665

Заява аб прызнанні Аляксандра Манцэвіча палітычным зняволеным

06.04.2023 Крыніца: БАЖ

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі.

15 сакавіка 2023 года адбыўся ператрус у доме журналіста Аляксандра Манцэвіча ў Вілейцы, пасля якога ён быў затрыманы і дастаўлены ў Маладзечанскі ІЧУ.

27 сакавіка стала вядома, што Аляксандра Манцэвіча перавялі ў Жодзінскае СІЗА. Пасля Следчы камітэт заявіў, што Манцэвічу інкрымінаваны арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы Манцэвіч, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнет-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады.

«У артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне ўрону нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаванне ілжывых уяўленняў аб невыкананні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».

Аляксандр Манцэвіч – галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і рэгіёна. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.

Улетку 2021 года праваахоўныя органы ўжо прыходзілі з ператрусам у памяшканне рэдакцыі і ў дом галоўнага рэдактара.

Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што дзеянні ў дачыненні да Аляксандра Манцэвіча з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Аляксандра Манцэвіча  з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару яго публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Аляксандра Манцэвіча  палітычным зняволеным і патрабуем:

• неадкладнага вызвалення Аляксандра Манцэвіча і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу;

• адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструмента ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;

• неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

 

Беларуская асацыяцыя журналістаў,

Праваабарончы цэнтр "Вясна",

Lawtrend,

Беларускі ПЭН,

Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!