• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чацвёртая ўлада: як лакальныя медыі ўплываюць на гарадское жыццё

    Можа падавацца, што незалежных СМІ ў Беларусі не засталося. Гэта не зусім так. Шэраг недзяржаўных выданняў усё яшчэ працуе ў краіне. А рэдакцыі, што былі вымушаныя з’ехаць, прыкладаюць усе намаганні, каб заставацца ў кантакце са сваёй аўдыторыяй і актуальнай павесткай.

    Як бы гэта самая аўдыторыя не была стомленая ад навінаў, людзей усё адно цікавіць, што адбываецца ў месцы, дзе яны жывуць. Таму рэгіянальныя медыі застаюцца моцным фактарам уплыву на гарадское жыццё. Як менавіта працуе ўплыў медыя на горад і гараджан, у падкасце «Утульны горад» расказвае галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота.

    У выпуску абмеркавалі:

    • Як узнікалі рэгіянальныя медыі?

    • Ці можа артыкул нешта змяніць у горадзе?

    • Што не так з «Гродзенскай праўдай»?

    • Наколькі бяспечна выкрываць людзей, якія жывуць зусім побач?

    • Як працуюць рэгіянальныя медыі ў выгнанні?

    • Ці магчыма падтрымліваць сувязь з аўдыторыяй на адлегласці?

    • Чаму вялікім выданням так важныя рэгіянальныя?

    Слухайце размову цалкам у аўдыёверсіі тут

    Асноўныя тэзісы размовы —  у вялікім скароце ніжэй.

    Гісторыя Hrodna.life

    У выдання Hrodna.life, якое зараз прызнана экстрэмісцкім, і таму вымушана працаваць па-за межамі Беларусі, даволі спецыфічная гісторыя. Ад пачатку выданне называлася «Твой стыль» і было эксперыментальнай пляцоўкай для журналістаў і журналістак, якія толькі пачыналі свой прафесійны шлях. «Твой стыль» убачыў свет у 2007 годзе. Гэта быў перыяд, калі незалежныя друкаваныя выданні ў Гродне ўжо ліквідавалі, а інтэрнэт-выданні толькі нараджаліся і выглядалі як блогі пра гарадское жыццё.

    Паступова «Твой стыль» развіваўся і да 2016 года стала зразумела, што выданне перарасло само сябе і больш не можа быць проста трэніровачнай пляцоўкай для пачаткоўцаў. «Твой стыль» ператварыўся ў Hrodna.life — паўнавартаснае медыя, якое расказвае пра жыццё Гродна і вобласці.

    Праз блізасць да аўдыторыі ў скарбонцы Hrodna.life шмат гісторый, калі чынавенства мусіла рэагаваць на журналісцкія матэрыялы і адгукацца на патрэбы гараджан і гараджанак. Гэта натуральная гісторыя для лакальных медыя: не толькі ў адказ на артыкулы Hrodna.life дзяржслужачыя мусілі тэрмінова загадваць прыводзіць у прыстойны стан помнікі ці рэмантаваць дарогі. Падобная наступствы наступалі і тады, калі артыкулы выходзілі ў іншых гарадскіх выданнях.

    Вялікае адрозненне Hrodna.life было ў тым, што выданне імкнулася быць больш за інфармацыйнае агенцтва, уплываць на сацыяльныя працэсы, захоўваць гістарычную спадчыну, фармаваць вакол сябе супольнасць. Праз гарадскія экскурсіі, квізы і разнастайныя імпрэзы ў актыўных гараджан і гараджанак з’яўлялася магчымасць цікава пабавіць час і знайсці аднадумцаў.

    Дзяржаўныя VS Незалежныя, Рэгіянальныя VS Агульнабеларускія

    Блізасць да аўдыторыі — гэта тое чаго пазбаўлены вялікія медыя, якія арыентуюцца на ўсю Беларусь, кажа Аляксей Шота: занадта шмат аўдыторыі, занадта глабальныя сферы інтарэсаў. Чытачы і чытачкі вялікіх навінавых рэсурсаў, якія жывуць па ўсёй краіне і маюць абсалютна розныя погляды і каштоўнасць, рэдка могуць утварыць супольнасць вакол свайго ўлюбёнага СМІ.

    Лакальныя СМІ маюць пэўныя прывілеі: магчымасць хутка патрапіць у месца развіцця падзей, шырокае кола асабіста знаёмых інфарматараў і інфарматарак, шчыльны кантакт з аўдыторыяй. Пры гэтым у рэпрэсіўных умовах для незалежных медыя становіцца небяспечна падымаць якія-кольвек сацыяльна значныя тэмы. У такой сітуацыі журналісты і журналісткі часта абмяжоўваюцца простым пераказам прэс-рэлізаў дзяржаўных арганізацый, апісаннем чарговых праблем у галіне камунальнай гаспадаркі і прагнозам надвор’я.

    Тым часам дзяржаўныя медыя ўвогуле зачастую абмяжоўваюцца функцыяй прэс-цэнтра ўсіх мясцовых выканкамаў: інтэрв’ю з чыноўнікамі і чыноўніцамі становіцца простым пераказам апошніх «дасягненняў» арганізацыі, дзе тыя працуюць, без аніякага крытычнага асэнсавання, чалавечых гісторый і сацыяльнага кантэксту.

    Чытайце яшчэ:

    Нармалізацыя як умова выжывання. Што цяпер асвятляюць «перафарматаваныя» выданні

    «Стан журналіста залежыць ад стану яго рэдакцыі». Барыс Гарэцкі — пра праблемы медыяў у эміграцыі

    Саша Раманава: «Цяпер перыяд ахалоджвання да пратэснага парадку дня і пошуку новых аўдыторый і стратэгій»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці