• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сёлета фестываль «Паўночнае ззянне» пройдзе ў фармаце кінаўікенду ў Варшаве

    Кінафестываль «Паўночнае ззянне» сёлета змяняе фармат: замест звыклай вялікай праграмы каманда анансавала міні-фэст «Ззя week­end». Ён адбудзецца з 11 па 13 снежня 2026 года выключна афлайн у варшаўскім кінатэатры Kinote­ka.

    «Паўночнае ззянне» пройдзе ў фармаце кінаўікенду ў Варшаве

    Чаму фестываль змяняе фармат?

    За апошні год каманда «Паўночнага ззяння» сутыкнулася з шэрагам сур’ёзных выклікаў, якія прымусілі перагледзець маштаб і фармат імпрэзы. Сярод галоўных прычын — агульныя складанасці з фінансаваннем беларускіх культурных праектаў у выгнанні, а таксама пытанні бяспекі.

    Пасля таго як у Беларусі фестываль прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», камандзе давялося шукаць новыя і бяспечныя шляхі камунікацыі з айчыннай аўдыторыяй. Менавіта таму сёлета «Ззянне» засяродзіцца на працы з публікай за межамі краіны і правядзе акцыю выключна ў афлайн-фармаце.

    Да знешніх абставінаў дадаліся і важныя асабістыя змены ў жыцці каманды. Заснавальніца і дырэктарка фестывалю Воля Чайкоўская паўтара года таму стала мамай, што таксама ўплывае на рэсурс і тэмпарытм працы над праектам:

    «Працаваць над культурнымі праектамі ў выгнанні, шукаць фінансаванне і планаваць будучыню становіцца ўсё складаней. Да гэтага дадалася і сітуацыя з бяспекай беларускай аўдыторыі. Ёсць і асабістая прычына: паўтара года таму я стала мамай, і гэта праца — мацярынства — цяпер займае значную частку маіх сіл. Гэта мая найважнейшая валанцёрская праца зараз, таму іншыя праекты часова адышлі ў цень», — тлумачыць Воля Чайкоўская.

    Аднак, нягледзячы на скарочаны фармат, дырэктарка фэсту рада, што «Паўночнае ззянне» захавае сваю традыцыю і сустрэнецца з гледачамі хаця б у міні-фармаце, каб працягваць адкрываць кіно Паўночных і Балтыйскіх краін ды ствараць прастору для свабоднага дыялогу.

    Што чакае наведвальнікаў?

    У межах «Ззя week­end» пакажуць адборныя фестывальныя стужкі. Падрабязнасці пра расклад і квіткі каманда абяцае агучыць ужо хутка на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Дапамагчы адбыцца фестывалю можна таксама з дапамогай данатаў.

    Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» (North­ern Lights Film Fes­ti­val) заснаваны ў 2015 годзе беларускай прадзюсаркай і рэжысёркай Воляй Чайкоўскай. Фэст шмат гадоў з’яўляецца адной з галоўных кінападзей для беларусаў, знаёмячы аўдыторыю з актуальным мастацкім і дакументальным кіно Паўночнай Еўропы, Балтыі, а таксама з працамі беларускіх незалежных кінематаграфістаў.

    Пасля падзей 2020 года фестываль быў прымушаны перанесці сваю асноўную дзейнасць у выгнанне і ладзіўся ў гібрыдным ды анлайн-фарматах, а таксама на пляцоўках у Вільні, Таліне і Варшаве. У 2026 годзе рэжымам у Беларусі сайт і рэсурсы фестывалю былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а сам фестываль — «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.