ЕС адкрыў праграму фінансавай падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі
Пра пачатак Еўрапейскім саюзам праграмы фінансавай падтрымкі пацярпелых ад палітычных рэпрэсій у Беларусі паведаміў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Фота: «Позірк»
Паводле яго слоў, праект будзе дзейнічаць у рамках раней прынятай праграмы EU4Belarus-SALT. Ён распаўсюджваецца на былых палітвязняў, а таксама асоб, якія “падвергліся адміністрацыйнаму або крымінальнаму палітычнаму пераследу”, адзначыў Вячорка.
“Памер падтрымкі — да 10.000 еўра”, — дадаў ён.
“На гэтую суму ў рамках праграмы адна асоба можа атрымаць падтрымку на навучанне і зборы (прафесійная адукацыя, курсы павышэння кваліфікацыі, моўныя курсы, курсы кіроўцаў, сертыфікацыя, настрыфікацыя і экзамены); выдаткі на пераклад дакументаў; пражыванне ў інтэрнаце (для прафесійнай адукацыі да 12 месяцаў); грамадскі транспарт (для вочнага навучання працягласцю не менш за 1 месяц); падпіскі на праграмнае забеспячэнне і лічбавыя платформы, неабходныя для навучання і перападрыхтоўкі”, — напісаў дарадца.
Заяўку на атрыманне падтрымкі можна падаць на сайце праграмы EU4Belarus — SALT.
EU4Belarus-SALT-праграма ЕС, створаная ў 2020 годзе для падтрымкі беларускіх студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій.
