалежнасьць і культурную ідэнтычнасьць, зьвязаную з маарыйскай мовай і традыцыямі. Нядаўнія зьмены ў палітыцы ўраду краіны ўспрымаюцца як абмежаваньне правоў карэнных народаў. Правы ўрад скасаваў цяжка здабытыя дасягненьні карэнных народаў — і гэта выклікала масавыя пратэсты. У той жа час зьяўляюцца ініцыятывы — такія як фэрма Татай Фэту, што здымала Тацяна — якія натхняюць маладое пакаленьне захоўваць традыцыі і адраджаць культуру.

    інтэрв'ю з пераможцай World Press Photo Таццянай Чыпсанавай

    Адзін з фатаздымкаў праекту, зь якім перамагла Тацяна Чыпсанава. Міхіята Тэпа і яе таварышы па камандзе «Tūhoe Māori Rug­by League U16» выконваюць хаку — цырыманіяльны танец — падчас трэнаваньня перад гульнёй. Ратаруа, Новая Зэляндыя

    «Праз мае карані мы адразу знайшлі з мясцовымі жыхарамі кантакт. Мой бацька — нашчадак народу комі. Бабуля і дзядуля былі стараверы, жылі ў абсалютнай ізаляцыі на рацэ Пячоры, там 25 км да бліжэйшага суседа. Жылі там рыбалоўствам, паляваньнем — так, як жывуць, мабыць, індзейцы ў некаторых месцах на зямлі, — тлумачыць Тацяна. — А ў Бабруйску бацька працаваў на карабельным заводзе. Ён браў нас з сабою, і мы бавілі вольны час на рацэ і ў лесе. Думаю, так мне перадалася любоў да прыроды».

    Тамэ Іці, вядомы актывіст Тухаэ з традыцыйным тату на твары на цырымоніі Дня ўрэгуляваньня адносін паміж народамі Тухаэ і Краўнам у 2014 годзе, дзе ўрад афіцыйна выбачыўся за гістарычныя несправядлівасьці. Танэатуа, Новая Зэляндыя

    Тацяна Чыпсанава як фатографка супрацоўнічае з The New York Times і іншымі сусьветнымі мэдыя. Летась яна далучылася да адукацыйнай праграмы Pho­toArt­Doc і стала адной зь пераможцаў Незалежнага беларускага фэстывалю фатаграфіі Pho­toArt­Doc — праекту Беларускай незалежнай асацыяцыі фатографаў. У праекце «In My Shoes» фатографка дасьледавала адносіны з сваёй 17-гадовай дачкой.

    «Можна сказаць, што я своечасова пазнаёмілася зь беларускай супольнасьцю, бо гэтую ўзнагароду цяпер я быццам магу разьдзяліць зь беларускімі фатографамі», — кажа Тацяна.

    Апошні раз яна была на радзіме ў 2015 годзе.

    «Але мы ўсе, беларусы, сачылі і перажываем тут тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі і ва Ўкраіне. Часам я раблю гісторыі пра беларусаў, але рэдка. Але заўсёды гэта нейкія дрэнныя гісторыі, як, напрыклад, наш урад спрабуе дастаць беларусаў праз Inter­pol. Увогуле беларусы баяцца фатаграфавацца. Яны наагул ня хочуць, каб беларускія ўлады нешта пра іх ведалі. Таму яны тут сядзяць ціха-ціха», — кажа Тацяна.

    Конкурс World Press Pho­to праводзіцца з 1955 году і штогод адзначае найлепшых фотажурналістаў і дакумэнталістаў, якія апавядаюць важныя гісторыі праз аб’ектыў. У конкурсе ўдзельнічаюць тысячы прафэсіяналаў з усяго сьвету, а перамога лічыцца адной з самых значных узнагародаў у сьвеце фотамастацтва.

    У 2025 годзе на конкурс World Press Pho­to падалі 60 000 работ 3778 фатографаў з 141 краіны.

    Тацяна Чыпсанава — трэцяя фатографка зь Беларусі, якая стала пераможцай конкурсу World Press Pho­to. У 2021 годзе адным зь пераможцаў стаў здымак фотажурналісткі Надзеі Бужан, на якім Вольга Севярынец чакае свайго мужа ля Акрэсьціна. А ў 2020 у конкурсе перамагла сэрыя фота Тацяны Ткачовай пра жанчын, якія зрабілі аборт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці