• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адкрытая лекцыя «Купляйце беларускае», альбо што рабіць, калі заўтра не наступіць?»

    АЛЯКСЕЙ КРЫВАЛАП

    “КУПЛЯЙЦЕ БЕЛАРУСКАЕ”, альбо ШТО РАБІЦЬ, КАЛІ ЗАЎТРА НЕ НАСТУПІЦЬ?

    11 лістапада, 18.30, ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16)

    Спажывецкае грамадства пабудавана па такім прынцыпе, каб падтрымліваць у чалавеку прагу да спажывання. Мода на вопратку трымаецца не болей за сезон, нашмат часцей змяняюцца мадэлі кампутараў, тэлефонаў, паляпшаецца праграмнае забеспячэнне і г.д… Гэтая сфера функцыянуе такім чынам, каб падштурхоўваць чалавека спажываць нашмат болей, чым патрабуе яго натура і нават здаровы сэнс. Паступова ў чалавеку фармуецца лёгкае стаўленне да ўсяго – усё можна набыць, і ад усяго можна легка пазбавіцца. Мяжа паміж каштоўнасным і другасным становіцца вельмі хісткай. Акрамя таго, чалавек упадае ў самападман, думаючы, што праз такі ці іншы выбар рэчаў ён выказвае сябе, сваю індывідуальнасць, што гэта ён задае той ці іншы “дызайн” самога сябе.

    Падаецца, што сённяшняя медыясфера ў Беларусі (і не толькі) існуе вельмі падобным чынам – яна насычае чалавека інфармацыяй, часцей за ўсё залішняй і не вартай. У жаданні прыцягнуць новую аўдыторыю выдумваюцца скандальныя гісторыі, статус “сенсацыйнасці”, “унікальнасці” ці “фенаменальнасці” надаецца падзеям другасным, а вартыя абмеркавання пытанні застаюцца “па-за трэндам”. Бурнае развіццё Інтэрнэту і сацсетак знішчае аўтарытэты, у пэўным сенсе прымушае СМІ функцыянаваць у прасторы “інфармацыйнага шуму” і самім станавіцца яго стваральнікамі. Пагоня за “лайкамі”, колькасцю наведвальнікаў, “каментаў” перавышае клопат пра змест, актуальнасць і вартасць публікацыі.

    Калі мы паспрабуем уявіць сабе беларускую медыяпрастору праз некалькі гадоў і зразумець, што нас чакае, – ці знойдзем мы падставы для аптымізму? Што насамрэч уплывае на развіццё беларускага медыярынку? Ці магчыма існаванне СМІ, не арыентаваных на “інфармацыйнае спажыванне”?

    11 лістапада 2016 г. Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” у межах цыкла «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні” запрашаюць на адкрытую лекцыю культуролага Аляксея Крывалапа “Купляйце беларускае”, альбо Што рабіць, калі заўтра не наступіць?”.  Разам з лектарам мы паспрабуем прааналізаваць стан сучаснай журналістыкі, узаемаадносіны СМІ і грамадства, уплыў “інфармацыйнага спажывання” на нас і нашу ідэнтычнасць і тыя чыннікі, якія здольныя мяняць сітуацыю і канструяваць іншую будучыню медыяпрасторы.

    Лекцыя будзе праходзіць у крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” (вул. Кастрычніцкая, 16), пачатак а 18.30. Уваход вольны! 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці