Журналіст партала tut.by Павел Дабравольскі, збіты падчас судовага працэсу па "справе графіцістаў", падаў у Мінскі гарадскі суд скаргу на рашэнне суда Фрунзенскага раёна сталіцы, які аштрафаваў яго на 9,45 млн. рублёў. "Учора мы з юрыстамі падрыхтавалі абскарджанне, і сёння я адвёз яго ў Мінскі гарадскі суд", — паведаміў Дабравольскі БелаПАН 4 лютага.
Напярэдадні журналіст атрымаў матывавальную частку рашэння, згодна з якім суд аштрафаваў яго за дробнае хуліганства, у прыватнасці нецэнзурную лаянку, і непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы. У дакуменце фігуруюць паказанні сведак — супрацоўнікаў АМАП, якія заявілі ў судзе, што Дабравольскі на іх "навальваўся ззаду, хапаў за каўнер і цягнуў назад".
Гэтыя паказанні, паводле слоў журналіста, "самая вялікая нестыкоўка ў справе". З іх вынікае, што абвінавачваны здолеў адной рукой утрымаць адразу двух міліцыянераў. "Гэта значыць, адной рукой я здымаў відэа, а другой — схапіў за каўнер і пацягнуў на сябе адразу двух амапаўцаў", — растлумачыў Дабравольскі.
"Гэта абсурднае абвінавачанне, і я не разумею, як суд мог так лёгка выпісаць штраф. Яна (суддзя Марыя Ярохіна. — БелаПАН.) выслухала толькі двух сведкаў-амапаўцаў, хоць у тым пакоі са мной былі Павел Сяргей і Максім Шыцік, якія ўсё непасрэдна бачылі. Іх, вядома ж, не апытвалі, апыталі толькі зацікаўлены бок", — сказаў журналіст. Ён разлічвае на тое, што выяўленыя недакладнасці дапамогуць яму абараніць сваю праўду ў Мінгарсудзе.
Нагадаем, 25 студзеня ў пачатку судовага пасяджэння па "справе графіцістаў" Павел Сяргей і Максім Шыцік разгарнулі расцяжку з надпісам "Не палітычным пераследам". Пры гэтым актывісты крычалі: "Мастацтва не злачынства!" Іх насільна вывелі з залы суда. Разам з імі быў затрыманы Павел Дабравольскі. Адразу пасля затрымання ўсіх траіх збілі ў суседнім пакоі, пасля чаго даставілі ў РУУС, склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, а затым прыгаварылі да штрафаў у тым жа судзе Фрунзенскага раёна па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і арт. 23.34 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы) КоАП.
Увечары 25 студзеня Дабравольскі і Шыцік напісалі заяву ў міліцыю на дзеянні супрацоўнікаў АМАП, а на наступны дзень знялі пабоі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. 26 студзеня аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС апублікаваў каментар, згодна з якім Павел Дабравольскі "перашкаджаў законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі" і не рэагаваў на іх заўвагі.
1 лютага ў Міністэрства інфармацыі і Генеральную пракуратуру былі перададзены звароты, падпісаныя 182 журналістамі, з патрабаваннем выказаць сваю пазіцыю з нагоды збівання Дабравольскага. Калегі журналіста таксама накіравалі некалькі дзясяткаў такіх зваротаў у МУС, ГУУС Мінгарвыканкама і Вярхоўны суд. У гэтых зваротах, якія адпраўляліся як у электронным, так і ў пісьмовым выглядзе, журналісты просяць дзяржорганы ўстанавіць асобы вінаватых у нападзе супрацоўнікаў міліцыі і прыцягнуць іх да адказнасці.
Следчы камітэт праводзіць праверку па скарзе Дабравольскага на дзеянні міліцыянераў.
Максім Шыцік і Павел Сяргей таксама накіравалі касацыйныя скаргі на пастановы суда Фрунзенскага раёна Мінска аб прыцягненні іх да адміністрацыйнай адказнасці.