• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь СМІ ў Беларусі No.2 (80) 2025

    СМІ ў Беларусі ў красавіку – чэрвені 2025 года. Спампаваць PDF.

    Электронный бюлетэнь СМІ Ў БЕЛАРУСІ

    У красавіку – чэрвені 2025 года Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала новую хвалю рэпрэсій супраць журналістаў і іх родных у Беларусі, у прыватнасці:

    • працягваўся крымінальны пераслед медыясупрацоўнікаў: былі вынесеныя 2 новыя прысуды журналістам і 2 прысуды блогерам;
    • узмацніўся ціск на незалежных журналістаў унутры краіны, а таксама на сваякоў тых прадстаўнікоў медыя, якія вымушана пакінулі краіну і цяпер працуюць з‑за мяжы, асабліва пацярпелі ад вобшукаў і цкавання ў сродках прапаганды рэгіянальныя медыя, што яшчэ працягвалі працаваць у Беларусі;
    • узмацняліся цэнзурныя абмежаванні ў інфармацыйнай прасторы Беларусі: за пяць месяцаў 2025 года было заблакавана столькі ж інтэрнэт-рэсурсаў, колькі за ўвесь 2024 год (больш за 3150);
    • упершыню была ўжытая блакіроўка доступу ў сацыяльнай сетцы Tik­Tok для карыстальнікаў з Беларусі, якая тычылася акаўнтаў лідараў апазіцыі Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі.

     

    У зняволенні застаюцца 37 медыясупрацоўнікаў. У выніку дыпламатычных намаганняў ЗША быў вызвалены і вывезены з Беларусі былы супрацоўнік «Радыё Свабода» Ігар Карней. 

    Беларускай судовай сістэмай былі вынесеныя 2 прысуды па крымінальных справах журналістам і 2 прысуды блогерам. 

    Працягваўся крымінальны пераслед медыйшчыкаў у завочным парадку

    Былыя супрацоўніцы навінавага партала Tut.by Вольга Лойка і Алена Талкачова 26 красавіка былі ўнесеныя ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Гэта значыць, што завочны прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу, хаця падрабязнасці суда, які распачаўся 4 лютага, дагэтуль невядомыя, паколькі разгляд справы адбываўся ў межах закрытага судовага працэсу. 

    2 мая стваральніка Telegram-канала «Мая краіна Беларусь» блогера Сяргея Бяспалава завочна асудзілі да 18 гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам 42 тысячы рублёў па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (артыкул 357), арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (артыкул 293) і паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (артыкулы 367 і 368). 

    Блогера Антона Матольку, заснавальніка некалькіх Telegram-каналаў, у тым ліку маніторынгавага праекта «Беларускі гаюн», завочна асудзілі да 20 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 84 000 рублёў (прыблізна 24 820 еўра), а таксама канфіскацыі маёмасці. Яго абвінавачвалі паводле 13 крымінальных артыкулаў — сярод іншага ў спробе захопу ўлады, экстрэмізме і здрадзе дзяржаве.

    Былі ўзбуджаныя як найменш 5 крымінальных спраў у дачыненні да журналістаў, двое з якіх узятыя пад варту: журналістка з Полацка Ціна Палынская (а таксама яе старэйшая дачка Маргарыта), і неназваны журналіст — жыхар Брэста, абвінавачаны паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні, пад якім маецца на ўвазе Беларуская асацыяцыя журналістаў).

    У красавіку беларускія сілавікі ўзмацнілі ціск на журналістаў унутры краіны і на сваякоў тых прадстаўнікоў медыя, якія вымушана пакінулі краіну і цяпер працуюць з‑за мяжы. У большасці выпадкаў адбываліся візіты па месцы рэгістрацыі журналістаў-эмігрантаў, у некаторых выпадках яны суправаджаліся вобшукамі на падставе заведзенай крымінальнай справы. За тры месяцы адбыліся не менш за 7 вобшукаў і 4 затрыманні.

    Так, прадстаўнікі сілавых ведамстваў у Гродне наведалі з апытаннем маці журналіста Валерыя Руселіка, у Мінску была апячатаная кватэра фотажурналіста Генадзя Верацінскага.

    На дзяржаўным тэлеканале АНТ 28 траўня выйшаў сюжэт, які прадэманстраваў чарговую хвалю пераследу прыватных медыя — літаральна адзінкавых, якія яшчэ працавалі ў рэгіёнах Беларусі. Гэтым разам прэтэнзіі да рэгіянальных медыя выказваліся ў сувязі з іх легальным супрацоўніцтвам з нямецкай амбасадай. У відэа згадваліся «Вечерний Бобруйск» і яго галоўны рэдактар Валянцін Сысой, бабруйскае анлайн-выданне babruisk.info і яго галоўны рэдактар Анатоль Санаценка (быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту 31 сакавіка), былы галоўны рэдактар газеты «Вольнае Глыбокае» Уладзімір Скрабатун, а таксама горацкая газета «УзГорак». Былі паказаныя фрагменты допытаў супрацоўнікаў гэтых медыя датычна дамоў, заключаных з амбасадай Германіі. Пры гэтым інфармацыйныя рэсурсы некалькі разоў неабгрунтавана называлі «экстрэмісцкімі». 

