Круглы стол «Сацыяльнае вымярэнне вышэйшай адукацыі»
У 2015 годзе Беларусь далучылася да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Праз амаль 5 гадоў мы даем адказ на пытанне ‑ці распачаліся нарэшце Балонскія рэформы ў Беларусі? Мерапрыемства адбудзецца 30 студзеня а 10:00 у Мінску па адрасе вул. Кастрычніцкая, 16–20, 4 паверх, Prastora ZBS. Уваход вольны.
Арганізатары: Беларуская Нацыянальная Платформа, Грамадскі Балонскі камітэт, Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў.
Акром беларускай перспектывы, на мерапрыемстве будзе прастаўлена еўрапейская — з прэзентацыяй выступіць віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага саюзу студэнтаў Гохар Гаванісян.
Далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу — гэта не толькі студэнцкія абмены або прызнанне дыпломаў. Гэта яшчэ і абавязацельства гарантаваць роўны доступ да адукацыі ўсіх груп насельніцтва. аналіз выканання гэтых абавязацельстваў прыводзіць да несуцяшальнай высновы: наша сістэма адукацыі не працуе як сацыяльны ліфт, яна кансервуе сацыяльную няроўнасць. Гэта адбываецца таму, што дзяржаўная адукацыйная палітыка пакуль проста ігнаруе гэтую праблему.
Вышэйшая адукацыя — гэта не прывілей для асобных людзей, а сродак развіцця грамадства і эканомікі краіны. Таму важна, каб адукацыя была якаснай і даступнай для ўсіх людзей, незалежна ад іх сацыяльнага-эканамічнага, культурнага становішча і любых іншых асаблівасцяў. Пра тое, наколькі гэта так, будзем размаўляць на круглым стале.
Гохар Гаванісян (Еўрапейскі саюз студэнтаў ESU) распавядзе, як ESU разумее сацыяльнае вымярэнне вышэйшай адукацыі, асноўныя выклікі ў гэтай галіне на Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, а таксама нацыянальных і еўрапейскіх кампаніях па абароне і прасоўванні інклюзіі.
Уладзімір Дунаеў (Грамадскі Балонскі камітэт) прадставіць справаздачу па сацыяльным вымярэнні вышэйшай адукацыі ў Беларусі ў 2019 годзе.
Саша Кузьміч (Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў) прадставіць даследванне росту коштаў на вышэйшую адукацыю за 2017–2019 г.г. У сярэднім кошты выраслі на 29–43% за два гады ў рублёвым выражэнні, лідарамі па росце коштаў з’яўляюцца медыцынскія і мастацкія спецыяльнасці.
ESU прадстаўляе каля 20 мільёнаў студэнтаў з большасці краін Еўропы напрацягу ўжо больш, чым 30 год, і ўваходзіць у розныя пан-еўрапейскія інстытуты, звязаныя з адукацыяй. У тым ліку, ESU галоўны саюзнік беларускай грамадзянскай супольнасці па адвакацыі Балонскіх рэформаў.
Мова сустрэчы — беларуская/руская і англійская з перакладам.
Кантакты: amnicat@gmail.com , +375291806649 (Саша).