• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксей Дзікавіцкі: Бясконца рабіць прадукт таннейшым не атрымаецца, інакш будзе пародыя

    Ад чаго тэлеканал «Белсат» вымушаны адмовіцца, што мусіць скараціць, якая кадравая палітыка, што будзе з рускамоўнымі праграмамі? БАЖ пабываў на прэс-канферэнцыі Аляксея Дзікавіцкага, які цяпер выконвае абавязкі дырэктара «Белсата».

    Аляксей Дзікавіцкі, выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату», адказвае на пытанні журналістаў падчас прэсавай канферэнцыі. 20 сакавіка 2024 года. Варшава, Польшча. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

    «Цяпер “Белсат” мае 3,5–4 гадзіны жывога эфіру штодзень»

    Сустрэчу Аляксей Дзікавіцкі пачаў са сцвярджэння, што тэлеканал «Белсат» застаецца і будзе працягваць сваю працу, нягледзячы на шматлікія чуткі і меркаванні, што канал стане цалкам рускамоўным ці ўвогуле памрэ.

    Цяпер «Белсат» мае 3,5–4 гадзіны жывога эфіру штодзень, ён застаецца шматпрофільным, то-бок не толькі прадукуе інфармацыйныя праграмы, але і стварае шмат тэматычных.

    Частку прадукцыі новы кіраўнік тэлеканала акрэслівае як «місійную». Гэта праграмы, якія тычацца, напрыклад, папулярызацыі беларускай мовы, гістарычныя, а таксама ток-шоў, якія даюць магчымасць выказацца людзям з рознымі поглядамі.

    — Вядома, што гістарычная праграма не набярэ столькі праглядаў, як інфармацыйная. Тым не менш мы іх робім. Тэлебачанне каштуе вялікіх сродкаў, і заўсёды ёсць дылема: перакінуць грошы на інфармацыйную частку ці скіраваць на праект, — кажа Аляксей Дзікавіцкі. — Хацелася б, каб усе разумелі, што мы знаходзімся ў цяжкай сітуацыі, калі трэба рабіць розныя віды кантэнту. Агульнатэматычныя каналы адыходзяць у мінулае. Цяпер мы маем масу тэматычных каналаў, напрыклад, ёсць канал толькі пра рыбалку. У Беларусі няма тэматычных каналаў, таму мы мяркуем, што трэба сумяшчаць усё.

    Аляксей Дзікавіцкі, які цяпер выконвае абавязкі дырэктара «Белсата», кажа, што ў сітуацыі, калі тэлеканал мае абмежаваныя сродкі, трэба будзе прыняць няпростыя рашэнні: што пакідаць, ад чаго адмаўляцца.

    Дзікавіцкі падкрэслівае як дасягненне шматплатформеннасць тэлеканала. Інфармацыя падаецца ва ўсіх папулярных сацыяльных сетках, на YouTube, тэлеканал даступны ў сетцы наземнага вяшчання ў Польшчы і Літве, працягвае вяшчанне праз спадарожнік.

    — Калі пачыналі ў 2007 годзе, не было нават інтэрнэт-партала. Цяпер на 20 чалавек, якія рыхтуюць інфармацыйную тэлевізійную праграму, хіба столькі ж займаюцца распаўсюдам гэтага кантэнту, — падкрэслівае Дзікавіцкі.

    Ад чаго канал вымушаны адмовіцца ва ўмовах скарачэння фінансавання

    Цяпер ідзе аўдыт выдаткаў.

    — Мы мусім адмовіцца ад часткі праектаў, некаторыя з іх яшчэ не пачаліся, некаторыя будуць менш выходзіць. Пакуль не вырашылі па канкрэтных назвах, але дакладна, што некаторыя перадачы будуць раз на два тыдні, некаторыя перанясём у студыю, каб зрабіць іх больш таннымі, — тлумачыць Аляксей.

    Ад чаго тэлеканал адмаўляецца ў бягучым годзе з прычыны скарачэння фінансавання: ад новых выпускаў серыяла «Працэсы», не будуць распачатыя гістарычныя праекты з элементамі мастацкай пастаноўкі кшталту «Лабірынты», не будзе тэставання новых праектаў на YouTube (некаторыя праекты запускалі пасля таго, як некалькі перадач рыхтавалі і рабілі для гэтай платформы, дзе можна замераць рэакцыю аўдыторыі). У планах было стварыць тэлевізійную акадэмію «Белсата», што дазволіла б рыхтаваць кадры для канала. Не будзе запуску музычных перадач.

    Яшчэ адна сфера — дакументальнае кіно. «Белсат» надаваў вялізную ўвагу дакументальным фільмам, былі гады, калі здымалі да дзесяці кінастужак. Гэта нішавая сфера, але добры інструмент для прасоўвання інфармацыі пра краіну. На гэты год у планах вытворчасці — толькі пару пазіцый дакументальнага кіно.

    Аляксей Дзікавіцкі, выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату», адказвае на пытанні журналістаў падчас прэсавай канферэнцыі. 20 сакавіка 2024 года. Варшава, Польшча. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

    Аляксей Дзікавіцкі запэўнівае, што «Белсат» не ператворыцца ў цалкам інфармацыйны канал. Маўляў, ёсць місія, і публіцыстычная, дакументальная прадукцыя — частка гэтай місіі.

    — Будзем рабіць усё, каб давесці донарам пра патрэбу ў канале, пра каштоўнасць калектыву. Спадзяюся, у другой палове года сітуацыя зменіцца, — кажа Аляксей Дзікавіцкі.

    Тэлеканал запрошваў у Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое з’яўляецца галоўнай крыніцай фінансавання, 75 млн злотых, на сёння пацверджанае фінансаванне памерам 40 млн злотых (каля 9 млн еўра).

    — Нідзе так не бачна, як на тэлебачанні, беднасць. Гэта тычыцца ўсяго — вобразу вядоўцы, сцэнаграфіі, гуку, святла, мантажу. Бясконца рабіць прадукт усё таннейшым не атрымаецца, гэта будзе пародыя, — перакананы Дзікавіцкі.

    Што будзе з рускамоўнымі перадачамі

    Рускамоўныя перадачы «Белсата» застаюцца. Адпаведна, застаюцца супрацоўнікамі тэлеканала і людзі, якія іх робяць. Ёсць дамоўленасць, што канал TVP World будзе забіраць гэтыя праграмы для свайго вяшчання і перакладаць іх на англійскую мову. А таксама забярэ на сябе фінансаванне вытворчасці гэтых праграм (гэта каля 14 млн злотых альбо больш за 3 млн еўра на год).

    Паводле слоў Аляксея Дзікавіцкага, рускамоўнае вяшчанне з’явілася на «Белсаце» не таму, што кіраўніцтва — зацятыя русіфікатары. Ён згадвае сітуацыю, калі летам 2014 года ў раёне ўзброенага супрацьстаяння паміж Кіевам і фармаваннямі непрызнаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік, над якімі Расія мела фактычны кантроль, быў збіты пасажырскі авіялайнер. Загінулі 283 пасажыры і 15 членаў экіпажа.

    У Еўрасаюзе тады пачалі абмяркоўваць магчымасць стварыць цалкам рускамоўны тэлеканал у адказ на расійскую прапаганду.

    — Наша праграма «Вот так» мусіла быць базай для гэтага. На жаль, ідэя была, але скончылася гэта нічым, — гаворыць Дзікавіцкі.

    Кадры

    Аляксей Дзікавіцкі казаў і пра важнасць захавання калектыву і разнастайнасці канала. Для гэтага, паводле яго слоў, ёсць патрэба яшчэ ў 10–11 млн злотых на год (каля 2,5 млн еўра).

    Цяпер на тэлеканале «Белсат» працуе каля 300 чалавек. У тым ліку тэхнічны персанал, сцэнарысты, эканамічны аддзел і г.д.

    — Калі б «Белсат» быў выключна інфармацыйным, нам хапіла б паловы ад гэтай колькасці людзей, — кажа Дзікавіцкі. І звяртае ўвагу, што для «Белсата» няма рынку кадраў, як, напрыклад, гэта ёсць для польскіх тэлеканалаў у Польшчы.

    — Калі чалавек прыходзіць у беларускую рэдакцыю і не баіцца працаваць у кадры, ведае добра беларускую мову, не мае праблем з дыкцыяй — гэта наш кадр, — акрэслівае сітуацыю кіраўнік «Белсата».

    Дзікавіцкі кажа, што канал зрабіў шмат для таго, каб вывезці сваіх супрацоўнікаў з Беларусі, а пасля пачатку вайны — і з Украіны. Было рэлакавана больш за сто чалавек.

    — Мы прыклалі вялікія намаганні, каб вывезці іх, знялі жытло на першы час, дапамаглі з дакументамі. Калі вытворчыя магутнасці разлічаныя на пэўную колькасць людзей, мы не можам іх падвоіць. Гэтым людзям прапаноўвалі розную працу (у Варшаве. — Рэд.). Калі ты аператар, а тут табе прапанавалі «круціць суфлёр» — гэта непрыемна. Так, з некаторымі людзьмі мы не змаглі дамовіцца. Але размова пра адзінкавыя выпадкі, — запэўнівае Дзікавіцкі.

    Чаго чакае МЗС Польшчы

    Аляксей Дзікавіцкі сцісла акрэсліў патрабаванне Міністэрства замежных спраў Польшчы да новага кіраўніка тэлеканала «Белсат»:

    — Пажаданні МЗС былі сказаныя адным сказам: сетка «Белсата» мусіць быць больш прывабнай. Але я не ведаю, што гэта значыць. Гэта няяснае патрабаванне. Дадам, што рабіць сетку ці новыя праграмы не так проста ва ўмовах абмежаванага фінансавання.

    Ён запэўнівае, што за 17 гадоў працы тэлеканала не было сітуацыі, каб нехта па званку дыктаваў парадак дня.

    І яшчэ некалькі лічбаў

    Прадстаўнікі тэлеканала кажуць, што 75–80% праглядаў на YouTube — знутры Беларусі.

    Колькасць беларускіх IP на месяц зменшылася нязначна, каля 800 тысяч — з Беларусі. Але людзі прыходзяць глядзець радзей.

    Рускамоўныя праграмы на YouTube глядзяць 7–10% з Украіны.

    За апошні час было 4,5–5 млн гледачоў за месяц на YouTube з Расіі.

    Тэлеграм-канал на піку меў 130 тысяч падпісчыкаў — цяпер 21 тысячу.

    З 2020-га колькасць падпісчыкаў у Інстаграм зменшылася на 150 тысяч, цяпер на асноўным акаўнце 125 тысяч падпісчыкаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці