• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лекцыя “Грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі: што мы можам супрацьпаставіць паліттэхналогіям трэцяга пакалення?”

    Лятучы ўніверсітэт

    серыя лекцый “Галоўнае пытанне”

    АКСАНА ШЭЛЕСТ

    Грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі:

    што мы можам супрацьпаставіць паліттэхналогіям трэцяга пакалення?

    25 лістапада, 18.30

    Паліттэхналогіі трэцяга пакалення — канцэпт, уведзены беларускім філосафам і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам для схоплівання працэсаў маніпуляцыі грамадскай свядомасцю ў Беларусі і Расіі ў актуальнай соцыягістарычнай сітуацыі. Гэта разнавіднасць прыёмаў і метадаў, якія дазваляюць забяспечыць беспраблемнае існаванне аўтарытарных рэжымаў пры захаванні бачнасці дэмакратычных працэдур і наяўнасці палітычнай альтэрнатывы. Для таго каб рэалізоўваць сваю функцыю, паліттэхнолагам трэба мець інструменты кантролю пратэстнай часткі грамадства, яе паводзінаў і актыўнасці. Не менш важная задача — забяспечыць кіравальнасць грамадскай думкі, прычым не толькі «на паперы», маніпулюючы дадзенымі сацыялагічных апытанняў і прапагандысцкімі клішэ, але і ў рэальнасці. Эфектыўнасць выканання гэтых задачаў лёгка ацаніць нават неадмыслоўцу, варта толькі паглядзець на так званы «палітычны працэс» у Беларусі, і асабліва — на падзеі апошніх двух гадоў у Расіі.

     

    Лёгкасць, з якой сучасныя паліттэхнолагі кіруюць грамадскай свядомасцю, здаецца амаль неверагоднай — з улікам адсутнасці «жалезнага заслона», адкрытасці доступу да інфармацыі пра падзеі ў краіне і ў свеце, наяўнасці груп і супольнасцяў, якія нясуць на сабе палітычную і цывілізацыйную альтэрнатыву ўсталяванаму парадку. Якія элементы механізма функцыянавання медыя-прасторы дазваляюць рэалізоўваць такое кіраванне? Як прынцыпы арганізацыі камунікацыі, заснаванай на чыстых і светлых ідэалах правоў чалавека, талерантнасці і мультыкультуралізму, становяцца інструментам у справе ўмацавання аўтарытарных рэжымаў? Якім чынам пабудаваная грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі і ці можам мы нешта змяніць у гэтым механізме так, каб вырвацца з кола ўзнаўлення устаноўленых правілаў гульні?

    Лятучы ўніверсітэт запрашае разважаць над гэтымі пытаннямі разам з сацыёлагам, метадолагам Аксанай Шэлест. Лекцыя “Грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі: што мы можам супрацьпаставіць паліттэхналогіям трэцяга пакалення?” адбудзецца 25 лістапада ў межах цыкла “Галоўнае пытанне”. Пачатак а 18.30.

    Усіх жадаючых просім папярэдне зарэгістравацца. Колькасць месцаў будзе абмежаваная.

    Інфармацыя пра месца лекцыі будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам.

    Дадатковая інфармацыя па тэл: +375297422040

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці