У Мінску пройдзе трохдзённы фестываль гарадскіх культур
З 11 па 13 верасня ў Мінску пройдзе Minsk Festival, трохдзённы маладзёжны фестываль гарадскіх культур.
Імпрэзы запланаваныя ў 19 месцах па ўсім горадзе: у барах, кавярнях, клубах і музеях. А ключавыя падзеі адбудуцца на Кастрычніцкай вуліцы, якая 12 верасня стане пешаходнай, і ў паб-клубе «Бруге». Многія з мерапрыемстваў будуць бясплатнымі.
«Мы хочам зрабіць Minsk Festival падобным на еўрапейскія гарадскія фэсты, — распавёў сайту Onliner.by куратар мерапрыемства Аляксей Кутузаў. — Мы мэтанакіравана абышлі бокам папсовыя месцы, не ўключалі ў праграму кавер-бэнды, а дыджэі, якія будуць удзельнічаць у мерапрыемствах фестывалю, граюць добрую актуальную музыку. Увогуле, стаўка на якасць і эксклюзіў».
Па словах арганізатараў, 12 верасня у Дзень горада на Кастрычніцкай можна будзе наведаць канцэрты, дыджэйскія сэты і фудкорт а таксама паназіраць, як ствараюць свае працы стрыт-арт-мастакі з Бразіліі і Беларусі. Сэты адыграюць гурты Shuma і Morfe, таксама дыджэі з Бразіліі і Беларусі.
У клубе «Бруге» 11 верасня пройдзе сумесны франка-беларускі канцэрт альтэрнатыўнай музыкі, а на наступны дзень адбудзецца танцавальная вечарынка еўрапейскага тэхна.
Большасць мерапрыемстваў у межах фестывалю будуць бясплатнымі, а кошт вечарынкі і канцэрта ў «Бруге» складзе ад 260 да 300 тысяч рублёў. Абанемент на ўсе тры фестывальныя дні, які ўключае зніжкі ў шэрагу кавярань і рэстаранаў, можна будзе набыць за 400 тысяч.
