Эпапея змагання Уладзіміра Лапцэвіча скончылася? У Магілёве суд не задаволіў скаргу журналіста
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 9 студзеня адбыўся разгляд скаргі журналіста Уладзіміра Лапцэвіча. Журналіст прасіў суд адмяніць пастанову старшага следчага ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Ігара Рыбакова ад 20 лістапада 2019 года аб адмове распачаць крымінальную справу ў дачыненні супрацоўніка Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава і работніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянёва.
29 красавіка 2017 года гэтыя службовыя асобы перашкодзілі Уладзіміру Лапцэвічу, які ў той час працаваў какрэспандэнтам інфармагенцтва БелаПАН, выконваць прафесійныя абавязкі — яны забаранілі яму прысутнічаць на сходзе чальцоў гаражнага кааператыва “Спутник-2008”.
Разгледзеўшы скаргу журналіста, суддзя Аксана Ратнікава пастанавіла пакінуць скаргу Лапцэвіча без задавальнення. Пастанова ўступіла ў законную сілу неадкладна пасля яе прыняцця.
Вывучыўшы матэрыялы справы і заслухаўшы выступы Уладзіміра Лапцэвіча і прадстаўніка пракуратуры Дзмітрыя Кузняцова, суддзя Ратнікава прыйшла да высновы, што ў дзеяннях Кісцянёва і Калеснікава адсутнічаў склад злачынства. На думку суддзі, паміж Лапцэвічам і ЗАТ “БелаПАН” адсутнічалі працоўныя адносіны і ён не можа лічыцца журналістам. Хоць Лапцэвіч і лічыўся пазаштатным карэспандэнтам БелаПАН па Магілёве і Магілёўскай вобласці, аднак у штаце агенцтва такая пасада адсутнічае, а сам Лапцэвіч супрацоўнічаў з ЗАТ “БелаПАН” па аўтарскай дамове.
Згодна лісту Міністэрства інфармацыі і тлумачэнняў Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, аўтарская дамова не можа пацвярджаць наяўнасць працоўных адносін. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны адзначыла, што асновай працоўных адносін з’яўляецца працоўная дамова альбо кантракт.
Аксана Ратнікава палічыла, што працоўныя адносіны паміж Лапцэвічам і ЗАТ “БелаПАН” адсутнічалі, таму дзеянні Кісцянёва і Калеснікава не былі скіраваныя на перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста. У сувязі з гэтым у дзеяннях Кісцянёва і Калеснікава адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны арт. 198 КК.
Таксама суд пагадзіўся з высновамі праверкі, што з боку ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Магілёва Сяргея Калеснікава не было перавышэння паўнамоцтваў у дачыненні да Лапцэвіча, а ў яго дзеяннях адсутнічае склад злачынстваў, прадугледжаных ч. 1, 2, 3 арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь.
Суд палічыў абгрунтаванымі высновы старшага следчага Рыбакова і пакінуў скаргу Лапцэвіча без задавальнення.
Неабходна адзначыць, што гэтым разам пракурор Кузняцоў папрасіў суд пакінуць без зменаў пастанову старшага следчага УСК па Магілёўскай вобласці Ігара Рыбакова ад 20 лістапада 2019 года аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні супрацоўніка Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава і работніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянёва, і не задавальняць скаргу журналіста. Падчас папярэдніх разглядаў скаргаў Лапцэвіча ў судзе пракурор лічыў інакш.
Суддзя Ратнікава не прыняла да ўвагі аргументаў Лапцэвіча, што, згодна ч. 7 арт. 1 Закона “Аб СМІ”, журналіст сродку масавай інфармацыі — фізічная асоба, якая займаецца зборам, рэдагаваннем i стварэннем (падрыхтоўкай) iнфармацыйных паведамленняў i (альбо) матэрыялаў для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыi рэдакцыi сродку масавай iнфармацыi, звязаная з гэтай юрыдычнай асобай працоўнымi альбо iншымi дамоўнымі адносінамі”.
Не пераканалі суддзю і сведчанні ЗАТ “БелаПАН”, што працоўныя адносіны з Лапцэвічам пацвярджаюцца аўтарскімі дамовамі, якія заключаліся па факту прадастаўлення інфармацыйных матэрыялаў.
Больш за два з паловай гады Лапцэвіч спрабаваў прыцягнуць да адказнасці чыноўніка і міліцыянта да крымінальнай адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і злоўжыванне ўладай, аднак супрацоўнікі Следчага камітэта ўпарта адмаўляліся распачынаць крымінальную справу. У сваю чаргу гэтыя пастановы следчых адмяняліся альбо судом, альбо кіраўніцтвам Следчага камітэта, бо праверкі праводзіліся няякасна, і скаргі Лапцэвіча зноў накіроўваліся на разгляд у Следчы камітэт.
Журналіст кажа, што і зараз ён не збіраецца апускаць рукі.
“Я абавязкова буду абскарджваць вынесеную суддзёй Ратнікавай пастанову аб адмове ў задавальненні маёй скаргі ў Магілёўскім абласным судзе. Мне дзіўна, чаму суддзя не прыняла да ўвагі палажэнні Закона “Аб СМІ”, дзе наўпрост гаворыцца пра тое, што журналіст можа быць звязаны з рэдакцыяй працоўнымі або iншымi дамоўнымі адносінамі, а рабіла свае высновы, абапіраючыся на выкладзеныя ў лісце меркаванні Мінінфармацыі”, — выказаў сваю пазіцыю Уладзімір Лапцэвіч.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначыў, што ён не можа зразумець логіку дзеянняў судовай улады ў нашай краіне: дзясяткі журналістаў аштрафаваныя паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за незаконны выраб прадукцыі СМІ, і пры гэтым судам не патрабуецца ніякіх доказаў іх працоўных адносін з замежнымі СМІ. Яны прызнаюцца журналістамі замежных СМІ, якія працуюць у Беларусі без акрэдытацыі.
Той жа Уладзімір Лапцэвіч быў пакараны за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ судом Ленінскага раёна Магілёва штрафам за сем публікацый у тыднёвіку беларусаў Польшчы “Ніва”. Тады суддзя Алена Літвіна не прыняла да ўвагі довады Лапцэвіча і даведку з рэдакцыі газеты беларускай меншасці ў Польшчы “Ніва”, што ён не з’яўляюся іх журналістам, а ўсяго толькі піша лісты ў рэдакцыю як пазаштатны аўтар. Суддзя Літвінава прызнала Лапцэвіча журналістам замежнага СМІ, які працуе ў Беларусі без акрэдытацыі.
Доказам існавання працоўных адносін паміж Лапцэвічам і штотыднёвікам “Ніва” магілёўскія міліцыянты палічылі пададзеную журналістам у падатковую інспекцыю дэкларацыю аб даходах за 2016 год.
Чамусьці зараз у тым жа судзе Ленінскага раёна Магілёва не прынятыя да ўвагі сведчанні ЗАТ “БелаПАН”, што працоўныя адносіны з Лапцэвічам пацвярджаюцца аўтарскімі дамовамі.
Уладзімір Лапцэвіч распавёў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”, што 8 студзеня 2020 года ён пабываў на асабістым прыёме ў першага намесніка старшыні Следчага камітэта генерал-маёра юстыцыі Аляксея Волкава. Паводле Лапцэвіча, падчас сустрэчы ён падрабязна распавёў Волкаву пра тое, як яго падначаленыя ўсялякім чынам марудзяць і шукаюць мажлівасці, каб не прыцягваць да адказнасці чыноўніка і міліцыянта, якія перашкаджалі працы журналіста.
“Я адзначыў, што выконваў свае абавязкі ў адпаведнасці з Законам “Аб СМІ”, і ўся мая дзейнасць была ў адпаведнасці з гэтым Законам. Следчы Рыбакоў, замест таго, каб прыцягнуць да адказнасці Кісцянёва і Калеснікава, пачаў высвятляць, ці з’яўляюся я журналістам у разуменні дзеючага беларускага заканадаўства. Не знайшоўшы ніякіх нарматыўных актаў, абапіраючыся на якія можна было б зрабіць выснову, што пазаштатны карэспандэнт не з’яўляецца журналістам СМІ, ён пачаў спасылацца на меркаванні розных органаў”, — пераказаў сутнасць гутаркі Уладзімір Лапцэвіч.
Журналіст асабліва не спадзяецца, што намеснік старшыні Следчага камітэта пачуе яго аргументы і адменіць пастанову следчага Рыбакова аб адмове распачынаць крымінальную справы ў дачыненні Кісцянёва і Калеснікава. У любым выпадку Лапцэвіч мае намер выканаць задачу, якую паставіў перад сабой, — патрапіць на асабісты прыём да старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча.