• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Больш за 400 дзён за кратамі. Фігурантаў справы БелаПАН вярнулі ў суд

    Мінскі абласны суд аднавіў пасяджэнні па справе недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Працэс мусіў працягнуцца яшчэ 12 верасня, але быў адкладзены з прычыны “хваробы ўдзельнікаў”. Хто канкрэтна і чым захварэў – дадаткова не каментавалася.  Прынамсі невядома, ці звязана гэта з каранавірусам, новая хваля якога накрыла Беларусь. 

    У шкляной клетцы – галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына, былы дырэктар інфармагенцтва Дзмітрый Наважылаў, а таксама экс-намеснік дырэктара Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна, якія на пачатку месяца пабраліся шлюбам у СІЗА № 1 Мінска. 

    Паводле падлікаў калег фігурантаў справы, 21 верасня акурат 400 дзён з моманту затрымання Ірыны Леўшынай і Дзмітрыя Наважылава (іх узялі сінхронна 18 жніўня 2021 года). А вось Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі ўжо больш за 600 сутак – ад 12 студзеня 2021-га.   

    Згодна з нічым не абгрунтаванай юрыдычнай практыкай, якая апошнім часам набыла шырокае прымяненне ў палітычных працэсах, пасяджэнне адбываецца ў закрытым фармаце. Выключэнне робіцца толькі для прапагандыстаў дзяржаўных СМІ, якія ў сваіх “справаздачах” кпяць з незалежных журналістаў за кратамі.    

    Пакуль ніякіх падрабязнасцяў адносна фармату пасяджэння не паступае. Адпаведна, можна толькі здагадвацца, калі справа дойдзе да “апошняга слова”. Вядома толькі, што раней для Ірыны Леўшынай меру стрымання пад вартай працягнулі да 28 верасня.    

    Суд над белапанаўцамі пачаўся 6 чэрвеня, а праз два тыдні быў аб’яўлены перапынак у сувязі з правядзеннем “экспертызы”. У чым яе сутнасць – так і застаецца загадкай. У любым выпадку лёс падсудных залежыць ад рашэння суддзі Вячаслава Тулейкі, на сумленні якога суровыя прысуды ў справе анархістаў – без сумневу выносіў грамадскім актывістам да 20 гадоў пазбаўлення волі. Не вельмі падобна, што размовы пра “прымірэнне і амністыю” ў так званы “год народнага адзінства” неяк адаб’юцца на ягоным імпэце.

    Зрэшты, як сказала ў размове з карэспандэнтам службы маніторынгу БАЖ былая журналістка агенцтва БелаПАН Таццяна Каравянкова, залішне спадзявацца на цуд можа і не варта, але і губляць надзею, загадзя паддавацца капітулянцкім настроям таксама нельга.

    “Наконт таго, як можна вінаваціць такіх прыстойных, шчырых людзей, як Іра, Дзіма, Андрэй і яшчэ адна Іра, дык зараз у турмах тысячы годных і сумленных беларусаў. Уся “віна” якіх выключна ў тым, што яны не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, хочуць справядлівасці, пакарання адказных за катаванні і рэпрэсіі, сумленных выбараў. А ўвогуле – гэта што тычыцца непасрэдна журналістаў – просто магчымасці рабіць свою справу без пагрозы быць затрыманым”, – адзначыла суразмоўца.    

    Як вынікае з абвінаваўчага заключэння, справы палітвязняў пераплятаюцца ў самых розных варыяцыях. Так, Андрэй Аляксандраў, Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў абвінавачваюцца ў стварэнні і дзейнасці “экстрэмісцкага фармавання”, хоць усіх затрымалі нашмат раней за рашэнне КДБ ад 1 лістапада 2021 года.  

    Стварэнне з ліку работнікаў ЗАТ БелаПАН” і іншых асоб групы грамадзян, якая ў 2020–2021 гадах ажыццяўляла экстрэмісцкую дзейнасць у выглядзе стварэння і размяшчэння на інтэрнэт-рэсурсах агенцтва матэрыялаў з прыкметамі экстрэмізму, а таксама кіравання такім фармаваннем.

    Акрамя таго, Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну намагаюцца падвесці пад артыкул 293 Крымінальнага кодэкса – “падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў беспарадках” (за тое, што аплочвалі адміністрацыйныя штрафы ўдзельнікам мірных пратэстаў). Плюс ужо за кратамі нечакана з’явілася “здрада дзяржаве” паводле часткі 1 артыкула 356 КК.  

    Аказанне дапамогі арганізацыі БАЙХЭЛП” і яе прадстаўнікам у дзейнасці, скіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Падрыхтоўка не менш як 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, шляхам аплаты штрафаў, рахункаў за харчаванне ў месцах адбывання адміністрацыйных арыштаў, рахункаў за паслугі адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у працэсах, ці аказваюць іншую юрыдычную дапамогу.

    Усё той жа Андрэй Аляксандраў, толькі цяпер ужо ў тандэме з Дзмітрыем Наважылавым, праходзяць і як падазраваныя ў невыплаце падаткаў на вялікія сумы – у эквіваленце 200 тысяч долараў на момант выстаўлення фінансавых прэтэнзій. 

    Ухіленне ад выплаты ЗАТ БелаПАН падаткаў пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання за 2015–2020 гады і падаходнага падатку з  фізічных асоб за люты 2015 — красавік 2021 шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы і ўнясення ў падатковыя дэкларацыі заведама ілжывых звестак, што пацягнула за сабой прычыненне дзяржаве шкоды каля 450 тысяч рублёў

    Усіх фігурантаў справы праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі. Падчас судовага працэсу ніхто з іх не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым.  

    Адзначым, што заснавальнік і шматгадовы кіраўнік агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай не дажыў да непрыхаванай расправы над сваім дзецішчам – ён памёр пасля анкалагічнага захворвання 23 жніўня 2018 года, перад тым яшчэ паспеўшы пабыць фігурантам крымінальнай справы нібыта за нясплату падаткаў.

    Чытайце яшчэ:

    Нечакана выйшаў на волю журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч

    Дзяржаўная прапаганда накінулася на партал Onliner. Што гэта за рэсурс?

    Вырак Ксеніі Луцкіной будзе абвешчаны 28 верасня. У апошнім слове Ксенія папрасіла суд аб гуманнасці

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці