• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выстава вядомага беларускага мастака-імпрэсіяніста Лявона Грышука “Дабравесце” у Палацы мастацтва

    vystava_lyavona_gryshuka_2.jpg

    Тэмы выставы – плэнерныя пейзажныя кампазіцыі, асэнсаванне чарнобыльскай трагедыі і Добрая вестка (эвангельскія сюжэты) — адлюстроўваюць лёс мастака, пераплятаюцца з лёсам краіны і разам ствараюць непаўторны беларускі свет.

    Пейзажныя палотны Лявона Грышука абуджаюць шчымлівае замілаванне да болю блізкімі, але ўжо недасяжнымі вобразамі роднага краю, нагадваюць летуценныя ўспаміны дзяцінства, за якія хочацца ўхапіцца, але яны незваротна знікаюць. Дынамічныя, імкнучыяся ўвысь вобразы прыроды, створаныя мастаком, кантрастуюць з, падавалася б, фізічна статычнай, без адзінага подыху ветра, цішынёй. Пакінутыя хаткі, ўрослыя ў навакольны лес, луг і неба, незвычайным чынам перадаюць гледачу перажыванне тугі і страчанасці, а разам з тым гарманічнага яднання прыроды і дзейнасці чалавека, і глыбокай любові да роднай краіны.

    Цішыня і тужлівы супакой пейзажнай серыі набываюць асаблівую вартасць ў кантрасце з чарнобыльскімі сюжэтамі. Чарнобыльская катастрофа, сумны юбілей якой быў адзначаны ў гэтым годзе, назаўсёды змяніла жыццё Лявона Грышука. Мастак, які захапляўся прыгажосцю жывога, трапіў у самы эпіцэнтр разбурэння, якое несла смерць. Ён быў адным з тых, хто пасля аварыі працаваў на даху ўзарванага энергаблока. Вочы мастака бачылі самае “пекла” – цемру рэактара, з якога выпраменьваліся сотні тысяч рэнтген. Ягоныя рукі ў звычайных будаўнічых пяльчатках пераносілі аскепкі радыёактыўнага графіту. Чарнобыльскія творы Лявона Грышука заслугоўваюць таго, каб стаць сімваламі, якія алюстроўваюць масштаб трагадыі, але яны нялёгка даюцца яму, бо прымушаюць наноў перажываць боль і страту сяброў.

    Біблійныя тэмы адкрылі новы этап жыцця і творчасці мастака. Добрая вестка пра Ісуса Хрыста і прыход да Бога сталі выратавальнымі для Лявона Грышука, які пасля працы ліквідатарам пакутваў ад дэпрэсіі і шматлікіх хваробаў.

    Вобразы дабра і зла ў яго творах не прамаляваны дэталёва, яны пададзены размыта, як нярэдка размыты нашыя ўяўленні пра добрае і злое. Колерныя рашэнні прымушаюць задумацца, яны ствараюць атмасферу, але іх цяжка будзе паўнавартасна прачытаць без разумення хрысціянскага вучэння, што, безумоўна, падштурхне цікаўнасць наведвальнікаў.

    Можна сказаць, што менавіта біблійная тэма выставы “Дабравесце” аб’яднала, склала ў цэласную мазаіку прыгажосць беларускіх краявідаў, якая створана Богам, непапраўную бяду, якая прыйшла праз грэх і саманадзейнасць чалавека, і прапанавала выйсце – навяртанне і  выратаванне праз веру ў жывога Бога.

    Узнятыя тэмы, тэхніка, якую выкарыстоўвае мастак, яго развагі, жыццёвы вопыт і каштоўнасці, якія адлюстраваны ў прадстаўленых палотнах, робяць выставу надзвычай актуальнай і цікавай як для беларускага, так і замежнага гледача.

    Адкрыццё выставы Лявона Грышука “Дабравесце” адбудзецца а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, г. Мінск, вул. Казлова, д. 3).

    У мерапрыемстве возьмуць удзел вядомыя мастакі, крытыкі, музыкі і святары.

    Выстава будзе працаваць з 20 ліпеня па 7 жніўня 2016 года штодзень, апрача панядзелка з 11.00 да 19.00.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці