• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Час на свабодныя мэдыі

    ­Неяк Максім Жбанкоў сказаў: мы жывем у глухім грамадзтве. І сапраўды — гукнеш, а рэха свайго не пачуеш. Глухім грамадзтва бывае тады, калі ў ім няма свабодных мэдыяў. Калі няма сапраўднага дыялёгу. Калі грамадзкая апінія невыразна­я, а добра чутны толькі адзін голас — голас улады. І добра чутны ён таму, што менавіта яна, улада, кантралюе ўсе мэдыі. Вось і зусім нядаўні прыклад: рубель патаньнеў на 20 адсоткаў, а ў самай афіцыйнай і самай кантраляванай праграме «Панарама» Беларускага тэлебачаньня пра гэта ані слова.

    Ва ўсіх сваіх папярэдніх развагах я імкнуўся прадбачыць, як будуць разгортвацца падзеі ў стасунках нашай краіны з Расеяй, Эўропай, у якім кірунку будзе мяняцца беларуская ідэнтычнасьць ды эканамічная сытуацыя (гл. http://www.svaboda.org/archive/guesteditor/20090108/597/611.html). Але характар гэтых зьменаў будзе шмат у чым залежыць таксама і ад мэдыя-сытуацыі ў краіне. Бо СМІ — гэта ня толькі дзейсны чыньнік у выяўленьні пазыцый і апініі самых розных сацыяльных груповак, але ж і надзвычай важны інструмэнт наладжваньня цывілізаванага дыялёгу паміж імі, паміж уладай і грамадзтвам. Улада, якая ігнаруе меркаваньні людзей, раней ці пазьней будзе праігнараваная і самім грамадствам. Цывілізаваны дыялёг — гэта яшчэ і антыдот, сродак ад ужываньня брутальнай сілы і гвалту.

    На жаль, трэба канстатаваць, што ўлада дагэтуль дастаткова пасьпяхов­а ігнаравала меркаваньні некаторых груповак беларускага грамадзтва. Хай сабе гэтыя групоўкі і не былі шматлікія. Але існуе вялікая колькасьць прыкладаў, калі альтэрнатыўная думка меншасьці рабілася дамінантнай у грамадзкай апініі.

    Дыялёг у нашым грамадстве неабходны дзеля дасягненьня шмат якіх важных мэтаў. Беларускае грамадзтва мае патрэбу ў эканамічных рэформах, ва ўсеагульнай лібэралізацыі, дэсаветызацыі, нарэшце, у наладжваньні кантролю за дзеяньнямі ўлады. Гэта абсалютна нармальныя мэты. І без свабодных мэдыяў і свабоды слова яны недасягальныя.

    Я не аптыміст і не ідэаліст. Пасьля пятнаццацігадовага пэрыяду аўтарытарнага кіраваньня зьмены ў названых вышэй кірунках ня могуць быць хуткімі. Але ў любым выпадку патрэбная воля, добрая воля. Нарэшце, варта ўсьвядоміць, што мы маем ня дзьве ці тры, а ўсяго толькі адну Беларусь.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці