• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сумесны прагляд справаздачы Беларусі па правах чалавека

    2 лістапада Рэспубліка Беларусь будзе даваць справаздачу ў межах Універсальнага перыядычнага агляду (UPR). У гэты дзень у Савеце ААН па правах чалавека ў Жэневе ўрад Беларусі прадставіць інфармацыю пра становішча з выкананнем правоў чалавека ў нашай краіне, а іншыя дзяржавы будуць задаваць беларускім чыноўнікам пытанні. Па выніках гэтай дыскусіі Беларусі будуць дадзеныя рэкамендацыі па паляпшэнні выканання міжнародных абавязальніцтваў і стандартаў у галіне правоў чалавека.

    Асамблея НДА Беларусі запрашае праваабаронцаў, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў і зацікаўленых журналістаў да сумеснага прагляду трансляцыі справаздачы Рэспублікі Беларусь у межах трэцяга цыкла Універсальнага перыядычнага агляду па правах чалавека (UPR).

    Прагляд трансляцыі з Савета ААН па правах чалавека будзе арганізаваны 2 лістапада 2020  з 10.30 па 14.30 на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” (вул. Ложынская 16–404). Пачатак трансляцыі з Жэневы – 11:00 па беларускім часе.

    Наведвальнікаў сумеснага прагляду чакаюць:

    ●       Афіцыйная справаздача Рэспублікі Беларусь,

    ●       крытычныя каментары і заўвагі праваабаронцаў датычна таго, што гавораць удзельнікі пасяджэння ў Жэневе пра беларускую сітуацыю,

    ●       чаканыя і неспадзяваныя пытанні іншых дзяржаў на адрас Беларусі,

    ●       адказы дзяржаўных службоўцаў, якім давядзецца абараняць пазіцыю беларускага ўраду ад крытыкі

    ●       прыемная кампанія, жывое абмеркаванне і сціплы пачастунак.

    Мовы падзеі – беларуская, руская, англійская.

    З дзяржаўным дакладам Рэспублікі Беларусь і альтэрнатыўнымі дакладамі можна азнаёміцца на старонцы ААН, якая прысвечаная трэцяму цыклю UPR. З дакладам шырокай кааліцыі дванаццаці беларускіх праваабарончых арганізацыяў, які быў пададзены ў ААН у межах UPR, можна азнаёміцца тут.

    Універсальны перыядычны агляд – гэта праваабарончы механізм ААН, створаны ў 2006 годзе дзеля таго, каб кожная дзяржава-ўдзельніца ААН праінфармавала астатніх пра зробленыя ёй паляпшэнні ў галіне правоў чалавека. Усе дзяржавы маюць магчымасць даваць рэкамендацыі той дзяржаве, якая робіць справаздачу. Універсальны перыядычны агляд — адзін з нямногіх механізмаў ААН, які прызнаюць беларускія ўлады. У 2015 годзе падчас другога цыклю UPR наша краіна атрымала 259 рэкамендацый, з якіх прыняла да рэалізацыі 168 рэкамендацыяў, што былі пакладзены ў падмурак нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека на 2016–2019 гг. у якасці задачаў для рэалізацыі.

    Сёлета Беларусь праходзіць трэці цыкл справаздачнасці па UPR. Першапачаткова ён быў прызначаны на травень, аднак яго давялося адкласці на 2 лістапада з‑за пандэміі каранавіруса.

    * Удзельнікі будуць забяспечаныя сродкамі дызінфекцыі і аднаразовымі маскамі. Пры растаноўцы мэблі арганізатары будуць улічваць прынцыпы сацыяльнага дыстансавання.

    Мы просім застацца дома ў выпадку, калі Вы адчуваеце слабасць або маеце іншыя прыкметы прастуды. На месцы правядзення раім абмежаваць абдымкі, пацалункі і вітальныя пацісканні рук.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці