• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Трымаемся праўды, трымаемся разам!» З Вільні стартаваў марафон салідарнасці са зняволенымі калегамі

    Трыццаць тры імёны, трыццаць тры журналісты за кратамі, трыццаць тры партрэты ў цэнтры Вільні… Гэта лічба сёння, у Сусветны дзень свабоды прэсы, успрымаецца асабліва драматычна.

    Каб прыцягнуць увагу да сітуацыі з медыя ў Беларусі, беларускія і літоўскія журналісты правялі акцыю салідарнасці і запусцілі цэлы марафон салідарнасці, які пройдзе ў многіх краінах свету. 

    Спатрэбіліся трыццаць тры пары рук

    — Трымаемся праўды, трымаемся разам! — неўзабаве гэтыя словы сталі для беларускіх журналістаў праявай свабоды, салідарнасці і прафесійнай упартасці: насуперак рэжыму працягваць працу.

    Вельмі натуральна, што слоган на беларускай і літоўскай мовах прагучаў каля помніку «Першыя ластаўкі», які сімвалізуе прагу да свабоды. З далоні жанчыны, нарэшце дачакаўшыся волі, павольна ўздымаюцца птушкі.

    Гэтага адчування цяпер бракуе Беларусі. За апошнія некалькі гадоў журналістыка ў нашай краіне стала адной з самых небяспечных прафесій. Адбылася яе канчатковая крыміналізацыя.

    У індэксе свабоды прэсы-2023, апублікаваным «Рэпарцёрамі без межаў» (RSF), Беларусь знаходзіцца на 157‑м месцы з 180 краін. Для параўнання: суседняя Літва ў гэтым рэйтынгу — на 7‑м.

    Хаця разрыў здаецца вялічэзным, беларускія і літоўскія журналісты сабраліся разам, каб узяць партрэты Марыны Золатавай, Андрэя Пачобута, Андрэя Скурко і іншых журналістаў.  Спатрэбіліся трыццаць тры пары рук, каб адлюстраваць, якія выпрабаванні прыйшліся на долю калегаў.

    — Сэнс Сусветнага дню свабоды прэсы — нагадваць уладзе пра абавязак выконваць правы чалавека і перш за ўсё — свабоду выказвання, — адзначыў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. — Фотаздымкі, што мы трымаем у руках, — сведчанне таго, як цяпер ставяцца да свабоды выказвання ў Беларусі.

    Ён заклікаў прадстаўнікоў медыя ў іншых краінах падтрымаць акцыю салідарнасці і пераняць эстафету.

    «Спадзяюся, аднойчы сусветныя рэйтынгі свабоды прэсы засведчаць, што журналісты могуць спакойна рабіць сваю працу»

    На жаль, у Беларусі ненармальнасць стала нармальнай, і ў медыясферы гэта адчуваецца бадай найбольш пранізліва. Цяпер у месцах зняволення знаходзяцца 33 прадстаўніка медыя.

    Але ж год таму ў турмах было 24 журналісты. І гэта з улікам таго, што апошнім часам некаторыя нашы калегі былі вызваленыя.

    — Ваш слоган, што журналістыка — не злачынства, асабліва актуальны цяпер, — падкрэсліў кіраўнік Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус. — Гэта важны мэсэдж для ўсёй еўрапейскай супольнасці журналістаў, і я рады, што мы запускаем марафон салідарнасці менавіта ў Вільні.

    Ён выказаў спадзяванне: аднойчы сусветныя рэйтынгі свабоды прэсы засведчаць, что журналісты могуць спакойна рабіць сваю працу.

    Пакуль жа намаганнямі рэжыму Беларусь застаецца чорнай плямай на мапе свабоды прэсы Еўропы, і найбольш яскравае сведчанне — колькасць партрэтаў у руках удзельнікаў акцыі салідарнасці.

    Асабліва цяжка прыйшлося рэгіянальным СМІ

    З мінулага года рэпрэсіі яшчэ больш разлютаваліся. А незалежныя медыя застаюцца мішэнню для карных органаў.

    — Сёння ў Мінску журналіст можа быць асуджаны на тэрмін да чатырох гадоў пазбаўлення волі проста за датычнасць да прафесіі, — адзначыў намеснік кіраўніка БАЖ Барыс Гарэцкі. — Калі гэта рэдактар, адміністратар ці другая прыкметная фігура ў медыяпрасторы, то ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Такія прысуды агучваюцца ў судах апошнім часам.

    Асабліва цяжка прыйшлося рэгіянальным СМІ. Літаральна на днях прызнаны экстрэмісцкімі сайт і сацсеткі самага папулярнага баранавіцкага выдання «Інтэкс-прэс».

    На пачатку красавіка слуцкае выданне «Інфа-Кур’ер» абвясціла пра закрыццё пасля прызнання ўсіх тэкстаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Напярэдадні ў рэдакцыі прайшоў ператрус. Галоўны рэдактар Сяргей Станкевіч і яго намеснік Алег Рубчэня былі затрыманыя. Ім прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

    У сярэдзіне сакавіка ў Вілейцы ў доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча прайшоў ператрус, яго затрымалі. Яго абвінавачваюць у «распаўсюджванні заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».

    — Улада набірае ўсё новых і новых закладнікаў на месца вызваленых, — лічыць Барыс Гарэцкі. — Гэта людзі, якія рыхтавалі журналісцкія матэрыялы, і вельмі часта ва ўладзе нават няма прэтэнзій да канкрэтнага тэксту або сюжэту. А рэпарцёраў судзяць за факт супрацоўніцтва з медыя, якое ўлады прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем.

    Нагадаем, у падтрымку нашых калег БАЖ абвясціла акцыю «Марафон салідарнасці». Як напамін усяму свету пра тое, што ў Беларусі знішчаецца вольнае слова, а журналісты плацяць сваёй свабодай за тое, што чэсна і прафесійна выконвалі сваю працу.

    Заклікаем журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі  свету, вядомых паблічных асобаў далучыцца да акцыі і сваім аўтарытэтам паўплываць на вызваленне беларускіх журналістаў.

    Падтрымаць акцыю салідарнасці БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце!

    Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseThe­Jour­nal­ist, а таксама даслаць нам на адрас baj@baj.by.

    #СвабодуЖурналістам
    #BecauseThe­Jour­nal­ist

    Чытайце яшчэ:

    Апублікаваны індэкс свабоды прэсы-2023: Беларусь апусцілася на чатыры пазіцыі

    «Я застаюся, каб тым, хто зараз за кратамі, і тым, хто быў вымушаны з’ехаць, было куды вяртацца»: погляд журналістаў знутры краіны

    Улады імкнуцца знішчыць незалежную журналістыку ў Беларусі. Зварот БАЖ

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці