• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прэзентацыя ініцыятывы «Цытуй сваё!»

    9 лютага 2016 года пройдзе прэзентацыя ініцыятывы «Цытуй сваё!».

    Падчас імпрэзы будзе прадстаўлены плён супольнай працы, праз якую беларускае мысленне набліжаецца да сучаснага беларуса, робіцца часткай яго жыцця, ідэнтычнасці, роздумаў пра сябе і свет.

    У студзені выйшаў у свет зборнік цытат беларускіх мысляроў «Цытуй сваё!» Ён нарадзіўся дзякуючы высілкам вялікага кола неабыякавых людзей.

    За месяц праз платформу Талакошт больш як 80 чалавек ахвяравалі свае грошы на выданне зборніка цытат беларускіх мысляроў. Грамадская ініцыятыва «Цытуй сваё!» удзячная ўсім, хто падтрымаў ідэю выдання. Асаблівую ўдзячнасць выказваем «Беларусскаму журналу», які стаўся партнёрам выдання.

    Цытатнік стаў вынікам грамадскай кампаніі «Цытуй сваё!», якая стартавала ў траўні 2015 года. За гэты час мы сабралі больш за 250 цытат розных беларускіх мысляроў, літаратараў, навукоўцаў і гістарычных дзеячаў, якія дасылалі самыя розныя людзі. Разам з выбітнымі беларускімі мастакамі мы стварылі галерэю дызайнерскіх саколак з цытатамі. Макеты саколак ужо ёсць у свабодным доступе на спецыяльнай старонцы. Пампуйце макеты, замаўляйце ў цэнтрах друку саколкі прывабнай для вас мадэлі і насіце абраныя прынты сабе і ўсім на радасць!

    Падчас прэзентацыі будуць прадстаўлены цытатнік і саколкі, а таксама раскрыюцца таямніцы і падрабязнасці працэсу іх стварэння і далейшыя планы на Год беларускага мыслення. У праграме «падзякі і падарункі» для ўсіх, хто дапамагаў нам у зборы выбітных думак і выданні цытатніка, цікавыя госці і выступоўцы.

    Кампанія «Цытуй сваё!» была распачатая ў траўні 2015 года шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў: Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь», Лятучым універсітэтам, Беларускім саюзам дызайнераў, грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», Беларускім калегіумам, курсамі беларускай мовы «Мова Нанова».

    Мэта кампаніі — актуалізацыя найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўважлівага чытання і асэнсавання прамоўленага і заспяванага ў нашай нацыянальнай культурнай прасторы.

    Кампанія «Цытуй сваё!» пашыраецца, а значыць, беларуская мудрасць, гумар і дзёрзкасць будуць бліжэйшымі да свайго народа!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці