Гэтыя гады не былі марнымі: БелаПАН святкуе 25-годдзе!
Інфармацыйнай кампаніі БелаПАН сёння спаўняецца 25 год. На момант, калі ствараўся БелаПАН, аўтару праекта Алесю Ліпаю было столькі ж, колькі сёння кампаніі.
Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пацікавілася ў Алеся, як змяніліся за гэты час аўтар, яго “дзіця”, і хто ёсць гонарам рэдакцыі.
— Інфармацыйная кампанія, на шчасце, адбылася. Стала сур’ёзнай з’явай медыйнага, журналісцкага жыцця ў Беларусі. Гэтыя 25 гадоў былі недарэмнымі. А я стаў мацнейшым на БелаПАН за гэты час. Нашы найлепшыя праекты гэта — інтэрнэт-газета Naviny.by, рэдакцыя медыя-навін. Мы першымі ў Беларусі пачалі ладзіць анлайн канферэнцыі з вядомымі асобамі, першымі пачалі рабіць інфаграфіку.
Нашы журналісты сталелі разам з БелаПАНам, адбыліся разам з ім. І БелаПАН адбыўся з гэтымі людзьмі.
Гэта — наш галоўны рэдактар інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Ірына Леўшына, шэф-рэдактар інтэрнэт-газеты Naviny.by Аляксандр Зайцаў, журналісты Аляксей Арэшка, Алена Спасюк, Вячаслаў Будкевіч, Таццяна Каравянкова, Адар’я Гуштын, Алесь Ярашэвіч. Аляксандр Класкоўскі адбыўся дзякуючы таму, што ён Класкоўскі. Ён прыйшоў у БелПАН як выбітны журналіст і рэдактар, шмат гадоў працуе ў нас і з’яўляецца нашым гонарам. Таксама гэта і Юрый Уладзіміравіч Вельтнер.
І ў інтэрнэт-газеце Naviny.by традыцыйна добра чытаюцца матэрыялы палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, эканамічнага аглядальніка Дзмітрыя Зайца. У нас сталая і сур’ёзная аўдыторыя, таму чытачы любяць аналітычныя артыкулы.
Лёгка нам ніколі не было працаваць. Можа быць, толькі на пачатку нашай дзейнасці да 1994 года. Няпростыя ўмовы існавання незалежных медыяў ў Беларусі не дазваляюць гаварыць пра лёгкую працу. Разам з тым у краіне адбываюцца падзеі, якія звяртаюць на сябе ўвагу нават буйных міжнародных СМІ, то грэх было б скардзіцца, што працаваць у Беларусі нецікава.
Медыйны бізнэс ва ўсім свеце адбываецца вельмі хутка, проста шалёнымі тэмпамі. І казаць якімі будуць сродкі масавай інфармацыі праз дзесяць год ніхто не можа. Але ў нас ёсць стратэгічны план і мы будзем яго рэалізоўваць. Вы зможаце назіраць, куды мы рухаемся. У снежні плануем зрабіць шумную вечарыну для нашых калегаў, партнёраў, сяброў. І, зразумела ж, для БелаПАНенак і БелаПАНоў.
Беларускае прыватнае агенцтва навінаў (БелаПАН) было створана 19 лістапада 1991 года.
Спачатку БелаПАН меў 5 супрацоўнікаў, а навіны рассылаліся падпісантам уручную па факсе некалькі разоў у дзень. Першую дамову на пастаўку інфармацыі заключылі з газетай «Звязда».
Цяпер інфармацыйная кампанія БелаПАН выпускае больш за 20 інфармацыйных, аналітычных, даведачных і спецыялізаваных прадуктаў, прадастаўляе разнастайныя інфармацыйныя, даследчыя, рэкламныя і маніторынгавыя паслугі. З 2002 года БелаПАН выдае інтэрнет-газету Naviny.by.
Плануецца, што на наступным тыдні заснавальнік БелаПАН Алесь Ліпай возьме ўдзел у анлайн канферэнцыі на сайце ГА «БАЖ». Пытанні ўжо зараз можна дасылаць праз каментары пад гэтым тэкстам.
ГА «БАЖ» шчыра віншуе калег з гэтай датай! Радуемся з вамі і ганарымся вамі!
Зычым БелаПАНу і яго супрацоўнікам развіцця і росквіту, ды ніколі не згубіць веры ў сябе і сваю справу!