• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тэлеграм-канал выдання “Новы Час” прызнаны “экстрэмісцкім”

    Тэлеграм-канал незалежнага выдання "Новы Час" уключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта вынікае з паведамлення на сайце Міністэрства інфармацыі, дзе сістэматызуюцца звесткі такога кшталту.  
     

    У тлумачэнні кантрольнага ведамства ўдакладняецца, што на падставе пазову Міністэрства ўнутраных спраў адпаведнае рашэнне 17 студзеня прыняў суд Ленінскага раёна Мінска, яно падлягае “неадкладнаму выкананню ў адпаведнасці з артыкулам 314 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса”.

    Пры гэтым асноўны сайт выдання “Новы Час”, як адзначылі ў рэдакцыі, застаецца “неэкстрэмісцкім”. 

    Пералік друкаваных, кніжных, аўдыя- і відэаматэрыялаў, а таксама інфармацыйнай прадукцыі ў інтэрнэце, чый кантэнт прызнаны “экстрэмісцкім”, на сайте Мінінфарма ўпэўнена набліжаецца да 500‑й старонкі. З улікам, што на кожнай змяшчаецца прыкладна пра тры найменні адрасатаў, агульная колькасць фігурантаў “чорнага спісу” неўзабаве зафіксуецца на адзнацы 1500. Распаўсюд зместу з рэсурсаў, на якія накладзены судовыя рашэнні, караецца ў адпаведнасці з арт. 19.11 КаАП. 

    Гэта не лічачы “экстрэмісцкіх фармаванняў”, складаннем якіх займаюцца сілавыя структуры — МУС і Камітэт дзяржбяспекі. За апошні год іх колькасць ужо вымяраецца дзясяткамі, а любое тыражаванне, не кажучы пра саўдзел у працы, цягне крымінальную адказнасць.  

    Што да газеты “Новы Час”, то да сярэдзіны 2021 года яна заставалася адзіным незалежным выданнем, якое яшчэ выходзіла ў друкаваным выглядзе — большасць страцілі такую магчымасць падчас асвятлення паслявыбарчых пратэстаў-2020.  

    Аднак неўзабаве дзяржанае прадпрыемства РУП “Белпошта” ў аднабаковым парадку разарвала дамову з рэдакцыяй, пасля чаго з газетай адмовіліся працаваць як дзяржаўныя, так і камерцыйныя друкарні. У выніку выданне сышло ў інтэрнэт, працягваючы ўздымаць надзённыя тэмы.   

    А ўжо 20 кастрычніка 2021 года вольніца скончылася: у мінскі офіс заявіліся сілавікі, учынілі ператрус і адабралі тэхніку. Галоўную рэдактарку Аксану Колб і некаторых журналістаў забралі на допыт. Пасля гэтага супрацоўнікаў адпусцілі, але, як аказалася, гэта была толькі падрыхтоўка да новай атакі. 

    Спачатку Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт “Новага Часу” на тэрыторыі Беларусі, а 20 красавіка 2022-га Аксану Колб зноў затрымалі і прад’явілі абвінавачанне за ўдзел у масавых акцыях паводле “народнага артыкула” 342 Крымінальнага кодэкса. 

    Два месяцы яе пратрымалі ў сталічным СІЗА №1, а на пачатку чэрвеня суддзя Цэнтральнага суда Мінска Дзмітрый Карсюк пакараў Аксану Колб  2,5 гадамі абмежавання волі  з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу  так званая “хімія”). Не спакушаючы лёс, праз некаторы час журналістка з’ехала з Беларусі. Ужо пасля гэтага Міністэрства ўнутраных спраў уключыла былую палітзняволеную ў пералік асобаў, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”. 

    На пачатку студзеня 2023 года Аксана Колб стала лаўрэаткай прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год у намінацыі “Журналіст/журналістка года”.

    Летась у сакавіку газета “Новы Час” адзначыла 20-гадовы юбілей. Шматгадовым рэдактарам выдання быў палітолаг, гісторык, публіцыст  Аляксей Кароль, які ў 2015‑м памёр у выніку цяжкай хваробы. Ад таго моманту рэдакцыяй кіруе Аксана Колб.

    Чытайце яшчэ:

    Асуджаны па “спецвытворчасці” журналіст Дзмітрый Навоша: “Рэпрэсіі — гэта адзінае, што ў лукашыстаў атрымліваецца”

    «За 15 год не атрымаў ніводнага ўказаньня ад польскага МЗС». Вялікая размова з намесьнікам дырэктара «Белсату» Аляксеем Дзікавіцкім

    У Брэсце затрымалі блогера Дзмітрыя Гарбунова

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці