Закрытая прэм’ера батлейкі гурта Стары Ольса
Гурт “Стары Ольса”, лідар сярэднявечнай музыкі Беларусі, паставіў спектакль у жанры батлейкі ў стылі Рэнесанса. У аснову лягла беларуская версія XVI стагоддзя аповесці пра Трыстана і Ізольду. Рэстаўрацыя традыцый, жывая музыка на старадаўніх інструментах і знакамітыя музыкі ў новай ролі!
Ініцыятыва стварэння належыць яго заснавальніку і дудару Змітру Сасноўскаму. Гэта даўняя мара – аднавіць старадаўні варыянт батлейкі са спектаклем на сярэднявечны сюжэт, з жывой музыкай і інтэрмедыямі. Працу пачалі яшчэ ў канцы 2018 году.
Па рэпертуары і прынцыпах увасаблення батлейкавы тэатр генетычна ўзыходзіць да заходнееўрапейскіх містэрый. Арганізатарамі відовішчаў звычайна былі законнікі каталіцкіх ордэнаў, вучні калегій. Распаўсюду батлейкі спрыялі вандроўныя семінарысты, якія ўносілі ў рэпертуар сюжэты школьнага тэатру. Хутка батлейку ад царкоўнікаў перанялі мяшчане і сяляне, і тэатр стаў народным, а ў рэпертуар стала ўвайшлі свецкія спектаклі.
У розныя часы творцы з усяго свету звярталіся да легенды пра Трыстана і Ізольду: оперы, мюзіклы, фільмы, серыялы, драмы, навэлы. Але ўпершыню гэтая славутая гісторыя пастаўлена ў жанры батлейкі. Унікальнасць спектакля ў тым, што ён грунтуецца на беларускім варыянце аповесці пра рыцара Трыстана і каралеву Ізольду – “Аповесці пра Трышчана”. Гэта помнік беларускай культуры XVI стагоддзя, які збярогся ў Пазнаньскім рукапісным зборніку. “Аповесць пра Трышчана” — найбольш поўны і ўнікальны славянскі варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай кельцкай легенды, перакладзены на беларускую ў свецкім асяроддзі ў 2‑й палове XVI стагоддзя з сербскай крыніцы.
Сцэнарыстам і рэжысёрам выступіў Зміцер Сасноўскі. Над лялькамі працавалі майстар па гістарычных касцюмах Наталля Чарнышова і Аляксандра Шангіна, дэкарацыі стваралі мастакі Яўгенія Валента, Вольга Верашчака і Арсеній Кацэла. Акторы і музыкі – гурт “Стары Ольса”. Адметнасць батлейкі гурта — жывое суправаджэнне ўсяго спектакля старадаўняй музыкай. Гурт выкарыстоўвае максімальна дакладныя копіі старадаўніх інструментаў: дуда, колавая ліра, гуслі, шалмеі, сурма, ребек, лютня, цыстра, тромбамарына, барабаны і інш.
Спектакль разлічаны на малодшых і старэйшых школьнікаў, іх бацькоў і ўсіх цікаўных да беларускай і старадаўняй культуры.
Запрашаем на закрытую прэм’еру спектакля 18 сакавіка а 16:00.
Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” (тэатральная зала, к. 212)
г. Мінск, вул. Уральская, 41.
Паказ спектакля адбудзецца ў рамках інтэрактыўнай адукацыйнай пляцоўкі «Музыка бяз межаў» для кіраўнікоў эксперыментальнага праекта і рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі г. Мінска, дзе ўдзельнікі змогуць азнаёміцца з інтэрактыўнымі формамі работы ў прафілактыцы дэвіянтных паводзінаў навучэнцаў.
Калі ласка, пацвердзіце свой удзел на электронную пошту гурта staryolsa.official@gmail.com альбо па тэлефоне: Марыя Шарый, +37529 191–22-67 (Вайбер, Тэлеграм).
Прэм’ерныя паказы спектакляў для ўсіх жадаючых адбудуцца ў час вясновых школьных канікул 30 і 31 сакавіка, 2 і 4 красавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (Мінск, вул. Кірава, 16). Квіткі ў продажы.