    Вядоўца YouTube-шоу «Обычное утро» Марына Ментусава сутыкнулася з гендэрным гвалтам у Інтэрнэце. Супрацоўнікі набліжанага да сілавых ведамстваў Telegram-канала апублікавалі фэйкавыя аголеныя фотаздымкі з быццам бы створанага ёй акаўнта на порнасайце Porn­hub. Гэта была спланаваная акцыя: тыя ж выявы даслалі самой журналістцы з незнаёмага акаўнта ў Telegram наўпрост падчас прамога эфіру, заявіўшы, што яна падае дрэнны прыклад сваёй дачцэ. Відавочна, што такія публічныя дзеянні закранаюць спакой і бяспеку незалежных жанчын-журналістак у цэлым. 

    Працягвалася выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для пераследу незалежных медыя і журналістаў

    На 5 павялічыўся лік медыяпраектаў, прызнаных «экстрэмісцкімі фармаваннямі» — гэта «група журналісцкага праекта «БюроМедиа» (Аляксандр Ярашэвіч, Вольга Альхіменка, Аляксей Карпека, Ксенія Вязнікоўцава), незалежная беларуская інтэрнэт-радыёстанцыя «Радыё 97», а таксама YouTube-каналы «ЧестнОК» (блогераў Аляксандра Івуліна і Яраслава Пісарэнкі), «Партызанская хваля», «Жизнь-малина» (вядоўца Мікіта Мелказёраў).

    Асуджаных па крымінальных справах вайсковага аналітыка, блогера Андрэя Паротнікава, журналістку Паліну Піткевіч, блогера Сяргея Бяспалава ўнеслі ў Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Бяспалава да таго ж уключылі ў спіс «тэрарыстаў», які складае КДБ. 

    Міністэрства інфармацыі Беларусі працягвала папаўненне Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод шмат якіх іншых у яго былі ўключаныя кніга «Даведнік беларускага журналіста», выдадзеная ў 1999 годзе, акаўнты ў сацсетках 73-гадовай блогеркі Аляксандры Ханевіч, якая жыве ў вымушанай эміграцыі, Telegram-канал вайсковага аналітыка і блогера з Ізраіля Ігаля Левіна, які ўвогуле не выказваўся адносна падзей у Беларусі.

    Узмацняліся цэнзурныя абмежаванні ў інфармацыйнай прасторы Беларусі

    6 чэрвеня міністр інфармацыі Марат Маркаў на мерапрыемстве пад назвай «Медыя сёння: фокус на праўду» ў Гомелі распавёў, што за пяць месяцаў 2025 года было заблакавана столькі ж анлайн-рэсурсаў, колькі за ўвесь 2024 год (больш за 3150). Гэтаксама, паводле яго слоў, «шкоднымі для нашых дзяцей» былі прызнаныя 110 кніг, і работа з кіраўнікамі маркетплэйсаў і распаўсюднікамі выдавецкай прадукцыі працягваецца. 

    Міністр заявіў, што ў Беларусі зараз ідзе і нават узмацняецца інфармацыйная вайна, таму «на інфармацыйным фронце ў дзяржаўных СМІ павінны быць усе віды зброі і інструментаў».

    У маі Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта прыватнай рэгіянальнай газеты «Вечерний Бобруйск» і вынесла пісьмовае папярэджанне заснавальніку беларускай тэлепраграмы «Первый музыкальный канал» з прычыны невыканання неназваных «патрабаванняў, вызначаных заканадаўствам аб СМІ».

     

    Увагу ўладаў прыцягнула самая папулярная ў Беларусі сацыяльная сетка Tik­Tok, якая належыць кітайскай кампаніі ByteDance. 11 чэрвеня ў Tik­Tok быў заблакаваны доступ для карыстальнікаў з Беларусі да акаўнтаў лідараў апазіцыі Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі — гэта першы падобны выпадак. 

    16 чэрвеня прапагандыст тэлеканала АНТ Ігар Тур, распавядаючы пра тое, як чыноўнікі адгукаліся на крытыку ў сацсетках, заявіў, што цяпер дзяржава будзе рэагаваць на «ныццё» — выяўляць падман і прыцягваць да адказнасці: «Нагнуць дзяржаву скандалам ужо дакладана ні ў кога не атрымаецца». Верагодна, гэта было звязана са шматлікімі відэа, якія набіралі вялікую папулярнасць у Tik­Tok, з крытыкай сацыяльна-эканамічных праблем у Беларусі.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2025 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у 2025 годзе ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! Калегі ў турмах. Спіс зняволеных журналістаў. Спіс медыя, названых «экстрэмісцкімі» арганізацыямі альбо фармаваннямі
    31.12.2025
    Акцэнты

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне распачаць разбіральніцтва наконт сітуацыі вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў на сваім пасяджэнні 14 жніўня разгледзела сітуацыю вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага. З інфармацыяй пра такія абвінавачанні да Праўлення звярнуўся сам Гарэцкі.
    14.08.2025

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне па справе намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    23.12.2025
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.