• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Думаюць, калі ўзяць «галоўнага», ён дасць пароль ад Wikipedia». Чаму прыходзяць па вікіпедыстаў — і чаму яны працягваюць пісаць

    Беларуская Вікіпедыя не мае ўласнай юрыдычнай асобы — толькі камьюніці энтузіястаў. Раздзел на тарашкевіцы быў створаны ў 2004 годзе — за тры гады да раздзела на наркамаўцы. У 2015 годзе вікіпедысты абодвух «лагераў» аб’ядналіся ў Вікісупольнасць Беларусі — нефармальную групу валанцёраў, якія развіваюць беларускі кантэнт і ўдзельнічаюць у міжнародных праектах.

    Фота: Gülfer ERGİN, Unsplash

    На сёння ў Вікі на тарашкевіцы — 89000+ артыкулаў (у 2024 годзе было створана 3114 новых артыкулаў). Яна займае 80‑е месца сярод усіх моўных версій. Супольнасць уключае каля 70 актыўных удзельнікаў. За апошнія 12 месяцаў старонкі энцыклапедыі былі прагледжаны 67 мільёнаў разоў, а выявы ў артыкулах — 18 мільёнаў разоў. У сярэднім раздзел наведвалі 400+ тысяч унікальных карыстальнікаў у месяц.

    Па беларускіх вікіпедыстах перыядычна прыходзяць сілавікі. Так, з выпадкаў, якія трапілі ў медыа: у 2022 годзе затрымалі Марка Бернштэйна (тры гады «хатняй хіміі» за «ўдзел у беспарадках») і Паўла Пернікава (два гады пазбаўлення волі за «дыскрэдытацыю Беларусі»), у 2025‑м — Вольгу Сітнік (магчыма, у СІЗА), Казіміра Ляхновіча (магчыма, у СІЗА) і Максіма Лепушэнку (у СІЗА).

    Іерархія

    Уносіць праўкі ў артыкулы можа любы карыстальнік, ці будуць яны — залежыць ад якасці крыніц.

    У белВікі, як і ў іншых моўных раздзелах, няма галоўнага рэдактара. Адміны маюць права адмяняць праўкі «вандалаў», выдаляць/аднаўляць старонкі і іх версіі, блакаваць парушальнікаў правіл. Таксама ёсць адміны-«бюракраты» з пашыранымі правамі, якіх выбірае мясцовая супольнасць шляхам галасавання. Напрыклад, затрыманы Казімір Ляхновіч меў правы «бюракрата» белВікі на тарашкевіцы.

    Над «бюракратамі» стаяць «сцюарды» — давераныя ўдзельнікі глабальнай супольнасці Wiki­me­dia. Яны вырашаюць тэхнічныя і арганізацыйныя задачы на ўзроўні ўсіх моўных версій, падтрымліваючы нейтралітэт і ўмешваючыся толькі там, дзе праблему немагчыма вырашыць лакальна.

    Уладзімір — перакладчык, журналіст, былы супрацоўнік Акадэміі навук і адзін з самых плённых беларускіх вікіпедыстаў. З 2007 года ён стварыў больш за 1700 артыкулаў, у тым ліку пра беларускія прадпрыемствы, культуру і спорт.

    На пытанне, ці з’яўляецца беларуская Вікіпедыя культурнай місіяй, Уладзімір адказвае сцвярджальна, хоць толькі каля 5–7% беларусаў чытаюць яе на беларускай мове. Але шмат буйных сэрвісаў (Google, Bing, Яндэкс) выкарыстоўваюць звесткі з Вікізвестак — дапаможнага праекта Вікіпедыі, дзе пераклады з беларускай могуць трапляць у міжнародныя вынікі пошуку.

    «Больш па-беларуску гэта ніхто не зробіць»

    — Я гэта раблю не для кагосьці.

    Вядома, я магу падзяліцца з сябрамі, даслаць камусьці спасылку, даць нейкі артыкул пры нагодзе. Але ўсе гэтыя тысячы артыкулаў я напісаў выключна для сябе. Мой падыход: калі ты гэта не зробіш для сябе — па-беларуску гэта дакладна ніхто не напіша.

    Для мяне было адкрыццём, што абсалютная большасць навуковых матэрыялаў дагэтуль не ў сеціве. Я працаваў у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук і зразумеў, што да 95% усяго навуковага кантэнту не трапляе ў сетку. Усе гэтыя артыкулы, дакументацыя — яны проста знікаюць без следу. І добра, калі гэта пішуць для 200, а часта толькі для 50 чалавек. І не толькі ў Беларусі, а ва ўсім свеце.

    Ёсць яшчэ тое, што называюць «смерцю інтэрнэту»: праходзіць дзесяць гадоў — і амаль нічога з таго часу не знаходзіш [у інтэрнэт-крыніцах]. Многія з крыніц, якімі я карыстаўся яшчэ 3 — 5 гадоў таму, ужо недаступныя. Мы ўсе смяемся над газетамі, часопісамі, папяровымі носьбітамі, але яны насамрэч трымаюцца даўжэй, чым інтэрнэт — 10–20 гадоў.

    Вікіпедыя — гэта інструмент, які дазваляе захоўваць матэрыялы ў зручным фармаце, іначай яны проста зніклі б.

    «Пасля масавага выезду людзей за мяжу нас сталі чытаць значна больш»

    Афіцыйны (на наркамаўцы) раздзел беларускай Вікіпедыі ў асноўным чытаюць у Беларусі, а наш (на тарашкевіцы) — з самага пачатку — у дыяспары.

    І дзякуючы масаваму выезду людзей за мяжу нас сталі чытаць значна больш. Я рабіў уласны аналіз за 2023 год: вядомасць [белВікі] вырасла на 62%.

    Акрамя таго, колькасць актыўных удзельнікаў Вікіпедыі павялічылася ў 3,5 разы — да 69 чалавек. Гэта не армія, але гэта тыя, хто сапраўды стварае беларускі кантэнт.

    Аўтарскае права ў Беларусі дазваляе свабодна развіваць Вікі — замест гэтага затрымліваюць вікіпедыстаў

    Наша мэта — не ў тым, каб набіваць сабе рэйтынгі або пераказваць палітычныя падзеі. Ключавое прызначэнне Вікіпедыі — гэта літаральна служыць культурнай місіі ў тых краінах, дзе мы жывем. Гэта — асвятленне культуры, адукацыі, дастаўка інфармацыі.

    Калі мы ўдзельнічаем у сустрэчах вікіпедыстаў краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, то яны здзіўляюцца: «Як так, што ў вас дагэтуль няма юрыдычнай асобы?». Яшчэ больш незразумелым выглядае адсутнасць мемарандумаў аб супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі або культуры.

    Цікава, што ў Беларусі заканадаўства, наадварот, больш свабоднае ў плане аўтарскіх правоў. Напрыклад, у нас дазволена публікацыя твораў праз 50 гадоў пасля смерці аўтара. У нас ёсць бясплатная абавязковая агульная адукацыя і г. д.

    Гэта значыць, што ў нас большы доступ і магчымасці для распаўсюджвання ведаў, захавання матэрыялаў з паперы і выратавання іх ад культурнай смерці і забыцця.

    Замест гэтага [уладамі] час марнуецца на тое, каб пасадзіць пару-тройку чалавек на суткі — каб уплываць на 1–2 артыкулы, якія камусьці здаюцца непрыемнымі.

    «Каго бачаць, таго і бяруць»

    Бачыў Вольгу Сітнік пару гадоў таму, калі браў у яе інтэрв’ю для дзяржаўнага выдання — спрабаваў тады напісаць некалькі артыкулаў пра Вікіпедыю, але ані інтэрв’ю, ані відэа так і не апублікавалі. Яна потым сама мне тэлефанавала і пыталася: «Што там? Можаш скінуць спасылку?». Я кажу: «Ну, чамусьці не прайшло». А яна кажа: «А, ну ясна, ужо такое было». Яна давала нейкае інтэрв’ю таксама дзяржаўнаму выданню, і яно таксама не выйшла.

    Маю ўвагу прыцягнула і тое, што ў 2014 годзе і Максім Лепушэнка даваў відэаінтэрв’ю на АНТ.

    Каго бачылі — таго і ўзялі, хоць гэта мая асабістая здагадка.

    Затрыманні былі і раней. Напрыклад, Паўла Пернікава [у 2022 годзе атрымаў два гады пазбаўлення волі за «дыскрэдытацыю Беларусі» і ўжо цалкам адбыў тэрмін] з Брэста. Мы не ведалі, затрымалі яго ці не — ён проста перастаў пісаць артыкулы. Потым нехта спрабаваў здзейсніць вандалізм з яго акаўнта. І толькі праз тры месяцы мы даведаліся пра прысуд — здаецца, на пару гадоў. Яму адмовілі ў змякчэнні прысуду, у адрозненне ад Марка Бернштэйна.

