• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Белсат» запрашае на прэм’еру праграмы «Падляшскія вакацыі»

    Праграма-таямніца, праграма-вандроўка, праграма-сюрпрыз — так аўтары праграмы прэзентуюць сваё дзецішча.

    Фота са здымак першага эпізоду праграмы «Падляшскія вакацыі». Скрыншот відэа. Крыніца: Белсат

    Маладыя беларускія спевакі прыязджаюць на Падляшша, каб падарожнічаць, раскрываць сакрэты і развязваць квэсты з дапамогаю сваіх равеснікаў з Беласточчыны. Ці вядзе гэтае падарожжа ў Беларусь? Варта спраўдзіць, перадае «Белсат».

    «Божа, я трызню ўжо гэтым Падляшшам. Я мару аб ім. Я сню яго. Вельмі сумую па кожнай хвіліне, што там правяла, і чакаю чарговых загадак і здымак», – дзеліцца ўражаннямі з удзелу ў праграме «Падляшскія вакацыі» адна з яе вядоўцаў Уля – салістка беларускага рок-гурта «Ates­ta».

    Уля прызнаецца, што падчас здымак увесь час згадвала (і згадвае дагэтуль) свае дзіцячыя вакацыі ў бабулі ў Беларусі.

    «Рэальна такія самыя адчуванні. І толькі так я магу туды вярнуцца!» – кажа дзяўчына.

    Вядоўцы праекту Ілля Фіёнік, Аня Бяляўская, Дзёня Мандзік і Уля падчас здымак першага эпізоду. Скрыншот з відэа. Фота: Белсат

    «Я проста ўся прапахла Падляшшам»

    Гэта праўда: «Падляшскія вакацыі» вяртаюць у Беларусь. Будуць вяртаць кожнага гледача да бабуль, да беларускіх краявідаў, даляглядаў і водараў.

    «Я проста ўся прапахла Падляшшам», – дзеліцца Уля.

    Яна прасяклася не толькі пахамі, але і таямнічай падляскай гаворкаю, якой яе вучыць у праграме ейны напарнік Ілля Фіёнік – малады польскі спявак, актор і краязнаўца, які называе сябе падляскім беларусам («А я яму кажу: які ж ты беларус – у цябе няма беларускага пашпарту», – смяецца Уля).

    Дзякуючы Іллі беларуска ведае ўжо тузін падляскіх словаў і дзеліцца з намі новым – «жапуга» (але яго сэнс трымае пад сакрэтам).

    Таямнічасць, лёгкасць, нязмушанасць, дарога. У гэтым, напэўна, сакрэт прыцягальнасці «Падляшскіх вакацыяў».

    «Паслухай, праграму не трэба глядзець як нейкую інфармацыйную энцыклапедыю пра Падляшша. Гэта больш гульня, экскурсія. У ёй няма акадэмізму і адукацыйных формулаў. «Падляшскія вакацыі» можна глядзець, гатуючы абед, напрыклад, як бы адным вокам. Адпачываючы. І гэта добра! Бо гэта ж вакацыі! Але нават калі адным вокам, цябе ўсё адно захопяць краявіды і гісторыі людзей, з якімі мы сустракаемся», – запэўнівае нас Ілля Фіёнік.

    Што значыць жыць па-падляску

    Закадравы голас на пачатку першай серыі: «Героі будуць гаварыць, спяваць і жыць па-падляску і па-беларуску». Добра, што значыць «гаварыць і спяваць» па-падляску, нам больш-менш зразумела. Але як гэта – жыць па-падляску? Пытанне адрасуем рэдактару «Падляшскіх вакацыяў» – беластоцкаму журналісту Змітру Косціну.

    «Усё проста, і жыхары вялікіх гарадоў адразу адчуюць, што гэта такое. Жыць па-падляску – гэта значыць нікуды не спяшацца, паўсюль паспяваць, звяртаць увагу на дробязі, жыць у грамадзе. У гарадах усе спешна ляцяць на працу, нярэдка не вітаюцца з суседзямі – тут такое не пройдзе! Тут самая супольнасць вымагае таго, каб быць яе часткаю, і тады проста адчуваеш сябе ў гэтым трошкі па-сямейнаму. Гэта і ёсць жыць па-падляску», – усміхаецца Зміцер Косцін.

    Зміцер прызнаецца, што праграма «Падляшскія вакацыі» сталася ў нейкім сэнсе ажыццяўленнем ягонай асабістай мары. Ён жыве на Беласточчыне ўжо 17 гадоў і з сумам адзначае, што большасць беларусаў і ў Польшчы, і на радзіме слаба ведаюць пра сапраўднае багацце Падляшша, пра «самабытную беларушчыну», што тут захавалася. Матэрыялы пра Падляшша з’яўляліся і раней у праграмах «Белсату», такіх як «Беларускі свет», «Беларусы ў Польшчы», але ўсе яны мелі, хутчэй, публіцыстычны характар.

    Вядоўцы праекту Зміцер Косцін, Аня Бяляўская, Дзёня Мандзік падчас здымак першага эпізоду. Скрыншот відэа. Фота: Белсат

    «А тут зʼявілася ідэя паказаць у больш свабодным фармаце трошкі загадак, трошкі спаборніцтва, што на Беласточчыну варта прыехаць, варта шукаць тут сляды беларушчыны, сляды памежжа. Усё гэта тут унікальнае. Бо і беларуская тутэйшая культура, і польская тутэйшая культура моцна ўплываюць адно на адну, і выходзіць цікавы мікс», – тлумачыць рэдактар «Падляшскіх вакацыяў».

    Паводле словаў Змітра Косціна, чакаецца выхад 10 серыяў, здымачная каманда зрэалізавала ўжо палову праекту. Праца кіпіць.

    «Так, мы ў працэсе, які, напэўна, скончым да канца лета. І таму, я думаю, усё лета можна будзе падарожнічаць разам з намі па Беласточчыне, чуць Падляшша, каштаваць Падляшша, жыць па-падляску», – кажа Зміцер Косцін.

    Але рэдактар праекту заклікае не толькі «скаштаваць Падляшша» з экрану, але абавязкова наведаць яго ў рэальнасці.

    «Хто адчувае сантыменты да свойскасці, Беласточчына хоць троху мёду на сэрца накапае», – упэўнены наш суразмоўца.

    «Для мяне адкрываецца новы дзіўны сусвет»

    Беларускі рэпер і яшчэ адзін вядоўца праекту Дзяніс Мандзік (Дзёня Mandzik) таксама з нецярплівасцю чакае выезду на здымкі чарговых эпізодаў. Але пра мёд на сэрца не згадвае. Хлопца захапілі падляскія галубцы і бабка, якімі частавалі герояў «Падляшскіх вакацыяў» мясцовыя жыхары (дарэчы, галубцы на Падляшшы са смятанай не ядуць, сцвярджае Мандзік). Але яшчэ больш – адкрытасць, шчырасць і гасціннасць саміх людзей, якія жывуць у гэтым рэгіёне.

    «Раней я прыязджаў у Гайнаўку, каб толькі паглядзець на зуброў. І ўжо тады мяне ўразілі лес і прырода. Але цяпер мы едзем і размаўляем з людзьмі. Нас частуюць смачнымі стравамі, гавораць з намі на цікавых гаворках, па-тутэйшаму. І гэта ўсё – з такой душою! Таму гэтым разам для мяне адкрываецца зусім новы, дзіўны, у добрым сэнсе гэтага слова, сусвет. І агулам уражанні ад праекту толькі цёплыя», – дзеліцца з намі эмоцыямі Дзяніс Мандзік.

    Ён прызнаецца, што «праз нейкую ментальную і духоўную блізкасць» адчувае сябе там як удома.

    Больш за тое, Дзяніс Мандзік гаворыць, што «Падляшскія вакацыі» дапамаглі яму вярнуцца да творчасці. Не, падляскі рэп ён яшчэ не напісаў, але дзякуючы «падарожжам па такой прыгажосці» хлопец «выйшаў з руціны, адкрыўся зноў і пачаў пісаць музыку». Неўзабаве будзем слухаць ягоны новы альбом «М.».

    «Цалкам імаверна, што і пра Падляшша штосьці калісьці напішу», – абяцае музыка.

    Вядоўцы праекту Дзёня Мандзік і Аня Бяляўская падчас здымак першага эпізоду. Скрыншот з відэа. Фота: Белсат

    «Фантастычна, што магу гэта зрабіць і пусціць у свет»

    У тым, што з вуснаў Дзяніса рана ці позна загучыць падляскі рэп, упэўненая і ягоная напарніца ды правадніца па сусвеце Падляшша Аня Бяляўская – маладая польская акторка, спявачка і беларуска з Нараўкі.

    «Слухай, мы займаемся вельмі рознай музыкай. Ён такі хіпхопер. Але з ім вельмі файна працуецца, мы проста адчуваем прыязнь адзін да аднаго, усе нашыя зацікаўленасці аб’ядноўваюцца ў адным пункце – гэта Падляшша. І ён спрабуе ўвайсці ў гэты свет. Вось мы рабілі каравай, потым уселіся на лаўцы з маймі суседкамі і пачалі спяваць. І Дзяніс таксама спяваў. Так што сапраўды ўсё файна выходзіць», – распавядае Аня.

    Дзяўчына з Падляшша прызнаецца: ёй вельмі прыемна, што яны з Іллём Фіёнікам як мясцовыя могуць весці праграму і знаёміць у такім кантэксце з Падляшшам іншых беларусаў. Нават больш – дзякуючы праграме яна сама для сябе нанова адкрывае Падляшша.

    «Увогуле фантастычна, што магу гэта зрабіць, паказаць гэта і пусціць у свет, пазнаць новых людзей. Што тут яшчэ скажаш?» – гаворыць Аня Бяляўская.

    «Ой, я вельмі шмат магу апавесці пра здымкі праграмы. Апошні раз мы былі ў лесе і… Але ж не буду спойлерыць, – інтрыгуе Аня. – Усё гэта можна будзе пабачыць. Ёсць вельмі энергічныя, эмацыйныя моманты: як ляцім па вузкакалейцы, даём інтэрвʼю на радыё, медытуем у лесе. Вельмі шмат разнастайных сітуацыяў. Трэба глядзець!»

    «Але гэта, трэба прызнацца, адначасова і цяжкая праца. Бо мы з Аняй іграем у праграме ў нейкім сэнсе саміх сябе. І гэта вялікая адказнасць – распавядаць пра сваю зямлю, пра людзей і гісторыю. І гэта, можна сказаць, нашая місія. І нашая, і ўсёй праграмы «Падляшскія вакацыі», – падхоплівае Ілля Фіёнік.

    «Усім кажу, што гэта трэвэл-шоу па Падляшшы»

    Спявачка гурту «Ates­ta» Уля таксама кажа, што зрабілася «зусім нястрашна», калі зразумела, што ў праекце трэба проста быць самой сабою («Нават калі ўсе ўвесь час рагочуць з тваіх словаў, што б ты ні сказала», – смяецца Уля).

    Салістка беларускага рок-гурта «Ates­ta» і вядоўца праекту Уля (злева). Скрыншот з відэа. Фота:: Белсат

    «Я прыехала і нікога там не ведала. Прыйшлі ў нейкі глухі лес здымаць візітоўкі. І я такая: «Ваў, гэта як у кліпе «Небяспечна» (кліп на трэк «Nizk­iz» – рэд.)! А рэжысёр угарае! «Што не так?» – пытаюся. А ён: «Нічога, проста гэта я здымаў той кліп для «Nizk­iz». Уяўляеш сабе, гэта аказаўся сам Арцём Лобач! І я вось тады афігела…» – распавядае Уля.

    Гэты праект важны для яе яшчэ і таму, што ён не палітычны.

    «Я ўсім увогуле кажу, што гэта трэвэл-шоу па Падляшшы. Гучыць дзіўна? Але гэта так. Гэтая праграма і павесяліць, і дапаможа вам успомніць сваё дзяцінства. Гэта нагода проста ўзяць і патэліць сваёй бабулі ці пайсці і набыць пернікаў свайго дзяцінства. Калі не пернікаў, дык ліманаду. Гэтую праграму трэба паглядзець не для таго, каб пра штосьці даведацца, а для таго, каб штосьці адчуць і ўзгадаць. Гэта больш пра эмоцыі. І гэта крута», – сцвярджае Уля.

    «Слухайце, я ж барысаўскі хлопец! Але цяпер я адчуваю проста нейкі выбух зацікаўленасці да тых мясцінаў, да Падляшша. І не толькі таму, што адтуль чуюцца водгаласкі Беларусі.

    ««Падляшскія вакацыі» – той праект, праз які можна не толькі паслухаць добрую музыку і пабываць на той зямлі, але і паглыбіцца ў Падляшша, у тое, як жывуць яго людзі, вельмі шчырыя і гасцінныя», – падтрымлівае Улю Дзяніс Мандзік.

    Запыталіся ў Ані Бяляўскай, як падляскія жыхары запрашаюць у госці. «Ай, па-простаму так: заходзьце на гарбатку! Але майце на ўвазе: адной гарбаткай не абыдзецца! Вам трэба будзе адкрыцца», – папярэджвае Аня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці