• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзевяць крокаў Уладзіміра Лапцэвіча

    “Вельмі важна паставіць сябе так, каб чыноўнікі разумелі – з табой неабходна лічыцца”, – кажа магілёўскі карэспандэнт БелаПАН, сябра ГА “БАЖ” Уладзімір Лапцэвіч.

    З мінулай восені ён паслядоўна дамагаецца допуску на пасяджэнні Магілёўскага аблсавета дэпутатаў і прынцыпова не дае спуску чыноўнікам за кожнае дробнае парушэнне. Днямі журналіст атрымаў з аблсавета адказ, які дае пэўныя спадзевы на лепшае. Старшыня прапануе Уладзіміру Лапцэвічу загадзя інфармаваць апарат аблсавета пра планаванае наведванне яго мерапрыемстваў і ўжо другі раз за апошнія месяцы выказвае спадзеў на “канструктыўны характар супрацоўніцтва”. 

    Як усё пачалося

    Спачатку ў кастрычніку, а потым у лістападзе 2014 г. Уладзіміра Лапцэвіча не дапусцілі ў залу пасяджэнняў Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, працу якога ён раней бесперашкодна асвятляў. Галоўны спецыяліст аблсавета Яўген Нальгачоў сказаў, што яго “няма ў спісах запрошаных”.

    Што зрабіў Уладзімір Лапцэвіч (кастрычнік 2014 – май 2015):

    1 крок. Запісаўся на асабісты прыём да старшыні Магілёўскага аблсавета Анатоля Ісачанкі. Той запэўніў журналіста, што ён асабіста нікому не забараняе прысутнічаць на сесіі аблсавета, але існуюць “спісы запрошаных”. Як патрапіць у гэты спіс, старшыня патлумачыць не змог.  

    2 крок. Пасля чарговага нядопуску запатрабаваў кнігу скаргаў і прапановаў, аднак Яўген Нальгачоў не выдаў яе па першым патрабаванні.

    3 крок. З другой спробы атрымаў кнігу і напісаў скаргу на імя старшыні аблсавета. Нальгачову вынеслі афіцыйную заўвагу. 

    4 крок. Падаў скаргу ў Магілёўскі абласны суд на дзеянні службовых асобаў аблсавета. Суд адхіліў скаргу.

    5 крок. Пісьмова звярнуўся да старшыні аблсавета, каб высветліць працэдуру падачы заяўкі наконт прысутнасці на сесіях. А. Ісачанка спаслаўся на рэгламент працы аблсавета, які дазваляе старшыню самому вызначаць колькасны і персанальны склад запрошаных.

    6 крок. Падаў у аблсавет скаргу на тое, што адказ старшыні прыйшоў амаль праз месяц, а не праз 15 дзён (паводле п. 3 арт. 17 закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” пісьмовыя звароты, якія не патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, павінны быць разгледжаныя на працягу 15 дзён). За парушэнне тэрмінаў разгляду галоўнаму спецыялісту аблсавета Нальгачову кіраўніцтва “ўказала на недапушчэнне паўтарэння падобных фактаў”.

    7 крок. Накіраваў скаргу пракурору г. Магілёва М. Вульвачу з просьбай прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці галоўнага спецыяліста аблсавета Нальгачова і старшыню аблсавета Ісачанку за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў. Пракуратура не знайшла падставаў для прыцягнення чыноўнікаў да адказнасці, што супярэчыла сцвярджэнню кіраўніцтва аблсавета, што Нальгачоў нешта парушыў.

    8 крок. Адправіў ліст старшыню аблсавета з просьбай патлумачыць, чаму афіцыйны адказ на ліст журналіста падрыхтаваны з парушэннямі норм справаводства – не пазначана імя выканаўцы, які рыхтаваў адказ. Старшыня прызнаў парушэнне і запэўніў, што заўвагу “прымуць да ўвагі і ўлічаць у працы”, а таксама што абласны Савет дэпутатаў “гатовы да супрацоўніцтва з прадстаўнікамі СМІ ў рамках заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.

    9 крок. Накіраваў ліст на імя Анатоля Ісачанкі з просьбай патлумачыць, ці азначае гэта, што ён можа бесперашкодна наведваць адкрытыя пасяджэнні сесій аблсавета. Адказ прыйшоў праз 15 дзён. У ім гаворыцца, што Магілёўскі аблсавет зацікаўлены ў кантактах з усімі зарэгістраванымі СМІ для асвятлення яго дзейнасці, прапануе У. Лапцэвічу загадзя інфармаваць апарат аблсавета пра планаванае наведванне яго мерпрыемстваў і выказвае спадзеў на “канструктыўны характар супрацоўніцтва”. 

    Прэс-служба ГА “БАЖ” пагутарыла з Уладзімірам Лапцэвічам, распытаўшы яго пра прычыны і мэты яго выключнай прынцыповасці.

    – Справа гэта вельмі падобная на часты сюжэт крымінальных фільмаў – людзі спачатку здзяйсняюць адно злачынства, а потым, каб схаваць сляды першага, робяць усё новыя і новыя незаконныя ўчынкі. Падобна і тут: калі бясчынства чыноўнікаў дасягае пэўнага ўзроўню, яны ўжо не заўважаюць, што парушаюць усё новыя і новыя нарматыўна-прававыя акты. Таму я і хачу праз гэтую гісторыю звярнуць увагу чыноўнікаў і грамадства на гэтыя парушэнні.

    Часам журналісты не хочуць скардзіцца на чыноўнікаў, каб не пагоршыць “напрацаваныя” стасункі – асабліва гэта тычыцца рэгіёнаў. А як было ў Вашым выпадку?

    – У маім выпадку ніякіх асаблівых стасункаў з уладамі не было. Спецыфіка маёй працы такая, што я не раблю нейкіх аналітычных матэрыялаў, а перадаю ў рэдакцыю ў Мінск менавіта інфармацыйныя матэрыялы выключна факталагічнага зместу. Магчыма, некаторым чыноўнікам і не падабаецца тое, што мяне цікавяць розныя бакі грамадскага жыцця Магілёўскай вобласці. Магчыма, нехта думае – калі ты асвятляеш дзейнасць нейкіх апазіцыйных структур, то ўжо не можаш асвятляць нешта “праўладнае”. Мяркую, менавіта з‑за такіх думак у галаве нейкага высокапастаўленага чыноўніка і ўзнікае жаданне перашкодзіць журналісту ў доступе да інфармацыі, а ў гісторыі з Магілёўскім аблсаветам яны проста выявіліся на практыцы. І, думаю, ініцыятыва з нядопускам на пасяджэнні належыць далёка не старшыню гэтага савета, тым больш не галоўнаму спецыялісту, але ахвярамі сталі менавіта яны.

    Калі Вашы высілкі не дадуць плёну – у тым сэнсе, што Вас у выніку ўсё ж не дапусцяць на пасяджэнні аблсавету, – ці шмат страціць інфармацыйнае агенцтва?

    – Мы ўсе цудоўна ведаем, што сёння органы прадстаўнічай улады ў Беларусі вялікай ролі ў грамадскім жыцці краіны не адыгрываюць. Хоць на пасяджэнні савета можна пачуць тыя ці іншыя цікавыя меркаванні, атрымаць з першых вуснаў тыя ці іншыя лічбы… Але ўсё ж гэта – не самая важная інфармацыя, адсутнасць якой кардынальна пагоршыць маю працу. Да таго ж, гісторыя з абласным саветам шмат што дала мне асабіста ў плане дасведчанасці ў стасунках з прадстаўнікамі ўладаў і прававых ведах. Напрыклад, калі раней я не ведаў нейкіх момантаў і не звяртаў увагі на іх парушэнне, то цяпер цудоўна ведаю і звяртаю.

    Звычайна нашы калегі не хочуць траціць шмат высілкаў на змаганне за доступ да інфармацыі. Як правіла, з‑за адсутнасці часу – на перапіску, на суды і г.д. Наўрадці ў Вас часу нашмат больш…

    – Я лічу, што для незалежнага журналіста, які хоча сапраўды аб’ектыўна асвятляць падзеі ў сваім рэгіёне, вельмі важна паставіць сябе так, каб чыноўнікі разумелі: з табой неабходна лічыцца, бо журналіст – гэта таксама ўлада. Тут самае галоўнае – вывучаць і правільна выкарыстоўваць заканадаўства, не паддавацца ўласным эмоцыям і памятаць у якой краіне і ў які час мы жывем.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці