Вядомы брытанскі эколаг выступіць у Мінску з вялікай лекцыяй пра змены клімату
Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) запрасіла доктара Роба Філда з Каралеўскага таварыства абароны птушак (RSPB, Вялікабрытанія) выступіць у Мінску з адкрытай лекцыяй пра змены клімату.
Як і чаму змяняецца клімат? Чым гэта нам пагражае? Што кожны з нас можа зрабіць, каб запаволіць гэтыя змены?
Навукова-папулярная лекцыя “Разборкі з кліматам. Будзе горача?” адбудзецца 7 лютага ў Мінску ў гатэлі DoubleTree by Hilton (пр‑т Пераможцаў, 9) з 19.00 да 21.00.
Уваход на лекцыю бясплатны, па рэгістрацыі: ptushki.org/climate.
Лекцыя будзе ісці па-ангельску з сінхронным перакладам на рускую мову.
Пад пастамі ў сацсетках пра змены клімату людзі заўзята спрачаюцца пра тое, змяняецца клімат увогуле або не, а калі змяняецца, то чаму: выключна праз натуральныя працэсы ці праз дзейнасць чалавека? Хтосьці радуецца кліматычным зменам – маўляў, будзе цёпла, не будзем мерзнуць, а хтосьці баіцца, што наступствамі будуць катаклізмы і эпідэміі.
АПБ вырашыла вынесці пытанне ў афлайн і запрасіла дасведчанага эксперта з Вялікабрытаніі расказаць простымі словамі пра тое, што ведаюць на гэты конт сучасныя навукоўцы.
Доктар Роб Філд – старшы навуковы супрацоўнік у Каралеўскім таварыстве абароны птушак, да якога далучыўся ў 2000 годзе. Ён актыўна вывучае экасістэмныя магчымасці змякчэння наступстваў кліматычных зменаў праз паляпшэнне кіравання і захаванне дзікай прыроды, галоўным чынам у сельскагаспадарчых экасістэмах і тарфяніках Вялікабрытаніі, астатняй Еўропы і Афрыкі.
У прыватнасці, доктар Філд супрацоўнічае з беларускімі калегамі па змяншэнні негатыўных наступстваў кліматычных зменаў у рэгіёне Палесся, а таксама вывучае, як аднаўленне балот уплывае на папуляцыі птушак у Беларусі.
Што будзе на лекцыі?
- Як утварыўся “парніковы эфект” і што мы ведаем пра хімію атмасферы?
- Што такое кругазварот вугляроду і як на яго ўплывае выкапневае паліва (нафта, вугаль, газ)?
- Як змены ў гэтым кругазвароце прыводзяць да пацяплення атмасферы?
- Як гэта ўсё ўплывае на людзей і дзікую прыроду?
- Ці магчыма і варта з гэтым змагацца?
Пра ўсё гэта раскажа на адкрытай лекцыі доктар Роб Філд, а напрыканцы ён адкажа на пытанні з залы.
“Я вельмі рады вярнуцца ў Беларусь, каб расказаць пра кліматычныя змены, — гаворыць доктар Філд. – Яны ўплываюць на нас усіх, аднолькава закранаюць і людзей, і дзікую прыроду. Беларусь – краіна з вялікім прыродным багаццем, а значыць, мае добрыя перадумовы для барацьбы як са зменамі клімату, так і з іншымі глабальнымі пагрозамі дзікай прыродзе. Я буду казаць не толькі пра тое, якія змены адбываюцца ў клімаце і як яны паўплываюць на нас і месцы, дзе мы жывем, але і пра тое, як праз ахову прыроды і разумнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў мы можам змякчыць негатыўныя наступствы гэтых зменаў.”
Лекцыя адбудзецца пры падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі.
Кантактная асоба — Карына Салавей, 8 (029) 101–68-87, salavei@ptushki.org.
Спампаваць афішу ў розных фарматах і фота доктара Роба Філда: http://ptushki.org/wp-content/uploads/Climate-Change-APB‑7–02.zip
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!
Кантакты арганізацыі: г. Мінск, вул. Парніковaя 11, офіс 4.
(+375 17) 348 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87