• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сайт і сацыяльныя сеткі інфарэсурсу “The Village Беларусь” прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”

    Заснавальнікам папулярнага онлайн-выдання выступае культурніцкі менеджар і былы палітычны вязень Аляксандр Васілевіч. 

    Як вынікае з паведамлення на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі, дзе акумулююцца справаздачы пра змаганне з “нелаяльнымі” да рэжыму медыя і “шкоднымі” акаўнтамі ў сацсетках, адпаведнае рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска 12 снежня. 

    “Калі вы прапусцілі, то наш сайт і ўсе сацсеткі прызналі “экстрэмісцкімі”. Нам гэта не падабаецца, але вы на ўсялякі можаце нас павіншаваць — калі, канечне, захочаце”, — знайшла сілы паіранізаваць у Twit­ter з гэтай сумнай нагоды каманда рэдакцыі. 

    Адметна, што прэтэнзіі да журналістаў офісу агучваюць не толькі ў Беларусі, а і ў Расіі. Так, 15 мая нагляднае ведамства “Роскомнадзор” пасля заявы тамтэйшай Генпракуратуры абмежавала доступ да беларускага сайта. Высунутае патрабаванне — выдаліць тэкст «Што не так з афіцыйнай расійскай версіяй абстрэлу вакзала ў Краматорску, дзе загінулі 50 чалавек», у якім аўтары разабралі фэйкі крамлёўскай прапаганды ў апраўданні забойства мірных грамадзян. За гэта атрымалі абвінавачанне, што “пад выглядам дакладных паведамленняў наўмысна распаўсюджваюцца ілжывыя звесткі пра акты тэрарызму». Беларусы, у сваю чаргу, лічаць, што паколькі ніяк не падкантрольныя Маскве, то і не абавязаныя рэагаваць на прыхамаці “крыўдлівых самапрызначаных кантралёраў”.   

    “The Vil­lage Беларусь” пазіцыянуе сябе пляцоўкай, дзе можна адшукаць апошнія навіны свайго горада, бізнесу, стылю і забаўляльнай індустрыі. Праблемы ў калектыва пачаліся напрыканцы жніўня 2020 года, калі ў офіс рэкламнай кампаніі Vondel/Hepta, у структурным падпарадкаванні якой знаходзяцца папулярныя медыяпраекты The Vil­lage і KYKY, уварваліся з ператрусам сілавікі. Аляксандра Васілевіча забралі на допыт, адкуль ён ужо не вярнуўся. Следам без тлумачэння прычыны былі заблакаваныя інтэрнэт-старонкі the-village.me і kyky.org.

    Аляксандр Васілевіч трапіў у прыцэл да спецслужбаў яшчэ ў чэрвені 2020-га, калі прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання прэтэндэнту на прэзідэнцкую пасаду Віктару Бабарыку. Тады яго арыштавалі на 14 сутак нібыта за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». А неўзабаве пасля вызвалення Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю прад’явіў бізнесмену абвінавачанне ў “эканамічных злачынствах” паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса — “ухіленне ад выплаты падаткаў”.

    У якасці падазраванай па крымінальнай справе таксама праходзіла яго жонка Надзея Зелянкова. За час зняволення ў сужэнцаў нарадзілася дачка Уршуля. У мэтах бяспекі жанчына з немаўлём пакінула краіну. 

    Сёлета 24 студзеня ў судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся працэс. Яго адразу зрабілі закрытым «у інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншых таямніц, якія ахоўваюцца законам». А меней чым праз два тыдні суддзя Марына Фёдарава прысудзіла фігуранту 3 гады калоніі агульнага рэжыму. У сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці Аляксандра Васілевіча вызвалілі ў судовай зале. Праз нейкі час ён выехаў з Беларусі і далучыўся да жонкі і дзіцяці. 

    Паводле афіцыйных звестак беларускіх уладаў, пачынаючы ад 2015 года ў краіне заблакавана больш за 8 тысяч інтэрнэт-рэсурсаў і іх складовых частак. Самым “плённым” у змаганні з іншадумствам стаў 2022 год, цягам якога ў шэрагі забароненых трапілі звыш 3 тысяч сайтаў ды іншых пляцовак.

    Згодна са справаздачамі Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржаўнай бяспекі, за 2021—2022 гады суды прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” 778 тэлеграм-каналаў ды іншых рэсурсаў, яшчэ больш за 300 сталі “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Любое тыражаванне такіх “крамольных” суполак пагражае адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасцю.

    Гэтаксама ўлады адрапартавалі, што ўдалося “цалкам спыніць” дзейнасць прыкладна паўтары сотні тэлеграм-каналаў і чатаў.

    Чытайце яшчэ:

    Памёр тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў. Яму было 39 гадоў

    «Падпарадкавацца гэтаму страху — значыць, прайграць». Апошняе інтэрв’ю Аляксея Стрэльнікава

    Што рабіць экстрэмістам з пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. І без яго

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці