• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Актывіст польскай меншасці: сітуацыя з Анджэем Пачобутам пагаршаецца

    Няма добрых навін аб палітзняволеным журналісце і дзеячы польскай меншасці Анджэе Пачобуце, які асуджаны на восем гадоў калоніі па сфальшаванай справе. Таксама ў ня лепшых варунках знаходзіцца ўся польскай меншасці ў Беларусі. Пра ўсё гэта распавядалі на чарговай штомесячнай акцыі салідарнасці ў Беластоку. Аб мерапрыемстве – у рэпартажы беластоцкага карэспандэнта «Радыё Ўнэт» Уладзіміра Лапцэвіча.

    Традыцыйная акцыя салідарнасці, якая адбылася ў Беластоку на мінулым тыдні, прыцягнула ўвагу большай колькасці людзей, чым звычайна. Гэта ў першую чаргу было бачна па лічбе ўдзельнікаў, якія прыйшлі прадэманстраваць свой пратэст палітычным рэпрэсіям, што адбываюцца ў Беларусі, паказаць, што Анджэй Пачобут, Дзяніс Івашын, Паліна Шарэнда і тысячы іншых палітычных зняволеных не забытыя. Пра гэта ў прыватнасці казаў, выступаючы на акцыі, намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

    «Штодзень кагосьці судзяць, кагосьці саджаюць, рэпрэсіі не становяцца меншымі, а толькі ўзмацняюцца ў Беларусі. Што тычыцца Анджэя, на жаль, сітуацыя вельмі цяжкая. Наступныя шэсць месяцаў правядзе ў камеры для пакарання, беспадстаўна кінуты туды. Так што сітуацыя пагаршаецца. Да яго не пускаюць адваката, не даходзяць лісты, не даюць яму лекі, якія яму патрэбны кожны дзень. Таму асабліва важна быць сёння тут, каб распавесці аб гэтым усім, распавесці вам, распавесці журналістам, каб гэтая інфармацыя ляцела ў свет, каб людзі ведалі, каб людзі як-небудзь рэагавалі на гэта ўсё, каб помнілі, што гэта адзінае, што мы ў гэтай сітуацыі можам зрабіць – гэта помніць аб Анджэе, што ён церпіць, помніць аб астатніх палітвязнях, помніць аб Паўле Мажэйку, аб Юліі Юргілевіч, аб Паліне Шарэнда, аб Дзянісе Івашыне, аб Міколе Статкевічу, і астатніх. Вельмі шмат добрых людзей сядзіць».

    У каментары радыё Марэк Занеўскі больш падрабязна распавёў пра сітуацыю з Анджэем Пачобутам.

    «Найвялікшая праблема на сёння – гэта адсутнасць інфармацыі, бо да Анджэя не можа трапіць адвакат, не даходзяць лісты, яго пазбавілі магчымасці тэлефанавання да дому. І гэта стварае найвялікшую праблему, бо мы не ведаем, дзе ён цяпер, у якім ён стане і што ўвогуле там з ім дзеецца. З той інфармацыі, што да нас даходзіць, ён на шэсць месяцаў асуджаны знаходзіцца ў камеры пакарання ў калоніі і не атрымлівае лекі для сэрца, якія патрабуе кожны дзень. Гэта таксама прымушае вельмі непакоіцца».

    З 2005 года Саюз палякаў Беларусі дзейнічае нелегальна. Прычынай гэтаму стала ўмяшанне лукашэнкаўскіх улад у дзейнасць грамадскай арганізацыі і стварэнне рэжымам Лукашэнкі лаяльнай да сябе, але не акцэптаванай у Польшчы, структуры. Аднак нават у такім становішчы праца актывістаў Саюза працягвалася, дзякуючы ў першую чаргу польскім арганізацыям, якія дапамагалі суайчыннікам за мяжой, адзначыў вядучы акцыі гродзенскі журналіст Ян Роман. Адной з такіх арганізацый быў Падляшскі аддзел «Вспульноты Польскай», якой кіруе Ганна Кетліньска. Яна распавяла ўдзельнікам акцыі, што сёлета школы ў Беларусі пазбаўлены магчымасці выкладаць польскую мову як прадмет.

