«Рэпарцёры без межаў» асудзілі «карусель рэпрэсій» у Мінску
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) вітае выхад з‑за кратаў групы беларускіх палітзняволеных журналістаў, які адбыўся 16 верасня 2026 года. Але асуджае іх дэпартацыю і заклікае беларускія ўлады да безумоўнага вызвалення ўсіх прадстаўнікоў СМІ.

RSF апублікавала афіцыйную заяву з нагоды вызвалення Людмілы Чэкінай, Дзмітрыя Наважылава, Андрэя Аляксандрава і Кірыла Пазняка. Арганізацыя «вітае іх доўгачаканае вызваленне, але асуджае іх гвалтоўную высылку і заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх журналістаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад вартай у краіне».
«Свабода вернута, але коштам выгнання», — канстатавалі ў арганізацыі.
Нагадаем, 16 верасня ў выніку перамоваў спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з беларускімі ўладамі было вызвалена 25 палітвязняў. Сярод іх — пяцёра журналістаў:
- медыяменеджар БелаПАН Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна
- дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў
- журналіст Кірыл Пазняк
- ягоная дачка журналістка Яніна Пазняк
- дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна
Усіх журналістаў прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву.
«Іх вызваленне не павінна зацямняць той факт, што яны наогул не павінны былі быць зняволены, — заявіла кіраўніца аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі RSF Жанна Кавелье. — Прымус да неадкладнага выезду з краіны дадае новую форму гвалту да гадоў рэпрэсій. Выпадак Дзмітрыя Наважылава, якому заставалася адбыць усяго два месяцы пакарання, асабліва ілюструе жорсткасць гэтай практыкі.
Гэтая карусель рэпрэсій, калі палітычных зняволеных вызваляюць, а іншых арыштоўваюць і асуджаюць, павінна скончыцца. Журналістаў нельга ні знявольваць за іх працу, ні высылаць з уласнай краіны».
У заяве RSF падкрэсліваецца, што вызваленні журналістаў «таксама дэманструюць, як палітычныя зняволеныя выкарыстоўваюцца ў якасці разменнай манеты ў перамовах з заходнімі дзяржавамі, у прыватнасці, у абмен на змякчэнне санкцый. Яны ніякім чынам не азначаюць канец рэпрэсій супраць незалежнай прэсы ў Беларусі».
Напярэдадні RSF распаўсюдзіла праз свае сацсеткі паведамленне, у якім таксама падкрэсліла жорсткасць практыкі выдварэння журналістаў з уласнай краіны.
@bajmedia