1062

Сайт MOST, а таксама ўсе праекты і сацсеткі журналіста Руслана Кулевіча прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

18.05.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Інфармацыйны партал MOST і яго старонкі ў сацсетках, а таксама іншыя праекты і асабістыя акаўнты ў сацсетках гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне 17 траўня 2023 года прыняло Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Часткамі экстрэмісцкага фармавання МУС пералічвае, усё што звязана з інтэрнэт-выданнем MOST:

  • Telegram-канал

  • Telegram-чат MOST Chat

  • Telegram-бот MOST Bot

  • Суполка ў «Одноклассники»

  • Старонка ў Instagram

  • Старонка ў Facebook

  • Старонка ў «ВКонтакте»

  • Старонка ў Twitter

  • Cтаронка ў TikTok

  • Лагатып MOST Media

Усё асабістыя акаўнты Руслана Кулевіча ў сацыяльных сетках і месенджарах: Telegram, Instagram, Facebook, «ВКонтакте», «Одноклассники». Іншыя праекты журналіста: You-Tube каналы «Мы вернёмся» і «Беларусы могут», старонку «Новости Гродно І Grodno news» у «ВКонтакте».

«MOST заўсёды працаваў адкрыта. Да нас у рэдакцыю можа зайсці кожны чытач. Такая смеласць не можа не раздражняць дыктатарскі рэжым, які ўсе гады свайго існавання імкнецца застрашыць і знішчыць любое праяўленне свабоды і салідарнасці. Для нас нічога не змянілася, мы працуем далей і будуем MOST, які прывядзе нас да дэмакратычнай Беларусі», — так пракаментавала рэдакцыя навіну аб далучэнні да ліку экстрэмісцкіх фармаванняў.

Руслан Кулевіч — «экстрэміст» са стажам. Яго старонкі ў сацсетках прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў студзені 2023 года. Прадукцыю і сацсеткі інтэрнэт-рэсурсу MOST прызнавалі экстрэмісцкімі матэрыяламі нават двойчы: у траўні 2022 года адпаведнае рашэнне вынес суд Ленінскага раёна г. Гродна, у красавіку 2023 года — суд Крупскага раёна Мінскай вобласці.

MOST пазіцыянуе сябе як рэгіянальнае медыя ў Беластоку для беларусаў па абодва бакі мяжы. Рэдакцыя MOST — каманда беларускіх журналістаў у вымушанай эміграцыі пад кіраўніцтвам Руслана Кулевіча. Сярод іншага сайт распавядае пра навіны і падзеі Беластока, Гродна, Беларусі і Польшчы; пра  жыццё беларуска-польскага памежжа: людзей, гісторыю, культуру, турызм і бізнес; пра падзеі на мяжы. «Наша місія — аб’яднаць беларусаў Беластока, заставацца інфармацыйным мостам паміж Беларуссю і Польшчай» — гаворыцца на старонцы сайта.

У апошнія два тыдні ў Гродне сілавікі затрымліваюць дзясяткі чалавек за падпіскі на старонкі і асабістыя акаўнты людзей, якіх МУС раней назвала экстрэмісцкімі матэрыяламі. За падпіску ж на старонкі «экстрэмісцкіх фармаванняў» людзям у Беларусі пагражае ўжо не адміністрацыйная, а крымінальная адказнасць.

Чытайце яшчэ:

Рашэннем суда знішчылі 25 кніг журналіста Дзяніса Івашына. Якія?

Экспрэс-фактчэкінг. Як заўважыць фэйк і спыніць маніпуляцыю?

Выйшла новае відэа Пасольства Германіі ў Мінску. Гэтым разам — на тэму свабоды прэсы

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!