    «Адзіныя дзве афіцыйна дзеючыя польскія школы ў Гродне і Ваўкавыску засталіся зачыненыя. Гэта сітуацыя не змянілася. Польскую мову дзеці могуць вучыць толькі адну гадзіну на тыдзень і толькі з выражанай волі бацькоў, якіх, канешне, увесь час інфармуюць, што гэта не патрэбна і ў пэўным сэнсе запужаны. Польская мова, нягледзячы ні на што, вывучаецца ў Беларусі. Я атрымліваю рознага кшталту матэрыялы, фільмікі ад Анжалікі Борыс таксама, якія паказваюць, што мы адкаціліся на 30 гадоў назад, бо польскую мову дзеці вывучаюць дома. Гэта такія тайныя камплекты, так гэта выглядае. Вывучаюць польскую мову таксама на такіх афіцыйных курсах, але гэта ўсё ад афіцыйнай дзейнасці, да якой мы прызвычаіліся. Я помню пачатак школьнага году ў польскіх школах, дзе былі бела-чырвоныя шарыкі, дзе сустракаліся мы з Польшчы, прадстаўнікі Генеральнага консульства, і для нас гэта было свята польскай мовы і свята польскай меншасці ў Беларусі».

    Нашаму радыё Ганна Кетліньская распавяла, што адбываецца зараз з Дамамі польскімі, якія засталіся ў Беларусі і ўвогуле, з чым звязаны пераслед у адносінах да польскай меншасці з боку лукашэнкаўскай улады.

    — Дамы перасталі выконваць сваю функцыю. Яшчэ да 2021 году ў Доме польскім у Баранавічах размяшчалася польская школа, але ўсё змянілася. Цяпер там рытуальныя паслугі, крамы альбо папросту знішчаюцца. Саюз палякаў Беларусі, з якім супрацоўнічаем, гэта людзі не толькі на Гарадзеншчыне, хаця тут людзей польскага паходжання найбольш, але яны жывуць таксама ў іншых месцах і там дзейнічаюць, бо маюць глыбока ўкаранёны абавязак адносна польскай традыцыі і польскай мовы. У розных месцах ёсць польскія могілкі. Палякі сустракаюцца дома, у касцёлах, і гэта працягваецца. Цяжкая сітуацыя для польскай меншасці ў Беларусі гэта не новая сітуацыя, бо цяжка было і пасля 1945 году, каля практычна не функцыянавалі польскія школы, не функцыянавалі касцёлы. Цяжка было і пасля раздзелаў Польшчы, але польскасць вытрымала і польская мова таксама вытрымала.

    — Чаму польская меншасць пераследуецца ў цяперашняй Беларусі і што можна гэтаму супрацьпаставіць?

    — Палякі з’яўляюцца меншасцю. Згодна афіцыйным спісам, палякаў каля 300 тысяч. Гэта, калі возьмем пад увагу 10-мільённую Беларусь, вялікая група. Калі кажам пра неафіцыйныя лічбы, колькі людзей польскага паходжання, то, думаю, перакрочым мільён. І гэта ёсць свайго роду небяспека, бо гэта людзі не ўпісаныя ў «рускі мір». Гэта людзі, якія прызвычаеныя да іншых каштоўнасцяў, да іншай традыцыі, да іншай культуры. І гэта ўяўляе пагрозу ў дзяржаве, якая хоча цалкам кіраваць чалавекам і яго сабе падпарадкаваць.

    Заклікаў да разнастайных праяў салідарнасці з палітвязнямі гродзенскі актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Верамеенка, які нагадаў пра неабходнасць пісаць лісты палітзняволеным, нават калі яны не даходзяць да адрасатаў і іх чытаюць толькі турэмшчыкі. Паводле яго, яны бачаць тую моц падтрымкі і магчыма задумаюцца, ці варта апантана выконваць загады па катаванні нявінных людзей.

    Ян Роман у сваю чаргу паведаміў, што ўсё больш грамадзян Беларусі пакідаюць родную краіну і пераязджаюць за мяжу, у прыватнасці, у Польшчу.

    Чытайце яшчэ:

    У лістах з‑за кратаў Андрэй Кузнечык разважае пра беларускія СМІ і пра тое, як сніць Мінск

    Той выпадак, калі газета выратавала тысячы жыццяў. У якім стане цяпер украінская журналістыка

    Відэааператара Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько будуць судзіць 5 верасня

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці