• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Матэрыялы «Рэгіянальнай газеты» пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі» і ў сацсетках

    Міністэрства інфармацыі занесла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» кантэнт недзяржаўнага выдання «Рэгіянальная газета», размешчаны ў адной з сацыяльных сетак. Актыўнасць кантралёраў «супала» з крымінальным пераследам кіраўніцтва папулярнага медыя.  

    Як удакладняецца на сайце ведамства, якое па факту ператварылася ў рэпрэсіўны орган датычна незалежных медыя і журналістаў, «інфармацыйная прадукцыя ў сацсетцы «ВКонтакте» з назвай «Рэгіянальная газета — RH.BY» (ідэнтыфікатар https://vk.com/rh_hazeta) прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    Удакладняецца, што адпаведнае рашэнне прыняў суд Маладзечанскага  раёну Мінскай вобласці 21 сакавіка. Пры гэтым традыцыйна не ўзгадваецца, якая інстанцыя выступіла ініцыятарам такога разгляду. Толькі канстатацыя: падлягае неадкладнаму выкананню ў адпаведнасці з артыкулам 314 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу.

    Сёлета 20 студзеня той жа суд ужо прызнаў «экстрэмісцкім» афіцыйны  сайт «Рэгіянальнай газеты» і карпаратыўны тэлеграм-канал, а цяпер, выглядае, вырашылі ўзяцца за рэдакцыйны кантэнт у сацыяльных сетках.

    Чарговы «прыліў» цікавасці да выдання супаў з пераследам журналістаў у рэгіёнах. 15 сакавіка сілавікі зладзілі ператрусы ў журналістаў па ўсёй краіне, наведаліся ў Вілейцы і да галоўнага рэдактара, заснавальніка  «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча. Спачатку яго змясцілі ў ІЧУ Маладзечна, а пасля 72 гадзін папярэдняга ўтрымання перавялі ў следчую турму №8  Жодзіна. 

    Гэта азначае, што супраць медыяменеджэра завялі крымінальную справу, аднак сутнасць прэтэнзій дакладна невядомая — з адваката ўзятая падпіска аб неразгалошванні. 

    Аляксандр Манцэвіч – адзін з «ветэранаў» беларускай незалежнай журналістыкі. Яму 64 гады, ён пераможца прафесійных конкурсаў і лаўрэат прэмій за высокія стандарты працы. Рэдакцыя неаднаразова прызнавалася прыкладам сістэмнага падыходу да арганізацыі журналісцкага працэсу.  

    Заснаваная Аляксандрам Манцэвічам у 1995 годзе «Рэгіянальная газета» была вядучым незалежным грамадска-палітычным СМІ, якое асвятляла падзеі ў Маладзечанскім, Вілейскім, Мядзельскім, Валожынскім, Смаргонскім, Ашмянскім і Астравецкім раёнах.

    Ад 2021 году, калі «праваахоўнікі» атрымалі карт-бланш на расправу з іншадумствам, выданне трапіла ў прыцэл увагі разнастайных кантралёраў. У рэдакцыі перманентна адбываліся ператрусы, канфіскоўвалі тэхніку, а супрацоўнікаў прымушалі даваць падпіскі аб неразгалошванні «таямніцы следства». У той жа час газета спыніла выходзіць на паперы – пасля 25 гадоў стабільнай дзейнасці. 

    Як паведамляла Беларуская асацыяцыя журналістаў, 15 сакавіка гэтаксама прайшоў ператрус у рэдакцыі незалежнага выдання «Інфа-Кур’ер» у Слуцку. Тады сілавікі затрымалі галоўнага рэдактара газеты Сяргея Станкевіча і яго намесніка Алега Рубчэню

    Праз дзень абодвух асудзілі на 15 дзён арышту кожнага нібыта за «непадпарадкаванне пры затрыманні». Журналістаў пад пагрозай «наступстваў» прымусілі маўчаць пра мэты візіту. На гэты момант праца рэдакцыі фактычна паралізавана.    

    Чытайце яшчэ:

    Мужчина, которого приняли за «тихаря» на День Воли в Вильнюсе, оказался литовским журналистом. В BYPOL извинились

    Журналістка MOST прабегла Варшаўскі паўмарафон у падтрымку беларускіх медыйшчыкаў у зняволенні

    Асуджанага відэааператара Івана Мураўёва этапавалі ў бабруйскую калонію

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці