Для журналіста Паўла Падабеда пракуратура запатрабавала 4 гады калоніі
Падчас спрэчак бакоў у Мінскім гарадскім судзе 30 чэрвеня абвінавачанне папрасіла пакараць відэааператара Паўла Падабеда 4 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Для высвятлення акалічнасцяў крымінальнай справы запатрабавалася ўсяго два пасяджэнні.
Працэс у Мінгарсудзе пад кіраўніцтвам Яўгена Пісарэвіча пачаўся 28 чэрвеня, а ўжо праз дзень прадстаўнік пракуратуры запатрабаваў для фігуранта рэальны тэрмін зняволення – 4 гады папраўчай калоніі на падставе ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса.
З гледзішча абвінавачання, датычнасць Паўла Падабеда да злачынства («стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім») цалкам даказаная і патрабуе адпаведнага пакарання.
Пры гэтым улады працягваюць абіраць максімальныя санкцыі — нягледзячы на тое, што згаданы артыкул прадугледжвае ў тым ліку абмежаванне волі ва ўстанове адкрытага тыпу без накіравання ў калонію.
Гэта азначае, што трэцяе па ліку і апошняе пасяджэнне стане простай фармальнасцю — у абсалютнай бальшыні палітычных спраў суддзі цалкам пагаджаюцца з патрабаваннем пракурорскіх работнікаў. Такім чынам, неўзабаве справа фрылансера можа скончыцца абвяшчэннем канчатковага прысуду.
Падчас першага пасяджэння стала вядома, што Паўлу Падабеду інкрымінуецца супраца з тэлеканалам «Белсат» і, як вынік, «удзел у экстрэмісцкім фармаванні». У якасці персанальнай датычнасці дэманстраваліся відэасюжэты «пратэснага кантэнту», у тым ліку прысвечаныя знікламу відэааператару Дзмітрыю Завадскаму і забітаму журналісту Паўлу Шарамету. Хоць прозвішча фігуранта ў тытрах не значылася, паводле «ўскосных прыкмет» было агучана падазрэнне ў яго непасрэднай датычнасці да здымкаў.
Акрамя таго, у ходзе працэсу стала зразумела, што тэлефон Паўла Падабеда праслухоўваўся, гэтаксама сілавікі мелі доступ да ягонага ліставання ў месенджарах.
Таксама журналіста абвінавацілі ў «карыслівых матывах» ад журналісцкай дзейнасці і атрыманні фінансавай выгады — падставай стала наяўнасць карткі замежнага банка. Не выключана, што на гэтай падставе падчас вынясення прысуду яму дадаткова выпішуць штраф за патэнцыйна нясплочаныя падаткі ў Беларусі.
Сам Павел Падабед інкрымінаваныя «злачынствы» лічыць цалкам надуманымі.
За кратамі журналіст ужо больш за 6 месяцаў — яго затрымалі сёлета 20 студзеня. На падставе старых рэпостаў у сацсетках праваахоўнікі абвінавацілі фрылансера ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Падчас ператрусу ў яго доме на экспертызу забралі камп’ютарныя носьбіты інфармацыі, мабільныя тэлефоны, а таксама прафесійную відэакамеру.
Першапачаткова суд пакараў журналіста 15 суткамі арышту паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 з адбыццём у ІЧУ Мінскага раёна. Але напярэдадні меркаванага вызвалення яго забралі на допыт, пасля чаго перавялі ў сталічны следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. І ўжо там інкрымінавалі арт. 361–1, ч. 3 КК — «уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)».
Праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Падабеда палітычным вязнем і звязала пераслед з прафесійнай дзейнасцю.
У траўні за кратамі журналіст адзначыў 44‑ы дзень нараджэння. Да заканчэння судовага працэсу і канчатковага ўступлення выраку ў сілу ён застанецца ў СІЗА №1 Мінска.
Яшчэ раней Павел Падабед у лістах на волю паведаміў, што ў выпадку неспрыяльнага для сябе рашэння будзе падаваць апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі.
Чытайце яшчэ:
«Будзем працягваць да таго часу, пакуль не спыняцца рэпрэсіі». Міжнародны інстытут прэсы пачаў у Twitter праект па Беларусі
«Вялікую ролю грае матывацыя кандыдата». Рэдактары недзяржаўных медыя далі парады суіскальнікам працы
На брэсцкім дзяржаўным тэлебачанні ўзгадалі пра памілаванне Рамана Пратасевіча