• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Публічная лекцыя Амбасадара Вялікабрытаніі Бруса Бакнэла

    Што аб’ядноўвае Беларусь і Вялікабрытанію сёння? Ніколі не здагадаецеся, што гэта праблемы нацыянальнай самасвядомасці. Для беларусаў пытанне ідэнтычнасці — адно з тых, асабліва балючых і вострых, на якія пакуль няма адназначных адказаў. Нам нават можа падавацца, што ў гэтым спецыфіка толькі беларускага кантэксту і прыкмета недафармаванасці нашай нацыі, што ёсць краіны, дзе гэтае пытанне не мае ў сабе такога праблемнага складніка. Напрыклад, Вялікабрытанія — з яе багатым гістарычным досведам краіны, што спалучыла ў адным каралеўстве мноства этнічных, рэлігійных, канфесійных, сацыякультурных і іншых ідэнтычнасцяў. Як у палітычнай прасторы, так і на семантычным ўзроўні там дасягнуты выразны кансэнсус і сфармавана даволі акрэсленая ідэнтычнасць. З гэтага пункту гледжання Вялікабрытанія выглядае даволі шчасна. А што скажуь на гэта самі брытанцы? Ці для іх пытанне нацыянальнай самасвядомасці ўжо вырашанае і састарэлае? У пошуках адказаў звернемся да асобы, аўтарытэт якой не выклікае сумневу – Амбасадара Яе Вялікасці спадара Бруса Бакнэла, чалавека, які не толькі дасканала ведае сваю гісторыю і культуру, але і не завочна знаёмы з беларускай.

    У адмысловым блогу “4 o’clock з Брусам Бакнэлам” на сайце Грамадска-культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі” энэргічны, шчыры і адкрыты да дыскусій спадар Бакнэл, спрабуючы тлумачыць беларусам Брытанію, разважае таксама і над пагрозамі нацыянальнай ідэнтычнасці ангельцаў. Сёння яна размываецца пад уплывам працэсаў глабалізацыі, а нацыянальныя сімвалы Брытаніі сталі настолькі прывабнымі і растыражаванымі, што ўжо перасталі належыць толькі знакавай прасторы Вялікабрытаніі – яны забруджаныя іншымі канатацыямі. І тут немагчыма не задацца пытаннямі: на чым сёння базуецца нацыянальная ідэнтычнасць Аб’яднанага Каралеўства? Як паставіцца да жыхароў “туманнага Альбіёну” – гэта набор розных нацыяў, аб’яднаных тэрытарыяльна – брытанцаў, шатландцаў, валійцаў? Ці гэта ўсё адна велікабрытанская нацыя? Ці магчыма мульцікультурная ідэнтычнасць як адказ на выклікі глабалізацыі?

    У публічнай прамове “Нацыянальная самасвядомасць” з цыклу Urbi et Orbi, Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл па запрашэнні Лятучага ўніверсітэту і Галерэі TUT.BY дзеліцца разважаннямі пра адметнасць нацыянальнай самасвядомасці сваёй краіны і спрабуе яшчэ раз агучыць тыя акцэнты, пытанні, якія лічыць важнымі як для брытанцаў, так і для беларусаў. Лекцыя адбудзецца 20 лістапада а 18.30 у Галерэі TUT.BY (пр‑т Дзяржынскага, 57). Уваход вольны!

    У бліжэйшыя дні чытайце інтэрв’ю з ганаровым лектарам напярэдадні прамовы. Сачыце за навінамі на сайце Лятучага: www.fly-uni.org

    Дадатковая інфармацыя: тэл.+375297422040

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці