Дзмітрыя Семчанку за кратамі схілялі зняцца ў прапагандысцкім кіно
Пра ціск і правакацыі ў івацэвіцкай калоніі № 22 у дачыненні журналіста і былога тэлевядоўцы з «прэзідэнцкага пулу» Дзмітрыя Семчанкі распавёў «Вясне» былы палітвязень, які пакінуў Беларусь пасля вызвалення.

Дзмітрый Семчанка ў судзе, сакавік 2023 года. Фота: БелТА
Суразмоўца «Вясны» ўзгадаў, што Дзмітрыю Семчанку прапаноўвалі здымацца ў прапагандысцкім фільме.
«Семчанку некалькі разоў пакаталі ў ШІЗА (штрафны ізалятар). Яму неяк «мойку» (лязо) падкінулі. Яму прапаноўвалі даць інтэрв’ю прапагандыстам. Але, наколькі ведаю, прыязджалі і здымалі іншага, у якога сетка турыстычнага бізнесу па Беларусі (гаворка пра Аляксандра Мірскага)».
Да жніўня 2020-га кар’ера Дзмітрыя Семчанкі імкліва ішла ўгару. Ураджэнец Магілёва, ён праз кастынг трапіў на мясцовае тэлебачанне, па-беларуску вёў праграму пра тэхналогіі ў энергетыцы. Семчанку як тэлевядоўца заўважылі і запрасілі ў сталіцу на тэлеканал АНТ. Ён быў лаўрэатам некалькіх прэмій у галіне медыя і пераможцам конкурсу «Тэлевяршыня», кіраваў адмысловай групай журналістаў, якія асвятлялі афіцыйныя падзеі, звязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года вырашыў пакінуць сваю пасаду — звольніўся з дзяржаўнага тэлебачання і далучыўся да тых, хто пратэставаў супраць афіцыйных вынікаў галасавання. Інфармацыя пра гэта з’явілася 13 жніўня 2020 года. Пазней ён апублікаваў у Instagram эмацыйны пост, у якім тлумачыў прычыны свайго ўчынку, згадваючы і беспрэцэдэнтную жорсткасць сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў, і непраўдзівую інфармацыю пра гэта ў дзяржаўных СМІ.
16 жніўня 2020 года Семчанку асудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пратэсным маршы.
Пасля сыходу з АНТ былы тэлежурналіст некаторы час быў беспрацоўным, потым займаўся грамадскімі сувязямі ў фірме «Белагра».
Затрыманне Дзмітрыя Семчанкі
15 верасня 2022 года Дзмітрыя Семчанку затрымалі разам з яго жонкай і прызначылі яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Па сканчэнні гэтага тэрміну на волю ён не выйшаў: мужчыну асудзілі яшчэ на 13 сутак арышту па артыкуле 19.11 КаАП, абвінаваціўшы ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у ягоных сацыяльных сетках.
На праўладных Telegram-каналах паказалі «пакаяльнае» відэа Дзмітрыя Семчанкі, дзе ён кажа, што затрыманы за размяшчэнне ў сацыяльных сетках «допісаў, фотаздымкаў экстрэмісцкага зместу» і каментароў «з распальваннем варожасці да супрацоўнікаў міліцыі». Былыя калегі, каментуючы затрыманне Семчанкі, называлі яго «Іудам» і «здраднікам дзяржавы».

Дзмітрый Семчанка. Фота: сацсеткі
Пакуль Семчанка знаходзіўся пад адміністрацыйным арыштам, на яго завялі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці).
У матэрыялах абвінавачання былі згаданыя тры факты — гэта паведамленні ад 6 верасня 2020 года, 27 і 28 верасня 2021 года, апублікаваныя ў Instagram і аўтаматычна прадубляваныя «ВКонтакте». На этапе следства Семчанка казаў, што мэты распальваць варожасць не пераследаваў, але згадваў прафесійную прыналежнасць асобаў з негатыўнай ацэнкай іх дзейнасці. У прыватнасці, вялося пра прадстаўнікоў унутраных органаў і дзяржаўных уладаў.
29 лістапада 2022 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала былога журналіста палітычным вязнем.
Справу Семчанкі пачалі разглядаць 21 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе. Журналіста прызналі вінаватым паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне варожасці ці варажнечы.
Дзяржаўнае абвінавачанне запатрабавала для яго тры гады зняволення, і менавіта такое пакаранне агучыў 23 сакавіка суддзя Мінскага гарадскога суда Яўген Пісарэвіч.
Суддзя Вярхоўнага суда Аляксей Рыбакоў 23 траўня 2023 года адхіліў апеляцыйную скаргу Дзмітрыя Семчанкі на рашэнне Мінскага гарадскога суда і пакінуў прыгавор у сіле.
МУС Беларусі ўключыў былога журналіста дзяржтэлебачання ў пералік асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці», а КДБ унёс яго у свой «тэрарыстычны» спіс.
Адбываць прысуд Дзмітрыя Семчанку накіравалі ў івацэвіцкую папраўчую калонію № 22, вядомую пад назвай «Воўчыя норы». У папраўчай калоніі Дзмітрый вучыўся на зваршчыка.