    У нас значна менш звестак пра [затрыманні] вікіпедыстаў раздзела на тарашкевіцы. Вось, наш адзіны «бюракрат» Казімір Ляхновіч: пакуль што мы грунтуемся толькі на здагадках пра яго затрыманне: ён перастаў пісаць і выходзіць на сувязь. На падставе гэтых здагадак яго акаўнт заблакавалі ў Вікіпедыі, каб доступ не атрымалі сілавікі.

    — А сілавікі могуць паўплываць на змест Вікі праз адміна, асабліва адміна-«бюракрата» з пашыранымі правамі?

    — Уяўленне «мы ўмяшаемся і нешта зробім, каб схіліць меркаванне на той ці іншы бок» — гэта адсутнасць разумення, як працуе сервер у штаце Вірджынія, за акіянам. Над адміністратарам стаіць «сцюард» (давераныя ўдзельнікі, якія маюць глабальныя правы ва ўсіх праектах Wiki­me­dia — dev). Калі хтосьці хоча аднаасобна паўплываць на змест Вікіпедыі, усе праўкі адкоцяць назад.

    «Мяне распірае зрабіць свет лепшым»

    Віталь — адзін з актывістаў беларускай Вікіпедыі. Пераехаў з Мінска ў Батумі ў 2022 годзе, працуе праграмістам, а па вечарах ратуе знікаючыя праекты, загружае старыя алічбаваныя газеты і змагаецца за праўкі.

    Ён падтрымлівае тэорыю, што прыйшлі за тымі, хто неяк засвяціўся ў якасці кантрыб’ютара Вікі, хоць мог і не мець дачынення да артыкулаў «пра палітыку».

    — Чаму за імі прыйшлі? Ну на палітычнай тэме — гэта ж зразумела. Хаця Вольга Сітнік — маці траіх дзяцей, якая не публікавала палітычны кантэнт.

    У беларускай Вікіпедыі, калі мы гаворым пра палітычныя ці гістарычныя тэмы, акцэнты часта зрушаны ў той ці іншы бок, яны больш жорсткія. У рускім сегменце такога менш, там усё больш нейтральна. Але нават калі кагосьці ўзялі за палітычныя артыкулы, то пытанне — адкуль у сілавікоў гэтая інфармацыя? Рэдактары, якія ўносяць праўкі па гістарычных і палітычных тэмах у беларускім сегменце, схаваны з публічнага доступу. Думаю, прыйшлі, у першую чаргу, за публічнымі людзьмі, якіх няцяжка было знайсці, а не таму, што яны адыгрывалі нейкую ключавую ролю.

    Можа, сілавікі думаюць, што калі ўзяць галоўнага, то ім выдадуць пароль ад Вікіпедыі. Разумееце логіку, так? Але як толькі чалавек выйдзе на свабоду, ён адновіць доступ і зменіць паролі.

    Я па жыцці актыўны: рухаю розныя праекты, нешта раю, прапаную, артыкулы пішу, падкасты запісваю. Не магу прайсці міма. Калі я бачу, што недзе не хапае інфармацыі, якой я валодаю, то адчуваю адказнасць. Мяне распірае, што трэба зрабіць свет лепшым.

    — Для мяне ўдзел у белВікі важны, таму што беларуская мова пад пагрозай знікнення. Так, пакуль яна афіцыйна не ўключана ў спіс ЮНЕСКА як выміраючая, але гэта пытанне часу. Таму мне важна спажываць і ствараць больш кантэнту на роднай мове. Гэта мая спроба захаваць і перадаць гэты агмень далей.

    Я напісаў ужо дзясятак артыкулаў на рускай, англійскай, беларускай, загрузіў больш за пяць тысяч файлаў. Мы з дзяўчынай дадалі ў Вікі 120 ГБ фотаздымкаў беларускай глыбінкі ў кааперацыі з вядомым блогерам, цэлы год загружалі [зыходнікі фота], устаўлялі ў артыкулы. Гэта важны кейс: нават калі блогер не заплаціць за хостынг, мы ўсё роўна выратавалі гэтыя фотаздымкі.

    Альбо, дапусцім, камп’ютарныя гульні, якія дарагія душы маёй, у якія я гуляў 20 гадоў таму. Часам перад сном, калі галава кранаецца падушкі, успамінаю тую ці іншую цудоўную вялікую гульню. Твор мастацтва — не менш, хоць не ўсе людзі гэта разумеюць. Дык вось калі я заходжу ў Вікіпедыю і бачу, што там чагосьці не хапае пра тую ці іншую гульню, абавязкова пра гэта напішу. У гэтым бачу сваю адказнасць.

    Як усё працуе: аўтарытэтныя крыніцы, Black List, «войны правак»

    У асноўным артыкулы пішуць і рэдагуюць звычайныя людзі — гэта нізавая ініцыятыва. У белВікі няма галоўнага рэдактара, які б адсочваў усе змены. Праўкі можа ўнесці любы юзер, як і адмяніць іх, а аўтар артыкула — пагадзіцца з гэтым ці не. Кожная праўка павінна пацвярджацца крыніцамі — гэта, бадай, галоўнае правіла Вікіпедыі. Ёсць аўтарытэтныя і неаўтарытэтныя крыніцы. Я ўнясу інфармацыю ў Вікіпедыю, але яна не захаваецца, калі крыніца неаўтарытэтная і знаходзіцца ва ўнутраным Black List.

    Крывавыя перапіскі з аргументамі на ўвесь экран могуць разгарнуцца на любую тэму. Напрыклад, я пішу карысную праўку з крыніцай, а яе адкатваюць. Я лічу, што маю рацыю, таму адкатваю «адкатанае». Прыходзіць мадэратар і зноў не прымае. У выніку мяне ўжо блакавалі два разы.

    Яшчэ была сітуацыя, калі я напісаў гіганцкі артыкул пра роварны рух ў Беларусі ў рускім сегменце. Месяц пісаў full time, але ў выніку яго выставілі на выдаленне. Сказалі, што занадта шмат вады, што гэта рэклама, але я змагаўся за гэты артыкул і перамог — яго пакінулі.

    У той жа час мне нехта напісаў з беларускай Вікіпедыі: «Перакладзі артыкул на беларускую, мы яго дададзім у спіс выдатных». Таму ў розных моўных версіях Вікіпедыі інфармацыя адрозніваецца: розныя людзі, розныя мадэрацыі, розныя крыніцы.

    Бывае, калі тэма гарачая, пачынаецца «вайна правак», на час тая ці іншая група можа захапіць кантроль. Гэта можа пахіснуць нейтральную кропку гледжання — тады ўмешваецца Wiki­me­dia Foun­da­tion, яны ўжо прызначаюць медыятара, які спрабуе разруліць сітуацыю і адміністраваць, каб іншыя пункты гледжання ў артыкулах таксама былі прадстаўлены. Так было з артыкулам, напрыклад, пра Нагорны Карабах.

    — Чаму беларускіх вікіпедый — дзве?

    — Проста, ведаеце, ёсць людзі, якія не могуць дамовіцца. Я буду пісаць так, а я — вось так. Ну і ўсё, дзелім тады Вікіпедыю папалам.

    Ёсць людзі ў нашай супольнасці, якія шмат стараюцца, пішуць, уносяць праўкі, а іх пастаянна крытыкуюць. Некаторыя не вытрымліваюць, крыўдзяцца і сыходзяць. Альбо нават я прыходжу ў dis­cord і пытаюся: «Можна аднавіць артыкул? З’явіліся новыя крыніцы». Яны пачынаюць абсмейваць і казаць, што мяне трэба наогул заблакаваць, таму што я спамлю і хачу прасоўваць сябе любімага. Ну, так крыўдна. Гэта не толькі ў Вікіпедыі, у розных праектах: я стараюся, укладаю час, сілы, разбіраюся на карысць людзям. А мне кажуць: «Табе лепш наогул гэтым не займацца».

    Я нават некалькі разоў адпраўляў рэзюмэ ў Wiki­me­dia Foun­da­tion на так званы Safe­ty and Trust: распрацоўваць інструменты, каб бачыць, калі ўдзельнікаў камьюніці крыўдзяць, у тым ліку па гендэрнай прыкмеце. Нядаўна мая знаёмая завяла блог ад мужчынскага імя, таму што карыстальнікі так лепш і сур’ёзней ставяцца да кантэнту. Гэта сумна, гэта жах, але гэта жыццё. Мне ад гэтага таксама крыўдна. Можа таму для Вікіпедыі піша так мала жанчын — прыкладна 9% ад агульнай колькасці [аўтараў].

    Рэкамендацыі

    Ад Уладзіміра

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці