BYSOL адкрыў збор для маці Кацярыны Ваданосавай
З‑за бюракратычнай памылкі Нэлі Ваданосава засталася без медычнага забеспячэння. Зараз яна ў цяжкім стане ў шпіталі. BYSOL аб’явіў збор, каб пакрыць выдаткі на медыцынскую дапамогу.

Тэлевядоўца Кацярына Ваданосава паведаміла, што пасля раптоўнага інсульту, які здарыўся 23 снежня, жанчына знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Дактары прагназуюць незваротныя пашкоджанні мозгу.
Сітуацыя ўскладняецца праблемай з медыцынскай страхоўкай. Нягледзячы на тое, што маці Кацярыны знаходзіцца ў працэсе атрымання міжнароднай аховы ў Польшчы і па законе павінна быць застрахавана, з‑за бюракратычнай памылкі яе дадзеныя не былі своечасова ўнесены ў базу Упраўлення па справах замежнікаў (Urząd do Spraw Cudzoziemców). З‑за калядных святаў дзяржаўныя ўстановы не працуюць да панядзелка, што робіць немагчымым тэрміновае выпраўленне памылкі.
«Я не ведаю, ці змагу дамагчыся яе забеспячэння. Я не ведаю, ці будзе яна жывая да панядзелка. Рахунак за аперацыю ды іншыя маніпуляцыі – ад дзесяткаў да соцень тысяч злотых. Не ведаю пакуль дакладна, але парадкі лічбаў такія», — піша Кацярына.
Кацярына Ваданосава падкрэсліла: калі атрымаецца дабіцца ад дзяржавы пакрыцця выдаткаў, усе сабраныя грошы будуць перанакіраваныя на іншыя дабрачынныя мэты.
Сума збору — 15 000 еўра. Дапамагчы можна па спасылцы.
@bajmedia